Справаздача аб выкананні задачаў Пастановы №2 ад 22 верасня 2022 г. 

Справаздача аб выкананні задачаў Пастановы №2 ад 22 верасня 2022 г. 

прэс-служба Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі

22 верасня Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі апублікаваў Пастанову №2, у якой сцвярджалася, што Аляксандр Лукашэнка, які незаконна ўтрымлівае ўладу ў Рэспубліцы Беларусь, здрадзіў нацыянальным інтарэсам дзяржавы і паставіў пад пагрозу яе незалежнасць і суверэнітэт, даўшы магчымасць войскам Расійскай Федэрацыі атакаваць Украіну з тэрыторыі Беларусі. Прымаючы пад увагу, што незалежнасць і суверэнітэт з’яўляюцца базавымі каштоўнасцямі народа Беларусі, замацаванымі ў яго Канстытуцыі, Кабінет пастанавіў прыняць неабходныя захады па ліквідацыі пагрозы і паставіў адпаведныя задачы перад сваімі прадстаўнікамі ў рамках іх кампетэнцый.


У якасці выканання пастаўленых задач:

  • Прадстаўнік па законнасці і правапарадку Аляксандр Азараў праінфармаваў Кабінет аб ступені гатоўнасці мабілізацыйнага плана «Перамога», паводле якога вызначаны: месцы збору і графік дзеянняў удзельнікаў плана; спосабы яднання ў групы; мабілізацыйныя прадпісанні для кожнай катэгорыі ўдзельнікаў плана; аб’екты прамысловасці і інфраструктуры, якія будуць задзейнічаны пры рэалізацыі плана. На падставе справаздачы Кабінет прыняў рашэнне аб узмоцненым інфармаванні насельніцтва Рэспублікі Беларусь аб асноўных палажэннях плана «Перамога» і ролі грамадзян у ім. Дакумент з дакладам аб ступені гатоўнасці плана «Перамога» і тэрмінах яго рэалізацыі прызначаны для службовага карыстання і не падлягае распаўсюду ў поўным аб’ёме.
  • Прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Валер Сахашчык распрацаваў і прадставіў на разгляд Кабінета меры па ўсталяванню трывалай камунікацыі Кабінета са згуртаваннямі беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць на баку Украіны, і наладжванню сталага ўзаемадзеяння з імі. У рамках прапанаваных мераў плануецца аказанне добраахвотнікам матэрыяльна-тэхнічнай дапамогі (забеспячэнне сучасным рыштункам і абсталяваннем), метадычнай дапамогі (трэніроўка і навучанне). Меры таксама прадугледжваюць якасную медыцынскую рэабілітацыю параненых і ўсебаковую дапамогу блізкім добраахвотнікаў, якія загінулі ў баявых дзеяннях.  Рэалізацыя запланаваных мераў залежыць ад наладжвання сталага фінансавання дадзенага напрамку дзейнасці. Плануюцца таксама захады па статусным выдзяленні беларускіх баявых адзінак у складзе Узброеных Сілаў Украіны. Дакумент з прапанаванымі мерамі прызначаны для службовага карыстання і не падлягае распаўсюду ў поўным аб’ёме. 
  • Прадстаўнік па транзіце ўлады Павел Латушка даў справаздачу Кабінету аб выніках працы з дзяржаўнымі служачымі Рэспублікі Беларусь, якія выявілі гатоўнасць падтрымаць дэмакратычныя змены. З мэтай стварэння кадравага патэнцыялу ўнутры Беларусі распрацавана канцэпцыя «Кадравы рэзерв Новай Беларусі». Канцэпцыя прадугледжвае як адбор, так і навучанне супрацоўнікаў для забеспячэння дзяржаўнага апарата Беларусі кваліфікаванымі кадрамі. Таксама Кабінету былі прапанаваныя на разгляд два варыянты Палажэння «Аб парадку прыняцця на службу і прысваення воінскіх, спецыяльных званняў і класных чыноў». Кабінет прыняў рашэнне кіравацца ў гэтым пытанні базавым прынцыпам непрызнання рашэнняў, прынятых Аляксандрам Лукашэнкам пасля 23 верасня 2020 г. (афіцыйная дата заканчэння яго паўнамоцтваў пасля выбараў 2020 г.). Улічваючы розныя падыходы да распрацоўкі Палажэння ў прадстаўнікоў Кабінета, прадстаўніку па транзіце ўлады даручана дапрацаваць дакумент з улікам заўваг і прапаноў.
  • Прадстаўнік па замежных справах Валер Кавалеўскі прадставіў прапановы па новай мабілізацыі міжнароднай дапамогі для дзейнасці Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі і беларускай грамадскасці ў справе абароны незалежнасці і суверэнітэту Беларусі. Для гэтай мэты вызначаны прыярытэтныя напрамкі міжнароднага супрацоўніцтва Беларусі: умацаванне адносінаў з Украінай; здабыццё падтрымкі урадаў замежных дэмакратычных краін на пераходны перыяд; больш актыўнае задзейнічанне вядучых міжнародных арганізацый і ўтварэнняў – Рады Бяспекі ААН, Еўрапейскага саюза, Рады Еўропы; удзел у супрацоўніцтве міждзяржаўнага фармату рэгіянальнага характару і ў межах ЕС.
  • Прадстаўнік па замежных справах Валер Кавалеўскі прадставіў Кабінету канцэпцыю перагляду дагаворна-прававой базы адносінаў Рэспублікі Беларусь з Расійскай Федэрацыяй, якая прадугледжвае ацэнку адпаведнасці двухбаковых дамоўленасцяў нацыянальным інтарэсам Беларусі і скасаванне тых дагавароў, якія шкодзяць нацыянальнаму суверэнітэту і незалежнасці Беларусі. Найперш плануецца, што ў лік такіх дамоўленасцяў увойдуць дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, аб уваходжанні ў АДКБ і аб ваенным супрацоўніцтве з Расіяй, што стане першым этапам скасавання расійскай ваеннай прысутнасці на тэрыторыі Беларусі. Частка дамоўленасцяў будзе прызнаная юрыдычна несапраўднай, паколькі заключаная нелегітымнай уладай Аляксандра Лукашэнкі пасля страты ім паўнамоцтваў у верасні 2020 г.

Report Page