“Шустры вожык” - першая беларускамоўная дзіцячая кнігарня і месца, каб пераапрануць малога. У Гродне адкрылася новая пляцоўка

“Шустры вожык” - першая беларускамоўная дзіцячая кнігарня і месца, каб пераапрануць малога. У Гродне адкрылася новая пляцоўка

Суполка

Фактычна першая ў Беларусі дзіцячая беларускамоўная кнігарня і крама-прастора “Шустры вожык” пачала працу ў Гродне. Яна знаходзіцца ў самым цэнтры - насупраць замкаў. Там можна купіць рэчы беларускіх вытворцаў, аформленыя па-беларуску, кнігі і гульні на беларускай мове. Таксама гэта прастора для сустрэч і тэматычных імпрэзаў. 

“Мая мэта – стварыць прастору, дзе беларускую мову можна чуць, бачыць, слухаць у песнях, набыць у выглядзе рэчаў. Гэта і будзе ствараць атмасферу”, - патлумачыла канцэпцыю стваральніца крамы Кацярына Шуст.

Кацярыне 36. Яна нарадзілася ў Магілёве, у 18 гадоў з’ехала вучыцца ў Мінск. Там заставацца не збіралася, але ўвесь час штосьці ўтрымлівала. Аднойчы прыехаўшы ў Гродна пагуляць з сяброўкай, Каця зразумела, што ёй тут нашмат спакайней і прыемней, чым у Мінску. На стала ў Гродна яна пераехала ў чэрвені 2021 года, з таго часу ні дня не пашкадавала пра гэтае рашэнне.

Зараз дзеці мала дзе сустракаюць беларускую мову, а ў школах яе выкладаюць кепска і нецікава, мяркуе Каця. “Малыя маюць праблемы з яе вывучэннем і разуменнем”. Крама-прастора з’явілася, каб выправіць гэту сітуацыю.

Назва “Шустры вожык” перагукаецца з прозвішчам гаспадыні крамы - Шуст. “Вожыкі – мілыя і забаўныя, здаецца, падабаюцца ўсім дзецям і самі выглядаюць быццам жывыя цацкі. Але яшчэ гэта вельмі беларуская жывёлка, вожыкаў шмат і ў нашых лясах, і нават на вуліцах Гродна мне пастаянна яны трапляюцца. Не хацелася эксплуатаваць іншыя распаўсюджаныя сімвалы кшталту зубра ці бусла, таму вожык”, -  тлумачыць Каця выбар сімвала.

Крама і прастора для адпачынку ў адным

“Шустры Вожык” месціцца на Замкавай, 18. З 7 красавіка крама працуе ў тэставым рэжыме.

Памяшканне падзелена на дзве асноўныя часткі - краму і вольную прастору для імпрэзаў. З цягам Каця спадзяецца арганізаваць міні-кавярню і дадаць гарачыя напоі. Першы час крама будзе працаваць з 10 да 20 штодзень.

Усе тавары - па-беларуску

У “Шустрым вожыку” можна знайсці кнігі, якіх ужо амаль няма ў іншых месцах: "Кусь-Кусяндра" Надзеі Ясмінскай, "Кошык вожыка" Лізы Шмідт, "Снежная сястра" Маі Лундэ. З настольных гульняў - “Таямніцы даўняга скрыпторыя”, “Калядны трус”, “На злом галавы” і іншыя гульні для вывучэння беларускай мовы.

Там будуць прадавацца дзіцячыя цацкі, адзенне, канструктары, тавары для школы, сямейныя гульні, фотаальбомы. Гэта мусяць быць годныя рэчы, якія нясуць у сабе беларускую мову, перакананая Каця. 

Нейкія тавары самі па сабе ўтрымліваюць шмат тэксту - кнігі, настольныя гульні. Новая прастора стала, фактычна, першай у краіне дзіцячай кнігарняй з кнігамі выключна на беларускай мове. Некаторыя рэчы ў краме могуць мець па-беларуску некалькі словаў - адзенне з прынтом ці вышыўкай, магніцік ці значок. А недзе беларуская мова толькі на пакунку, але і гэта ўжо вялікае дасягненне для нашай краіны, бо мала вытворцаў на такое згодныя, звяртае ўвагу Каця. З часам яна хоча самастойна распрацоўваць і ствараць па-беларуску тое, чаго не хапае. 

