ПАНТЭОН ГЕРОЯЎ. СТАНІСЛАЎ БАЛАХОВІЧ

ПАНТЭОН ГЕРОЯЎ. СТАНІСЛАЎ БАЛАХОВІЧ



Станіслаў Балаховіч нарадзіўся 22 лютага 1883 году ў вёсцы Мэйшты. Цяпер гэта Ігналінскі раён Літвы. Бацька Нікадзім Міхал Балаховіч, беларус, і маці Юзэфа, полька, працавалі ў мясцовым панскім маёнтку. Нікадзім і Юзэфа мелі 9 дзяцей: трох сыноў і шэсць дачок. Станіслаў атрымаў імя па хросным бацьку Станіславе Незабытоўскім. “Булак” — гэта мянушка аднаго з шматлікіх адгалінаванняў роду Балаховічаў. 

Дома Балаховічы гаварылі па-беларуску, хоць маці і варожа ставілася да беларускага пытання. Станіслаў ведаў таксама расейскую, польскую, літоўскую і нямецкую мовы.

У 19-гадовым узросце Станіслаў пачаў зарабляць самастойна. З 1904 году да Першай сусветнай вайны ён займаў пасаду адміністратара маёнтку на Дзісеншчыне. У сваім мястэчку Балаховіч арганізаваў і ўзначаліў добраахвотную пажарную каманду.

АД ДОБРААХВОТНІКА ДА ГЕНЕРАЛА

З пачаткам Першай сусветнай вайны экіпіраваны і ўзброены Балаховіч з групай добраахвотнікаў з Дзісеншчыны на ўласных конях адправіўся на фронт. Быў залічаны ў спісы 2-га Лейб-уланскага Курляндзкага палка. Добра паказаў сябе на службе, атрымаў мэдалі святога Георгія 4-й, 3-й і 2-й ступені, два срэбраных і адзін залаты.

У 1915 годзе пад Коўнам быў акружаны выведвальным атрадам немцаў, аднак прарваўся і своечасова папярэдзіў рэзэрв пра напад, які рыхтаваўся. Паранены браў удзел у адбіцці начной атакі. За праяўленую мужнасць 9 ліпеня 1915 году атрымаў першы афіцэрскі чын. А ўжо 17 ліпеня за захоп нямецкага абозу атрымаў першую афіцэрскую ўзнагароду, стужку святой Ганны, і падвышэнне да камандзіра эскадрону. На Дынабургскім фронце вызначыўся падчас адступлення, камандуючы ўзводам, дзе у яго атрымалася два тыдні абараняць сваю пазіцыю.

У лістападзе 1915 году быў камандзіраваны ў партызанскі атрад адмысловай важнасці пры штабе Паўночнага фронту ў якасці камандзіра эскадрону. За сталыя дзёрзкія вылазкі ў тыл немцаў партызаны разам з Балаховічам былі празваныя “рыцарамі смерці”, а сярод мясцовага насельніцтва гэта павялічвала колькасць ахвочых далучыцца да ўзброеннага супрацьстаяння ў якасці добраахвотнікаў.

Адзін з сучаснікаў адзначаў бацькоўскі клопат Балаховіча аб сваіх падначаленых: "Ён вельмі хутка сышоўся з людзьмі, клапаціўся пра іх, частаваў іх і, трэба прызнаць, набыў іх прыхільнасць". Пацвярджэннем гэтага стаўлення з'яўляецца і выпадак, калі пры выкананні задання Балаховіч рызыкаваў сваім жыццём, папярэдзіўшы сваіх салдат аб варожай засадзе. Своечасова папярэдзіўшы салдацкі ланцуг і паклаўшы яго на зямлю да варожага залпу, Балаховіч быў сур'ёзна паранены. Атаман Пунін так характарызаваў дзеянні Балаховіча: “Карнет Балаховіч паказаў у гэтай справе, акрамя выпрабаванай сваёй адвагі і вялізнага самавалодання, што ён увесь прасякнуты свядомасцю начальніцкага абавязку перад сваімі людзьмі. Сваімі грудзьмі ён абараніў ад немінучай небяспекі сваіх людзей”.

