Сціна Джэксан “Срэбная дарога” (Янушкевіч, 2020 г.).

Сціна Джэксан “Срэбная дарога” (Янушкевіч, 2020 г.).

t.me/bellitra

Ніхто не зможа зразумець пакуты бацькоў, якія згубілі дзяцей. Перажываць гэта крыху лягчэй, калі ведаеш, што адбылося з тваім дзіцем. Няшчасны выпадак, працяглая хвароба, забойства. Змірыцца ўсё роўна немагчыма, але, прынамсі, маеш цела і незваротны факт.


Тры гады таму Леле высадзіў сваю 17-гадовую дачку Ліну каля аўтобуснага прыпынку і больш яе не бачыў. Бацькі хвалююцца за дзяцей заўсёды, колькі б тым ні было гадоў, і здольныя абвінавачваць сябе, што б ні здарылася. Таму ўсе гэтыя тры гады жыццё Леле прасякнутае пачуццём віны, якое пагаршаецца словамі жонкі. Яна таксама лічыць, што вінаваты Леле, бо пакінуў Ліну адну, не дачакаўся, пакуль тая сядзе ў аўтобус. Праўда, маці змірылася з тым, што больш не ўбачыць дачку, а бацька не, таму яны разышліся.

Пошук дачкі становіцца для Леле сэнсам жыцця, а алкаголь — выратаваннем і магчымасцю рабіць хоць нейкія перадышкі. Ён бясконца ездзіць па Срэбнай дарозе і назірае за людзьмі. Раптам сярод іх усё яшчэ ёсць той, хто ў адказе за лёс Ліны?

Паралельна з гэтай з’яўляецца яшчэ адна сюжэтная лінія: дзяўчынка Мэя і яе маці пастаянна пераязджаюць, шукаючы лепшага жыцця. Новы мужчына маці — чарговы пераезд. Ці стане новы пераезд апошнім? І як лёс Мэі будзе звязаны з лёсам Леле?

Гэтая кніга — даволі просты дэтэктыў, у якім вы, хутчэй за ўсё, хутка самастойна высветліце імя злачынцы. Але твор ад гэтага не стане горш. Шведскія пейзажы, атмасфера безвыходнасці, непрывабныя персанажы. Вельмі халодная скандынаўская глыбінка з цёмнымі лясамі, у якіх можа адбывацца што заўгодна. Змрочная і трывожная сямейная драма пра бацькоўскую апантанасць, патуранне сваім фізіялагічным патрэбам і сілу сям’і.

Першая частка больш зацягнутая, няспешная, каб вы паспелі прасякнуцца атмасферай, а холад пралез пад самую скуру. Другая больш дынамічная, падзейная. 

Цяжка паверыць, што гэта аўтарскі дэбют. Дарэчы, у Джэксан ужо выйшла другая кніга “Ödesmark” (перакладзеная на рускую як “Последний снег”), трэба чытаць. Умеюць жа скандынавы пісаць атмасферныя дэтэктывы. Праўда, нягледзячы на захапленне атмасферай іх глыбінкі, жыць там не хацелася б.

На беларускую мову твор пераклала Алена Казлова.


Купіць кнігу: https://januskevic.by/catalog/pieraklady/4198/


Report Page