Севярын Квяткоўскі "Каларадская пушча" ("Логвінаў", 2019 г.), 4/5.

Севярын Квяткоўскі "Каларадская пушча" ("Логвінаў", 2019 г.), 4/5.

t.me/bellitra

Новы раман Севярына Квяткоўскага мае стыльную вокладку і шматсэнсоўную для беларусаў назву. Каларадскі — гэта не толькі той, што мае дачыненне да пэўнага віду жукоў. Гэты прыметнік набыў яшчэ адно значэнне ў спалучэнні са словам “стужка”, афарбоўка якой нагадвае колеры аднайменнага жука.

Постапакаліптычную літаратуру я бязмежна люблю і вельмі радуюся кожны раз, калі такі твор з’яўляецца ў беларускай літаратуры (толькі калі гэта не “Ноч” Віці М.) Грошы на выданне кнігі збіраліся праз краўдфандынг.

Акрамя таго, што раман постапакаліптычны, ён яшчэ і сатырычны. Гэта сатыра на існуючы лад жыцця, але сатыра не крыўдная, а даволі вясёлая. Бо вельмі важнае ўменне ў жыцці — гэта ўменне смяяцца з сябе. І бачыць свае недахопы.

Свет у творы паказаны праз 30 гадоў пасля катастрофы: адбыўся Вялікі Выбух, пасля якога прыйшла Вялікая Вада, і ўзровень Сусветнага акіяна падняўся на 199 метраў. Беларусь даволі плоская краіна, у нас няма вялікіх узвышшаў, таму большая частка краіны апынаецца пад вадой. А тое, што засталося на паверхні, выглядае як маленькія выспачкі ці архіпелагі. Даволі чакана, што ў такой сітуацыі наша сталіца не застаецца цэласнай, а дзеліцца на дзве часткі: Менск і Горад-Герой. Паміж імі мяжа і візавы рэжым. Падзел адбыўся даволі натуральна, то-бок ніхто нікога не прымушаў перасяліцца на тую ці іншую тэрыторыю. Працэс падзелу адбыўся даволі арганічна паводле адрозненняў у культурным кодзе і менталітэце людзей. Акрамя гэтага на тэрыторыі Беларусі засталіся і іншыя выспы, больш аддаленыя, з якіх складана дабірацца да сталіцы.

Дарэчы, сам аўтар падкрэсліў, што новая геаграфія ў ягоным творы даволі рэалістычная, бо ён праз спецыяльны анлайн-сервіс глядзеў, як тэрыторыя нашай краіны будзе выглядаць пры пэўным узроўні вады.

Большая частка падзей у творы адбываецца ў маіх родных і любімых раёнах: Серабранка, Чыжоўка, Аўтаз і г.д. І калі герой стаіць на мосце над Партызанскім праспектам, я магу ў думках перанесціся туды і ярка сабе гэта ўявіць, бо складана падлічыць, колькі разоў за ўсё жыццё я стаяла на гэтым мосце. Таму калі вы таксама добра ведаеце гэтыя раёны, чытацца кніга будзе яшчэ цікавей. За гэта я і люблю беларускія творы, напісаныя ў мінскіх лакацыях: у цябе заўжды ёсць магчымасць прагуляцца разам з героямі кніг.

У цэлым новы свет у творы прапісаны даволі дакладна і лёгка ўяўляецца ў галаве, калі табе знаёмыя мясціны. Ніжэй можаце ўбачыць мапу постапакаліптычнага свету.

Героі вельмі каларытныя, і такое ўражанне ствараецца не толькі за кошт ужывання імі трасянкі. Але ў кнізе ў прынцыпе шмат смеху, і, як той казаў, гэта было б смешна, калі б не было так сумна. Бо за ўсім гэтым смехам і палітычнай сатырай пазнаеш нашу рэчаіснасць. І за гіпербалізаваным бачыш тое, у чым жывеш цяпер. Раман з прэтэнзіяй на ўніверсальнасць, бо аўтар пастараўся стварыць такі свет, які будзе зразумелы не толькі беларусам. Напрыклад, ён не завастрае моўнае пытанне, як у “Мове” Марціновіча. 

Чытаючы кнігу табе проста цікава назіраць за тым, як паводзяць сябе людзі ў межах адной тэрыторыі, няхай цяпер і аддзеленай вадой. Калі няма ні пагрозы з Захаду, ні пагрозы з Усходу. І трэба вырашаць унутраныя канфлікты, звязаныя з розніцай менталітэтаў людзей, што жывуць у адной прасторы.

У кнізе ёсць мінусы: адчуваецца, што выдавалася кніга паспешліва, бо зашмат у ёй памылак, як моўных, так і проста памылак друку. Але я хутчэй параю яе для прачытання, бо гэта сапраўды цікавы і незвычайны для сучаснай беларускай літаратуры твор.

Купіць кнігу: https://lohvinau.by/product/%d0%ba%d0%b0%d0%bb%d0%b0%d1%80%d0%b0%d0%b4%d1%81%d0%ba%d0%b0%d1%8f-%d0%bf%d1%83%d1%88%d1%87%d0%b0-%d1%81%d0%b5%d0%b2%d1%8f%d1%80%d1%8b%d0%bd-%d0%ba%d0%b2%d1%8f%d1%82%d0%ba%d0%be%d1%9e%d1%81%d0%ba/

Report Page