З узмацненнем белага руху Булак-Балаховіч прыйшоў да высновы пра неабходнасць супрацьстаяння бальшавікам. У сярэдзіне кастрычніка 1918-га ў Пскове, які заставаўся ў руках немцаў, з’явіліся два афіцэры-балахоўцы, якія ўсталявалі кантакт з штабам белага Добраахвотніцкага корпусу, што фарміраваўся ў гэтым горадзе. 17 кастрычніка было распрацаванае пагадненне паміж Балаховічам і начальнікам выведкі Пскоўскага корпусу. Згодна з ім Балаховіч меўся перайсці на бок белых у пачатку лістапада. З-за дрэннай камунікацыі гэтыя тэрміны не былі выкананыя, аднак 2 лістапада 1918 году Булак-Балаховіч са сваімі паплечнікамі (каля 800 шабель) усё ж прыбыў у Пскоў і заняў горад. Яму было нададзенае званне ротмістра.

Пскоў 1919 год

У студзені 1919 году за паспяховае правядзенне адступлення са Пскову быў прызначаны падпалкоўнікам. У канцы лютага Булак-Балаховіч прапанаваў зрабіць набег ў тыл бальшавікоў, аднак пасля спрабаваў адмовіцца ад гэтага рашэння ў сувязі з нямоцным ільдом на Чудскім возеры, на якім адзін з атрадаў пацярпеў неапраўданыя страты. Тым часам партызанскі атрад быў перарафармаваны ў Конны полк Булак-Балаховіча. 

5 красавіка Балаховіч заняў Гдоў, дзе яму ўдалося захапіць казначэйства, кулямёты і вялікую колькасць рыштунку. У хуткім часе ён атрымаў званне палкоўніка. Тады ж, у красавіку, Балаховіч спрабаваў далучыцца да літоўскай арміі. Аднак пасля некалькіх баёў і спробы атрымаць забеспячэнне ад літоўскага кіраўніцтва атрымаў адмову. Яму паведамілі, што яго не чакаюць і параілі атрымліваць забеспячэнне ад латвійскага насельніцтва.

У ліпені 1919 году на бок Булак-Балаховіча перайшоў пяхотны полк Чырвонай Арміі, і кіраўніцтва фронта цяпер ужо вымушанае было лічыцца з яго ўласнай пазіцыяй. У жніўні па рэкамендацыі генерала Арсеннева Балаховіч атрымаў званне генерал-маёра. Часткі Балаховіча і эстонцаў пайшлі ў контарнаступ супраць бальшавікоў, якія наблізіліся да Пскова. 

У Пскове Балаховіч актыўна кантактаваў з прадстаўнікамі Антанты. 19 жніўня 1919 году яго прызначылі камандзірам 2-га корпуса. Магчыма, з-за гэтых кантактаў 22 жніўня 1919 году галоўнакамандуючы Мікалай Юдзеніч аддаў загад заняць Пскоў, арыштаваць Булак-Балаховіча і аддаць яго пад ваенны суд, а ўжо 26 жніўня праз пагаршэнне стасункаў (з прычыны арышту Балаховіча) між эстонцамі і Паўночнай-Заходняй арміяй эстонцы пакінулі Пскоў. Горад у выніку быў заняты бальшавікамі. У хуткім часе Балаховіч уцёк з-пад хатняга арышту і надалей удзельнічаў у партызанскіх баях з бальшавікамі.

ГЕНЕРАЛ НА СЛУЖБЕ БЕЛАРУСІ

За дзейнасцю Балаховіча пільна сачыла ўлада БНР, аднак знайсці кантактаў з генералам не было магчымасці. Сувязь атрымалася наладзіць толькі ў кастрычніку 1919 году. 

