Што не так з адпрацоўкай?

Што не так з адпрацоўкай?

ЗБС | Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў

Цяперашні міністр адукацыі Андрэй Іванец заявіў, што, паводле іх меркавання, адпрацоўваць пасля атрымання адукацыі павінны не толькі «бюджэтнікі», але і «платнікі». Прычынай ён лічыць тое, што дзяржава ў любым выпадку вытрачае грошы на пакрыццё коштаў адукацыі.

Напрыканцы Лукашэнка заявіў, што яны ўсё вырашылі: трэба падымаць тэрміны адпрацоўкі аж да 5–7 гадоў, каб спецыялісты і спецыялісткі заставаліся працаваць на выгоду дзяржавы, якая дала ім адукацыю.

Мы бачым вялікую праблему ў такіх зменах і распавядаем, што з імі не так з розных пунктаў погляду.

Максім Зафранскі, сакратар міжнародных сувязяў

Праблема нізкай занятасці выпускнікоў_ніц і моладзі актуальна для ўсёй Еўропы, у тым ліку і для Беларусі. Аднак падыход да вырашэння гэтай праблемы ў нас і за мяжой адрозніваецца. Як у беларускіх, так і ў еўрапейскіх універсітэтах праводзяцца дні арыентацыі, калі зацікаўленыя кампаніі прэзентуюць сябе з мэтай прыцягнуць новых працаўнікоў_ніц. Аднак у Еўропе, у адрозненні ад Беларусі, удзел прымаюць кампаніі з розных галінаў эканомікі, каб усе студэнткі і студэнты патынцыйна маглі знайсці штосьці для сябе. Кампаніі ў сваю чаргу на канкурэнтнай аснове змагаюцца за лепшых спецыялістаў_к. У менш папулярных галінах ствараюцца выгаднейшыя ўмовы (высокія заробкі, даўжэйшы адпачынак і г.д.) для прыцягнення прафесійных кадраў, у Беларусі ж такія патрэбы закрываюцца размеркаваннем “бюджэтнікаў”.

Прымусовае размеркаванне не з’яўляецца агульнай практыкай у еўрапейскіх краінах, бо яно парушае свабоду і аўтаномію выбару працы для студэнтаў_к. Больш за тое, гэта кранае і акадэмічныя свабоды, бо не дазваляе вольна абраць кірунак адукацыі: наяўнасць адпрацоўкі прымушае абітурыентаў_к прымаць рашэнне не на падставе іх ведаў і зацікаўленасцяў, а з улікам высокай верагоднасці марнавання некалькі гадоў для «вяртання запазычанасці» дзяржаве. Сістэма адукацыі павінна мець мэтай развіццё навыкаў і ведаў студэнтаў_к, каб яны змаглі дасягнуць максімальнага прафесійнага патынцыялу. Прымусовае размеркаванне — гэта пройгрышная сітуацыя для ўсіх бакоў: студэнты_ткі не развіваюць навыкі, якія яны б хацелі атрымаць, нелюбімая праца ўплывае на іх матывацыю і прыводзіць да выгарання, а кампаніі, у сваю чаргу, зацікаўлены ў матываваных кадрах, бо гэта непасрэдна ўплывае на эфектыўнасць працы.

Лізавета Даўгулевіч, сакратарка знешніх сувязяў

Лепшая антырэклама размеркавання — пабачыць, як выпускнікі_цы плачуць, калі выходзяць з кабінета камісіі па размеркаванні. Рэжым стрэліць сабе ў нагу, калі адправіць і «платнікаў» адпрацоўваць пасля ўніверсітэта: такая практыка толькі павялічыць адток маладых людзей з Беларусі на Захад. Хто ведае, магчыма такая тэндэнцыя набліжае нас да Туркменістана з забаронай для маладых людзей на выезд з краіны.

Максім Кавалёў, выконваючы абавязальніцтвы сакратара юрыдычнай дапамогі

Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, «грамадзянам Беларусі гарантуецца права на выбар прафесіі, роду заняткаў і працы, прычым прымусовая праца забаронена» (арт. 41), «кожны мае права на адукацыю» (арт. 49). Як бачна, у такім выпадку для «платнікаў» не паступаць ва ўніверсітэт — гэта адзіны шлях пазбегнуць адпрацоўкі (прымусовай працы), што прамым чынам парушае асноўны закон краіны. Больш за тое, «грамадзяне Беларусі маюць права вольна абіраць месца жыхарства ў межах краіны» (арт. 30), што, вядома, немагчыма на працягу ўсяго тэрміна адпрацоўкі.

Увядзенне абавязковай адпрацоўкі для «платнікаў» выклікае толькі яшчэ большы «адток мазгоў»: нашмат прасцей і лагічней паступіць ва ўніверсітэт за мяжой, чым плаціць, а потым яшчэ і адпрацоўваць на стратных дзяржаўных прадпрыемствах.

Як і іншыя шматлікія спробы дзяржавы кантраляваць кожную сферу, новыя магчымыя змены ў сістэме адукацыі, прыдуманыя для залатвання існуючых дзірак, зусім не ўлічваюць сучасны кантэкст і не маюць пад сабой ніякага доўгатэрміновага планавання. Ніякія павярхоўныя меры па выратаванні цяперашняй жаласнай сітуацыі не прымусяць студэнтаў і студэнтак заставацца ў краіне, пакуль каранёвая праблема не будзе вырашана.

Report Page