Скончыўся конкурс «ВікіВясна-2019»

Скончыўся конкурс «ВікіВясна-2019»

Вікіпэдыя

31 траўня скончыўся ўжо пяты штогадовы конкурс «ВікіВясна Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы». Прамежкавыя вынікі падведзеныя, пасьля некаторых удакладненьняў стануць вядомыя й вынікі міжнароднага ўзроўню. А мы прывядзем цяпер крыху статыстыкі.

У беларускай Вікіпэдыі створаныя 370 артыкулаў за пэрыяд з 21 сакавіка па 31 траўня. Як заўсёды, паўстае пытаньне: многа гэта ці мала?

З 24 разьдзелаў-удзельнікаў мы роўна пасярэдзіне — на 12 месцы. Можна параўнаць таксама па традыцыі з суседнімі разьдзеламі:

  1. Ва ўкраінскай Вікіпэдыі створаныя 2058 артыкулаў, і гэта першае месца сярод усіх удзельнікаў ВікіВясны.
  2. На другім месцы — польская Вікіпэдыя з 1223 артыкуламі.
  3. Вікіпэдыя латыскай мовай заняла 6 месца з 865 артыкуламі.
  4. У летувіскай Вікіпэдыі створаныя 217 новых артыкулаў да ВікіВясны.
  5. Столькі ж — 217 артыкулаў — дадала і расейская Вікіпэдыя.
  6. Апошняе, 24-е месца, заняў разьдзел Вікіпэдыі афіцыйным правапісам беларускай мовы — там створана ўсяго 4 артыкулы.

Такім чынам, параўноўваючы колькасьць насельніцтва ва Ўкраіне ці Польшчы, а таксама колькасьць носьбітаў мовы, можна лічыць вынікі конкурсу для Беларусі пасьпяховымі. Агулам жа за ВікіВясну зьявіліся 12410 артыкулаў, зь якіх, дарэчы, пра Беларусь іншымі мовамі стварылі 270 артыкулаў (паводле ўмоваў конкурсу пра «сваю» краіну пісаць было нельга — то бок беларускія артыкулы пра Беларусь у конкурсе ня ўлічваюцца).

Трапілі нашыя рэдактары ў сьпіс найлепшых паводле колькасьці створаных артыкулаў: удзельнік Renessaince заняў у ім 6-е месца з 231 артыкулам! Агулам паўдзельнічалі ў міжнародным конкурсе роўна 500 удзельнікаў.

А вось сярод найбольшых паводле памеру артыкулаў найлепшы беларускі артыкул памерам 41 кілябайт і колькасьцю 3000 словаў знаходзіцца на 84-м месцы. Цікава, што ўдзельнік Bulhkin такім чынам апісаў кракаўскі турнір па кампутарнай страляніне Counter-Strike 2017 року. Паглядзім на 10 найбольшых беларускіх артыкулаў ВікіВясны:

  1. PGL 2017 Krakow Major Championship — аўтар Bulhkin
  2. Старшыня Ўраду Расейскай Фэдэрацыі — аўтар Jarash
  3. Украінская кухня — аўтар Renessaince
  4. Банк Альбаніі — аўтар W
  5. Македонскі фронт — аўтар Raviaka Ruslan
  6. Орлен Летува — аўтар W
  7. Копэрскі порт — аўтар W
  8. Міжнародная стандартная клясыфікацыя заняткаў — аўтар W
  9. Сэрбская эпічная народная паэзія — аўтар Bulhkin
  10. Сараеўская біржа — аўтар W

Лідэры ж сьпісу — артыкулы латыскай, сэрбскай, македонскай, вугорскай, турэцкай ды баўгарскай мовамі аб’ёмам ад 100 да 200 кілябайтаў і больш за 12 000 словаў!

Разынка сёлетняга конкурсу — сьпіс вікіпэдыстаў, якія стваралі артыкулы пра ўсе краіны/супольнасьці/мовы (за выняткам сваёй, вядома ж). Сьпіс гэтых удзельнікаў пакуль што налічвае 17 рэдактараў, дадаць туды няўлічаных можна самому. Чакаецца, што яны атрымаюць асобную ўхвалу ад міжнародных арганізатараў. На цяперашні момант беларусаў сярод іх няма.


P. S. Канчатковыя вынікі яшчэ могуць нязначна зьмяніцца, паколькі ў гэтых рэйтынгах улічаныя толькі тыя артыкулы, якія былі пазначаныя адмысловымі шаблёнамі ўдзелу ў ВікіВясьне.


Report Page