Гурт “Seven B”: ад вулічных музыкаў да хэдлайнераў блюз-фестываля

Гурт “Seven B”: ад вулічных музыкаў да хэдлайнераў блюз-фестываля

Радыё "Harodnia"

Гурт Генэка Лоскі і Андрэя (Макара) Макарэвіча “Seven B” праіснаваў 16 год. За гэты час музыкі сталі вядомымі ў Польшчы. Франтмэн Генэк Лоска нават стаў пераможцам музычнага шоў “X Factor”. Нягледзячы на сваю папулярнасць, музыкі не сышлі з вуліц і працягвалі там граць. Telegram-канал “Радыё “Harodnia” узгадаў творчы шлях гурта “Seven B”.

Выступ гурта "Seven B". Крыніца: www.last.fm

З’ехалі ў Польшчу, каб граць на вуліцы

Хард-блюз гурт “Seven B” у 1990 годзе стварылі студэнты Гродзенскага культасвет вучылішча Генэк (Генадзь) Лоска і Андрэй Макарэвіч. У 1992 годзе гурт выпусціў на касеце альбом "Over Doze". У тым жа годзе калектыў выступіў на фестывалі музыкі маладой Беларусі “Басовішча” ў Польшчы. Пасля гэтага музыкі вырашылі застацца там.

Выступ Генэка Лоскі і Андрэя (Макара) Макарэвіча на вуліцы ў 1996 годзе

Яны зараблялі выступамі на вуліцах. Спачатку музыкі жылі ў Беластоку і гралі на Кавалерыйскім рынку, але ў 1993 годзе пераехалі ў Кракаў. З часам яны атрымалі польскае грамадзянства. 

У 1994 годзе трыа "Seven B" перарасло ў хард-блюзавы квінтэт, які актыўна гастраляваў па Польшчы. Да гурта далучыліся кракаўскія музыкі Яцэк Хрушчыньскі (бас-гітара) і Артэк Малік (рытм-секцыя). У 1997 годзе ў калектыве змяніўся бубнач. Ім стаў гродзенец Валерый Новік. У тым жа годзе гурт выдаў свой першы афіцыйны CD альбом - “Acoustic”.

Гурт "Seven B" падчас выступу на вуліцы. Крыніца: nowiny24.pl

Ад вулічных музыкаў да хэдлайнераў блюз-фестываля

У 1998 годзе месца бас-гітарыста заняў Томаш Дзень. Раней ён граў у польскіх гуртах: “Taurus”, “VooDoo”, “DNA” i “MrPollack”. Такім складам гурт гастраляваў да 2001 года, пакуль да іх не далучыўся яшчэ адзін гітарыст Марыюш Кухта з Кракава. У 2002 годзе “Seven B” выпусціў другі альбом - “Make up Your Mind”. У тым жа годзе з гурта сыйшоў Валерый Новік, месца якога заняў Гжэгаж Шнайдар.

Вокладка альбома "Make up Your Mind". Крыніца: www.discogs.com

У 2004 годзе “Seven B” выпусціў апошні альбом - “Rocktales” - і выступіў хэдлайнерам на фестывалі “Sopot Blues Festival”. Праз два гады, у 2006 годзе, музыкі афіцыйна спынілі дзейнасць гурта.

Выступ гурту "Seven B" на “Sopot Blues Festival” у 2004 годзе

Перамога Генэка Лоскі на “X Factor” і стварэнне новага гурта

Фронтмэн “Seven B” Генэк Лоска ў 2011 годзе перамог у першым сезоне шоў “X Factor” у Польшчы. Музыка атрымаў грашовы прыз і магчымасць запісаць альбом са сваім новым праектам “Gienek Loska Band”. Гітарыстам новага гурта стаў Андрэй (Макар) Макарэвіч. У тым жа годзе выйшаў альбом “Hazardzista”, які набыў статус залатога. У 2013 годзе выйшаў альбом “Dom”. Нягледзячы на папулярнасць, музыка працягваў граць на вуліцы.

Гэнэк Лоска спявае на вуліцы Савецкай у Гродне

У 2018 годзе Лоска прыехаў да маці ў Белаазёрск (Бярозаўскі раён Брэсцкай вобласці), каб зрабіць від на жыхарства ў Беларусі. Але ў траўні ў яго здарыўся левабаковы інсульт і закрытая чэрапна-мазгавая траўма. Цягам 2,5 гадоў Генэк ляжаў паралізаваным у бацькоўскай кватэры. Пры гэтым музыка знаходзіўся ў прытомнасці.

Генэк Лоска. Крыніца: kultura.onet.pl

Інсуль быў наступствам траўмы галавы, якую Лоска атрымаў пасля падзення з лесвіцы ў 1999 годзе. Тады Генэк перанёс некалькі аперацый у польскіх больніцах. Таксама ў яго ў 2016 годзе здарыўся мікраінсульт, пасля якога ў музыкі быў курс рэабілітацыі. Увечары 9 верасня 2020 года Генэк Лоска памёр у Белаазёрску.












Report Page