Sky Team. Першае ўражанне

Sky Team. Першае ўражанне

Валер Літвінчук

Дабраўся нарэшце да Sky Team. Нагадаю, што гэта вельмі хайповая навінка, якая нарабіла нямала шуму ў апошнія некалькі месяцаў, прычым што створана яна не ў самым распаўсюджаным жанры - гульня ўяўляе сабой дуэтны, то-бок не дуэльны, кааператыў, дзе адзін гулец у ролі пілота і другі ў якасці ягонага напарніка, павінны разам пасадзіць самалёт нягледзячы на розныя выпрабаванні і, што самае галоўнае, абмежаванні ў камунікацыі. Цікава гучыць, пагадзіцеся?

У гульні даволі простыя правілы, якія можна распавесці літаральна за пяць хвілін. Калі казаць у двух словах, то пілот і другі пілот адначасова кідаюць па чатыры кубікі, але бачуць толькі значэнні на сваіх уласных. На працягу кожнага з сямі раўндаў яны павінны па чарзе выставіць іх ў адпаведныя патрабаванням па колеру ці лічбе клеткі. Акрамя абавязковых ячэек, напрыклад, восяў, якія выраўноўваюць самалёт, і турбін, што патрэбныя для кіравання хуткасцю, ёсць і неабавязковыя - радыёрубка, дзякуючы якой з узлётна-пасадачнай паласы будуць прыбіраць іншыя самалёты, шасі і закрылкі, якія ў любым выпадку павінны быць актываваны да канца гульні, і тормазы, што спатрэбяцца нам толькі на фінальным этапе. Некаторыя клеткі працуюць толькі ў пары, іншыя ж прызначаны выключна для адпаведнага гульца. Штосьці трэба актываваць у строгім парадку, а штосьці як вам захочацца. Ну і галоўная асаблівасць, якая дадае гульне прыемнай складанасці, гэта забарона на абмяркоўванне чаго б там ні было, якая набывае моц адразу пасля кідка кубікаў і цягнецца ажно да апошняга выстаўленага дайсу.

Прыемны факт, шта адна партыя доўжыцца ня больш за паўгадзіны. І гэта нават разам са знаёмствам з дадатковымі модулям і новымі правіламі. А іх тут насамрэч паклалі нямала. У каробке, відавочна, акрамя розных аэрапортаў, можна знайсці і датчык накірунку ветра, які ўплывае на хуткасць самалёта, і шкалу керасіна, узровень якога патрэбна кантраляваць, каб не ўпасці, і карты з адмысловымі ўласцівасцямі. Я нават не ўсё пералічыў - пакіну вам магчымасць пазнаёміцца са схаванымі кампанентамі асабіста. Магчыма, такая колькасць модуляў, звязана з тым, што базавы сцэнар амаль усімі праходзіцца з першага ж разу. Дарэчы, некаторыя гульцы скардзяцца на празмерную лёгкасць першай партыі. У нас таксама атрымалася скончыць дэбютны палёт без аніякіх праблемаў. Таму адразу ж пасля праходжання базавага сцэнара мы вырашылі паглядзець у бок сярэдняга ўзроўня складанасці і абралі варыянт з трыма дадатковымі модулямі. Ня ведаю, як гэта трактаваць, але і ён не здолеў стварыць для нас значных перашкод на шляху да зямлі, хоць і прымусіў рызыкаваць трошкі болей. Няўжо наўпрост з першага ж заходу можна прыглядвацца да чырвонага ўзроўню?

Што тычыцца фінальных думак, то мне Sky Team умерана спадабалася. Я люблю механіку абмежавання камунікацыі і тут яна добра ўплецена ў працэс. Ці стане гэтая гульня маёй любімай? Амаль упэўнены, што не. Хутчэй за ўсё, нават у выніковы топ году не здолее патрапіць. Але ўсё ж гэта без сумневаў добрая настолка, якую хочацца паказваць іншым гульцам. На маю думку ў яе ёсць нямалы шанец заняць ганаровае месца на нечых паліцах. А пакуль ад мяне 7.5/10 балаў.

Report Page