Кастусь Езавітаў, кіраўнік Беларускай вайскова-дыпляматычнай місіі ў Латвіі і Эстоніі, тады адзначыў: “Бачыўся з прадстаўнікамі Атрада Ген. Балаховіча. Балаховіч цяперака зусім вольны чалавек... Хацеў бы быць бліжэ да Бацькаўшчыны (Вільня). Лічыў адзін раз сябе літвіном, але цяпер даведаўся аб беларусах і сам ня ведае хто ён. Трэба, кажэ, добра пазнаёміцца з картай, рухам і гісторыяй”.

Урад БНР. К. Езавітаў – трэці леваруч

На прапанову пра пераход на бок БНР Балаховіч запрасіў 400 тысяч марак на ўтрыманне атраду. 14 лістапада 1919 году Балаховіч падаў афіцыйную дэклярацыю аб беларускім грамадзянстве і прыняцці яго на беларускую службу. Атрад атрымаў афіцыйную назву “Асобны аддзел войскаў БНР у Балтыі”. З боку дзяржаў Антанты атрымаць дапамогу не атрымалася, а амерыканская місія перадала балахоўцам толькі палявы шпіталь і мэдыкамэнты.

22 студзеня 1920 году “Асобны аддзел” быў юрыдычна ўключаны Радаю БНР у склад беларускага войска. У ноч на з 27 на 28 студзеня 1920 году Балаховіч арыштаваў галоўнакамандуючага Паўночна-Заходняй арміі Мікалая Юдзеніча і патрабаваў, каб той заплаціў грошы ваярам дывізіі за службу, чаго і дамогся. Потым Юдзеніча адпусцілі. 

Станіслаў Булак-Балаховіч і польскія афіцэры. Берасце, 1920 год

У лютым 1920 году Езавітаў звярнуўся з лістом да Пілсудзкага, прапанаваўшы вылучыць атраду генерала Булак-Балаховіча ўчастак фронту на левым флангу польскіх войскаў для барацьбы з бальшавікамі, але польскі ўрад праіграраваў гэтую прапанову. У сярэдзіне лютага Балаховіч усё ж перайшоў пад польскае камандаванне, і ўжо 26 лютага яго атрад, які налічваў каля 800 байцоў, быў пераведзены ў Берасце для падмацавання і перафармаравання. 

З чэрвеня па жнівень атрад змагаўся на тэрыторыі Украіны. 13 верасня група генерала Балаховіча ўзяла Камень-Кашырскі, а 26 верасня — Пінск. Апэрацыя па захопу самога Пінску рассякла 4-ю савецкую армію і была адной з самых удалых вайсковых апэрацыяў групы Балаховіча за час ваенных дзеянняў на фронце з бальшавікамі.

ПАЛЕСКІ ПАХОД

12 кастрычніка 1920 году ў Рызе была падпісаная папярэдняя мірная дамова між Польшчай і Саветамі. Яна абавязвала польскі бок выдаліць са сваёй тэрыторыі ці раззброіць антысавецкія ўзброеныя фармаванні да 2 лістапада. Польскае камандаванне прапанавала Балаховічу далей весці барацьбу самастойна ці пакінуць тэрыторыю Польшчы са зброяй у руках, у выніку чаго той вырашыў перайсьці польска-савецкую мяжу. 

План генерала быў просты — падняць сялянскае паўстанне і скінуць савецкую ўладу. 12 кастрычніка Балаховіч падпісаў пагадненне з Беларускім палітычным камітэтам. БПК абавязваўся дапамагаць генералу ў арганізацыі беларускай арміі, а Балаховіч павінен быў перадаць уладу на занятых ім тэрыторыях.

Армія генерала Булак-Балаховіча на пачатку лістапада 1920 году налічвала каля 20 тысяч чалавек, у тым ліку полк цяжкай артылерыі, чыгуначны полк, самалётную эскадрыллю і інш. План вызвалення Беларусі прадугледжваў заняцце лініі Оўруч — Мазыр — Жлобін, а затым удар на поўнач, на Бабруйск-Барысаў. 