Інтэр’ер з адсылкамі ў прыроду

Інтэр’ер крамы перагукаецца з назвай. Там ёсць адсылкі да жывой прыроды, лесу. Замест столі - неба з самаробнымі аблокамі. 

Прастора будзе не толькі прапаноўваць беларускую мову на таварах, але і размаўляць на ёй. У інтэр’еры Каця плануе выкарыстаць вядомыя вершы, выслоўі, цытаты па-беларуску.

Мінімум забарон, каб адчуваць сябе годна

Бацькі маленькіх дзяцей змогуць зайсці, каб пакарміць і пераапрануць дзіця ў час шпацыру ў горадзе. З досведу сяброў Каця ведае, што такіх месцаў вельмі не стае. Для дарослых і маленькіх у новай прасторы будзе мінімум забарон. “Нам не хапае месцаў, дзе можна адчуваць сябе годна і свабодна”, - лічыць уласніца.

Якія імпрэзы чакаюць у новай прасторы

У “Шустры вожык” можна прыйсці і проста пабавіць час. У планах гаспадыні - выставы, кніжныя клубы, дыскусійныя сустрэчы, публічныя лекцыі, майстар-класы, гульнятэкі, кінапрагляды. 

“Людзі вельмі любяць збірацца і праводзіць разам час за цікавымі заняткамі. Можа, мы нарэшце аправіліся ад каранавіруса і зноў захацелі шмат афлайну. Гэта ўсё ладзіцца, але пра канкурэнцыю тут і не вядзецца – добрых пляцовак сёння ў Гродне нават не хапае”, - мяркуе гаспадыня прасторы. 

У прыярытэце - мерапрыемствы на беларускай мове, дзіцячыя і сямейныя імпрэзы, але жорсткіх абмежаванняў няма. Вітаецца ўсё, што будзе цікавым, натхняльным і стваральным, кажа Каця. 

Без каманды, але з сябрамі

Пры стараннай працы і спрыяльных умовах Кацярына мяркуе акупіць укладанні ў краму за некалькіх месяцаў. У сённяшніх умовах пралічваць нешта больш дакладна яна лічыць бессэнсоўным: “Шмат добрых бізнес-планаў, напрыклад, зруйнаваліся ў адзін момант – у дзень з’яўлення пастановы 713 аб рэгулёўцы коштаў на шматлікія тавары. А колькі зруйнаваў у свой час кавід…”. Дзяўчына гатовая і да бізнес-паразаў: “Нічога страшнага ў гэтым не бачу, гэта проста жыццё, заўжды можа што-небудзь не атрымацца”.

Каб адкрыць краму, Каця скарысталася дзяржаўнай субсідыяй для ІП. Зараз такая субсідыя складае 3756,28 рублёў ($1272). Сярод умоваў - заяўнік мусіць быць зарэгістраваны як беспрацоўны. Пакуль яна праходзіла адмысловыя курсы ў Цэнтры занятасці, пісала бізнес-план пасля іх і чакала рашэння, удвая большую суму для праекта перадалі сябры: нешта ў пазыку, нешта як ахвяраванні.

Сябры дапамагалі і рукамі, і транспартам, і карыснымі парадамі, кантактамі, а галоўнае – маральна. Сталай каманды ў Каці няма, усе асноўныя пытанні яна вырашае самастойна.

Трэба рабіць нешта, пакуль гэта магчыма 

За апошнія пяць гадоў Каці давялося некалькі разоў мяняць працу: то праз закрыццё арганізацыі, то праз пераезд, недзе не вельмі падабалася, недзе разышліся ў поглядах з кіраўніком. 

“Калі я чарговы раз сутыкнулася з пошукам новай працы, зразумела, што ідэальнага для сябе месца проста не знайду, што вельмі стомленая ад шматлікіх расчараванняў”. 

Яна вырашыла паспрабаваць стварыць штосьці паводле ўласных уяўленняў пра тое, “як мусіць быць, каб было добра”. Сілы надало разуменне, што ў падобнай беларускамоўнай прасторы для дзетак сапраўды ёсць патрэба. Неабходны досвед накапіўся за час працы ў розных крамах, прыватных установах. Каця вырашыла, што прыйшоў час яго выкарыстаць. “Умовы [для бізнесу] могуць штодня стаць яшчэ больш неспрыяльнымі, так што акурат мае сэнс рабіць, пакуль гэта цалкам магчыма”.


Report Page