Сара Лундберг “Птушка ўва мне ляціць, куды захоча” ("Koska", 2019 г.), 5/5.

Сара Лундберг “Птушка ўва мне ляціць, куды захоча” ("Koska", 2019 г.), 5/5.

t.me/bellitra

Як часта дарослыя недаацэньваюць дзяцей. Гэтыя фразы накшталт “вырасцеш — зразумееш”, нібыта дзеці — гэта нейкія недаразвітыя людзі. А яны не горшыя за нас і таксама разумеюць сур’ёзныя рэчы. У кожнага з іх унутры цэлы свет, які трэба ўмець бачыць і цаніць.

Дзяўчынка Бэрта заўжды любіла маляваць, і гэта ў яе добра атрымлівалася. Але здараецца так, што ты нарадзіўся не ў той час і не ў тым месцы. Швецыя, пачатак ХХ стагоддзя. Дзяўчыне з простай сялянскай сям’і было складана атрымаць мастацкую адукацыю. А як ствараць нешта прыгожае, калі ніхто ў цябе не верыць? І адзіны чалавек, якому ты магла даверыцца, самы блізкі і родны, памірае. Сухоты забралі ў Бэрты маці, а разам з ёй і надзею на лепшую будучыню. Але Бэрта не перастае думаць і адчуваць свет па-свойму, бо ніхто не можа забараніць ёй быць сабой.

Кніга пра адзіноту і выбар свайго шляху ў жыцці, пра мастацтва, якое становіцца часткай жыцця, пра страх страціць блізкага чалавека, пра жаданне стаць вольнай птушкай, а таксама пра сталенне.

На гэтую кнігу аўтарку натхніла гісторыя жыцця шведскай мастачкі Бэрты Хансан, яе працы, дзённікі і лісты. Але можна не ведаць гэтую мастачку і ўсё роўна атрымаць ад кнігі велізарнае задавальненне, бо яна ўніверсальная.

Мяне даўно так не ўражвалі дзіцячыя кнігі. Яна цудоўная і зместам, і ілюстрацыямі, якія хочацца разглядаць бясконца. Яркія, сакавітыя, добра перадаюць атмасферу кнігі, бо паміж імі і тэкстам створаны ідэальны баланс: светлыя і натхняльныя ў добрыя моманты, змрочныя і дарослыя на старонках, дзе адбываецца нешта непрыемнае.

Кніга мае абмежаванне 12+, але я лічу, што з ёй варта знаёміць дзяцей нашмат раней, каб разумелі, як важна заставацца сабой, нягледзячы на абставіны.

Дзякуй Надзі Кандрусевіч за пераклад і за тое, што данесла гэтую кнігу да беларускага чытача!


“Думаю,

калі б я была птушкай,

то змагла б паляцець.

З нашай вёскі.

Да іншага жыцця.

Туды, дзе я была б той, кім я ёсць.

Дзе ніхто не крычыць на мяне

і не лічыць нязграбнай дзівачкай”.


Купіць кнігу: http://knihi.by/knihi/lundbierh-sara-ptuska-uva-mnie-lacic-kudy-zachoca

Report Page