План быў разлічаны на заняцце Менску польскімі войскамі, што і адбылося 15 кастрычніка. Аднак Балаховіч прамарудзіў з ударам, а польскія войскі вымушаныя былі пакінуць Менск 17 кастрычніка, выконваючы пагадненне аб замірэнні. План не спрацаваў.

8 лістапада войскі Булак-Балаховіча занялі Петрыкаў, а часткі палкоўніка Мацвеева 10 лістапада ўзялі Мазыр. 12 лістапада ў Мазыр прыбыў Булак-Балаховіч. 16 лістапада ён заявіў, што не прызнае ўрадаў Луцкевіча і Ластоўскага, а БПК ператварыўся ва ўрад БНР. Гэты ўрад прысвоіў Балаховічу тытул Начальніка Беларускай Дзяржавы. 

Уначы з 17 на 18 лістапада пасля бальшавіцкага наступу войска Балаховіча пакінула Мазыр. У выніку адступлення Балаховіч адступіў у нейтральную зону. 30 лістапада ён перайшоў мяжу і на наступны дзень накіраваўся ў Варшаву з дзеячамі БПК. Пазней атрад быў раззброены польскімі ўладамі.

МІЖВАЕННЫ ЧАС

У лютым 1921 году Балаховіч арганізаваў сустрэчу прадстаўнікоў БПК і «Зялёнага Дубу», асноўнай мэтай якой было аднаўленне незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі і ўзброенная партызанская вайна з бальшавікамі ў Беларусі. 27 красавіка 1921 году склаў дамову з Дзяржаўным камітэтам БНР, паводле якой камітэт прызнаваў генерала Булак-Балаховіча вярхоўным камандуючым над усімі ўзброенымі сіламі Беларусі. Аднак неўзабаве гэты камітэт распаўся, і большасць яго сяброў распачала антыпольскую дзейнасць.

Да пачатку другой сусветнай вайны Балаховіч займаўся ўласнай гаспадаркай. Агенты НКУС арганізавалі на яго некалькі замахаў, але ўсе яны скончыліся няўдала. 

Да канца жыцця Балаховіч трымаўся на антыкамуністычных і антыфашысцкіх пазіцыях. З 1937 па 1939 гады ўдзельнічаў ў вайне ў Іспаніі на баку генерала Франка. У 1938 г. прапаноўваў польскай выведцы арганізаваць дыверсію супраць Чэхаславакіі. 

Пасля акупацыі Польшчы Трэцім Рэйхам Балаховіч спрабаваў арганізаваць партызанскі атрад для барацьбы з нацысцкімі акупантамі, удзельнічаў у абароне Варшавы. 10 траўня 1940 г. агенты гестапа застрэлілі яго сярод белага дня ў цэнтры Варшавы. Па адной з версій, Балаховіч аказаў супраціўленне пры патрабаванні патруля прад'явіць дакументы.

Булак-Балаховіч пакінуў след у гісторыі найперш як ваяр, які прысвяціў жыццё змаганню за волю. Аднак за іпастассю вайскоўца праступае чалавек, які шукаў праўду, шчыра клапаціўся пра тых, за каго нёс адказнасць, і не забываўся на бацькоўскую мову, на якой ён нават пісаў вершы.

Покліч бацькі

Праз цёмныя хмары на чуждай старонцэ
Зірнула на нас цёпла-роднае сонцэ,
I гоман пачуў я з радной стараны:
“Свабода калоціцца ў нашэ ваконцэ,
За бацькаўшчыну ўсталі яе ўсе сыны!”

Сынкі! А мы штожа!
Нам будзе нягожа,
Каб мы не пайшлі на падмогу!

Сьмялей, не аглядайцесь,
Хутчэй сабірайцесь
I будзем гатовы ў дарогу!

Станіслаў Булак-Балаховіч
25 лістапада 1919 году



Report Page