Што чуваць пра «справу Мікалая Казлова»?

Што чуваць пра «справу Мікалая Казлова»?

Народная Воля

Лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі па-ранейшаму знаходзіцца ў следчым ізалятары, але сувязі з ім практычна няма.

Мікалай Казлоў

Нагадаем: Мікалай Казлоў раней ужо пабываў за кратамі. У мінулым годзе палітыка асудзілі на 3 месяцы за тое, што ён не пагадзіўся падпісаць паперу аб наразгалошванні зместу яго допыту следчым. Абарона партыйнага лідара падавала апеляцыю, аднак вышэйшая інстанцыя пакінула прысуд у сіле.

Адбываць пакаранне ў Баранавіцкім СІЗА Мікалай Казлоў пачаў у снежні мінулага года, выйшаў на волю ў сакавіку гэтага.

«З перапіскай была самая сапраўдная праблема, – распавядаў палітык «Народнай Волі» пасля свайго вызвалення. – Даходзілі толькі лісты ад блізкіх, а многія элементарна не аддавалі. Разводзілі рукамі і казалі: «Для вас нічога няма». Хаця я дакладна ведаю, што мне пісала шмат людзей. Не вядома, куды зніклі гэтыя лісты, але пры вызваленні мне іх таксама не аддалі. Магчыма, проста выкінулі ў сметніцу ці спалілі.

Я толькі не разумею, навошта парушаюць закон тыя, хто найперш павінен яго выконваць? Арыштанты маюць права на перапіску, але мяне гэтага права пазбавілі.

Таксама паставілі на ўлік як «схільнага да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасці». Патлумачылі: маўляў, таму, што раней прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. А паставілі на ўлік – гэта дадатковыя праверкі ў камеры, дадатковыя даклады. Павінен быў штодзень распавядаць, што я «схільны да экстрэмізму».

Гэта, на мой погляд, дастаткова прыніжальна і незаконна. Думаю, ёсць сэнс звярнуцца ў суд, каб высветліць стаўленне суда да такой ганебнай практыкі. Я, дарэчы, пісаў заяву з гэтай нагоды адміністрацыі СІЗА, але ніякай рэакцыі ў адказ не было».

Пасля выхаду на волю палітык планаваў у партыі «займацца тым, чым і раней займаўся», і за межы Беларусі не разлічваў з’язджаць.

«Будзем тут і далей змагацца за лепшае жыццё, – адзначаў Мікалай Казлоў. – Хаця разумею і іншае. Зараз надышлі такія часы, што любая апазіцыйнасць успрымаецца ўладамі варожа і нават агрэсіўна. У такіх умовах мы, безумоўна, павінны памятаць пра гэта і не падстаўляць сябраў нашай партыі.

Але тым не менш мы жывыя, існуём і маем намер далей займацца палітычнай дзейнасцю. Так, часы няпростыя, але гэта не нагода апускаць рукі і разыходзіцца. Гэта, наадварот, нагода для таго, каб мабілізавацца».

У ліпені Мікалай Казлоў ізноў быў затрыманы. Пазней Следчы камітэт паведаміў, што палітыку прад’яўлена абвінавачанне паводле артыкула аб арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўным удзеле ў іх.

«Натхніўся ідэяй вулічнай бойні і 55-гадовы Мікалай Казлоў – актывіст Аб’яднанай грамдзянскай партыі, які таксама з’яўляўся даверанай асобай самаабвешчанага лідара збеглых, – распавёў начальнік упраўлення Следчага камітэта па Мінску Сяргей Паско. – У жніўні 2020 года ён не толькі браў актыўны ўдзел у масавых беспарадках на вуліцах Мінска, але і актыўна выкарыстоўваў грамадзян Беларусі ў нізкіх мэтах сваіх куратараў.

Мікалай Казлоў кіраваў радыкальна настроеным натоўпам людзей, даваў пратэстуючым указанні, заклікаў блакіраваць дарогі і перашкаджаць праезду тэхнікі».

Зараз сястра Мікалая Казлова не мае сувязі з братам, лісты ёй не прыходзяць. Адвакат таксама не дае ніякай інфармацыі, бо знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні.

«Мікалай, як і мы, знаходзіцца ў інфармацыйным вакууме, – распавялі «Народнай Волі» аднапартыйцы старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі. – Здаецца, толькі маці Мікалая яшчэ летам атрымала паштоўку. Многія партыйцы дасылаюць лісты ў СІЗА, але не вядома, ці перадаюць іх».

– Я таксама не маю ні інфармацыі пра Мікалая Казлова, ні лістоў ад яго, – дадае намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Вольга БЕЛЯЎЦОВА. – Хаця яму пісала. Адвакаты зараз баяцца хоць нешта казаць пра сваіх «палітычных» кліентаў, таму навін – нуль.

– А што з Аб’яднанай грамадзянскай партыяй у сітуацыі, калі і партыйны лідар Мікалай Казлоў, і адзін з яго намеснікаў Аляксандр Кабанаў за кратамі? Можа быць, арганізацыя ўжо самаліквідавалася?

– Ды не, пакуль існуём. Робім нейкія справаздачы, кожны тыдзень праходзяць пасяджэнні Палітрады. Рыхтуемся таксама да з’езду, які плануем правесці ў лістападзе гэтага года. А пакуль што абавязкі старшыні партыі выконвае Генадзь Ананьеў – першы намеснік Мікалая Казлова.

