Схаваны канструктывізм
Уладзімір СадоўскіКанструктывізму, як архітэктурнаму стылю, у Беларусі не вельмі пашчасціла. Ён занадта позна прыйшоў у краіну і даволі рана трапіў у няміласць з боку палітычных улад. Але нават пабудаваныя аб’екты, якія дажылі да нашага часу, далёка не ўсе змаглі захаваць арыгінальны знешні выгляд. Неабазнаны мінак, які праходзіць міма чарговага дома з калонамі і порцікам, можа нават не падазраваць, што пад ляпнінай і дэкорам хаваецца просты канструктывісцкі аб’ём. Такога схаванага ад вачэй канструктывізма ў Беларусі захавалася даволі шмат.
Канструктывізм з’явіўся на хвалі рэвалюцыйнага пераўладкавання жыцця пасля 1917 года. Знешне просты, але функцыянальны стыль павінны быў сімвалізаваць прагрэс. У той час, калі ў Маскве і Ленінградзе ўжо рэалізоўваліся смелыя праекты архітэктараў-авангардыстаў, у беларускіх гарадах яшчэ аднаўлялі разбураныя Першай сусветнай і Савецка-польскай войнамі жылыя кварталы. Нават у сталічным Мінску новае капітальнае будаўніцтва распачалося толькі ў 1925 годзе, праз чатыры гады пасля падпісання Рыжскай мірнай дамовы. Першыя сапраўды канструктывісцкія будынкі пачалі з’яўляцца ў БССР напрыканцы 1920-х гадоў. Гэта, напрыклад, комплекс Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту ў Мінску, над якімі працавалі архітэктары Лаўроў і Запарожац, ці новы бальнічны корпус у Барысаве. Канструктывісцкае будаўніцтва шырока разгарнулася ў пачатку 1930-х, але ў гэты ж час у савецкім кіраўніцтве раптам змянілася стаўленне да авангарднага стылю. Канструктывісцкая архітэктура аказалася занадта смелай для ўладаў, якія пачалі закручваць гайкі і будаваць таталітарную дзяржаву. У 1934 годзе на змену канструктывізму ў СССР і БССР афіцыйна прыйшоў сацыялістычны рэалізм. Архітэктурнае вальнадумства стала непрымальным, і ўжо ў сярэдзіне 1930-х некаторыя дамы, якія пачыналі будаваць у стылі канструктывізму, падчас узвядзення пераробліваліся пад новыя партыйныя патрабаванні.
Так стала з клубам будаўнікоў у Мінску. Архітэктары Валадзько і Воінаў спраектавалі візуальна просты і функцыянальны будынак без дэкору. Будоўля пачалася ў 1930 годзе, але хутка была замарожана. Да аб’екту вярнуліся ў 1936 і вырашылі значна перапрацаваць зыходны праект – у выніку паўстаў Палац піянераў з яўнымі рысамі неакласіцызму. Ад канструктывізму і следу не засталося. Быў, зрэшты, і адваротны прыклад. Мінскую фабрыку-кухню, спраектаваную і закладзеную ў 1930 годзе, таксама надоўга замарозілі, але калі будоўля аднавілася – праект не сталі мяняць. Фабрыка-кухня адчынілася ў канцы 1930-х і да сёння з’яўляецца адным з самых яскравых прыкладаў беларускага канструктывізма.

Нечуваныя страты панес канструктывізм у гады Другой сусветнай вайны. Вялікая частка рэалізаваных у 1930-я аб’ектаў была зруйнавана бамбаваннямі і артабстрэламі. Не цырымоніліся з ацалелымі будынкамі і пасля вайны – авангардныя дамы не ўпісваліся ў стылістыку пышнай сталінскай архітэктуры, якая пачала паўставаць на попелішчах беларускіх гарадоў. Пасляваенныя архітэктары часта падчас рэканструкцыі будынкаў 1930-х гадоў уносілі ў іх аблічча капітальныя змены. На простыя формы авангарднай архітэктуры дадаваліся элементы неакласічнага дэкору – ляпніна, калоны, пілястры. У выніку канструктывізм аказваўся схаваным за неакласічнай шырмай. Адным з яскравых прыкладаў такой пасляваеннай перабудовы з’яўляецца Палац культуры чыгуначнікаў у Гомелі. Узведзены ў пачатку 1930-х агромністы канструктывісцкі комплекс моцна пацярпеў у вайну і за яго аднаўленне ўзяліся ў першыя ж гады пасля вызвалення. Той палац культуры, які адчыніў свае дзверы ў 1950-я гады, ужо мала нагадваў будынак да якога прыклаў руку знакаміты гомельскі архітэктар Станіслаў Шабунеўскі.

Яшчэ адзін прыклад: будынак, дзе сёння размяшчаецца амбасада Вялікабрытаніі ў Мінску. Да вайны гэта быў дом Белдзяржкіно. Пасляваенная рэканструкцыя да непазнавальнасці змяніла сціплы выгляд канструктывісцкай пабудовы. Той, хто ведае гісторыю гэтага дома можа з цікавасцю пашукаць на пышным сталінскім фасадзе сляды страчанай авангарднай архітэктуры.