– Колькі зараз у партыі чалавек?

– Спісачны склад – каля трох тысяч сябраў. Але калі пачнуць правяраць, то не выключаю, што лічба можа быць іншай – значна меншай. Час такі, што не кожны пагодзіцца пацвердзіць сваё членства ў партыі.

– Што далей будзе з Аб’яднанай грамадзянскай партыяй?

– Пакуль не ведаем. Будзе з’езд – там нешта і вырашым пра тое, як жыць далей. А на гэты момант партыя знаходзіцца, так бы мовіць, у паўжывым стане.

– Партыя дапамагае нейкім чынам Мікалаю Казлову і яго сям’і?

– Так, мы пералічваем грошы на яго асабісты рахунак у СІЗА. Пра гэта ведаю дакладна. Грошы аднапартыйцы пералічваюць у добраахвотным парадку – хто колькі можа.

– Магчыма, вы прымалі нейкія адмысловыя заявы з нагоды затрымання і ўтрымання пад вартай вашага партыйнага лідара?

– Здаецца, была адна такая заява адразу пасля затрымання. Але які сэнс у такіх заявах? Імі сітуацыю не зменіш.

Алесь СВЯТЛАНІЧ.


Прынцыповасць і справядлівасць – у яго характары

Мікалай Казлоў – падпалкоўнік міліцыі запасу. На працягу 17 гадоў працаваў старшым оперупаўнаважаным па асабліва важных справах крымінальнага вышуку УУС Цэнтральнага раёна Мінска. За гэтыя гады раскрыў сотні злачынстваў.

У 2008 годзе, ахоўваючы парадак на выбарчым участку падчас парламенцкіх выбараў, ён стаў сведкай таго, як пасля закрыцця ўчастка члены выбарчай камісіі ўкідвалі ў апячатаную скрыню бюлетэні. Казлоў напісаў пра гэта рапарт начальству, а калі дзейсных захадаў ніхто не зрабіў, паведаміў у незалежную прэсу. Казлова прасілі адклікаць рапарт, каб замяць справу, але ён праявіў прынцыповасць. У хуткім часе пасля гэтага сумленны міліцыянер вымушаны быў звольніцца з органаў і пайсці ў запас.

Пазней Мікалай Казлоў падрабязна распавёў на старонках «Народнай Волі» аб скандальным факце фальсіфікацыі вынікаў датэрміновага галасавання на выбарах у Палату прадстаўнікоў у верасні 2008 года, а таксама звярнуўся да сілавікоў і сябраў участковых камісій:

«Усім трэба дзейнічаць строга ў адпаведнасці з законам. Памятаць, што ўсе грамадзяне нашай краіны, уключаючы вас саміх, маюць гарантаваныя Канстытуцыяй правы і ваш абавязак іх ахоўваць. Не трэба выконваць незаконныя загады.

Нярэдка вашымі рукамі спрабуюць рабіць самую брудную працу, самі застаючыся ў цені. Няхай робяць самі. Калі вам загадваюць складаць відавочна сфальсіфікаваныя дакументы, пратаколы – адмаўляйцеся. Калі няма сіл супрацьстаяць – пішыце ад імя таго, хто аддаў загад, хай сам падпісвае.

Пры ахове скрыняў для галасавання на выбарчых участках памятайце, што старшыня камісіі не з’яўляецца вашым начальнікам і не можа аддаваць вам распараджэнні і кіраваць вашымі дзеяннямі, што б з гэтай нагоды ні казалі пры правядзенні інструктажу. Ваша задача – не дапусціць злачынстваў, а фальсіфікацыя выбараў – злачынства. Скрыня для галасавання павінна заўсёды знаходзіцца ў поле вашага зроку, усе астатнія праблемы няхай вырашаюць мабільныя нарады Дэпартамента аховы і патрульнай службы.

Хачу пажадаць, каб кожнаму з вас хапіла сіл застацца прыстойным чалавекам і захаваць самапавагу і чалавечую годнасць».

У 2015 годзе падчас датэрміновага галасавання на прэзідэнцкіх выбарах назіральнікі, якія былі на выбарчым участку №24 г.Мінска, таксама зафіксавалі двух «карусельшчыкаў» і ўбачылі, як ім плацілі грошы за фіктыўны ўдзел у выбарах. На назіральніка ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова, які пачаў пераслед «карусельшчыкаў», на вуліцы Багдановіча напалі і спрабавалі адабраць у яго ноўтбук. Ён выклікаў міліцыю і патрабаваў завядзення крымінальнай справы, хаця справа так і не была заведзена.

«Да 12 гадзін нібыта ўсё было нармальна, ішло звычайнае датэрміновае галасаванне, – распавядаў затым Мікалай Казлоў. – І тут маю ўвагу прыцягнуў адзін выбаршчык сталага веку – на ім быў капялюш не яго памеру, і паводзіў ён сябе на участку неяк няўпэўнена. Але зарэгістраваўся, кінуў бюлетэнь.

На выхадзе я падышоў да яго і папрасіў паказаць дакументы, а міліцыянера, які дзяжурыў на ўчастку, папрасіў іх праверыць. Ці сапраўды ён тут жыве і мае права тут галасаваць? Але міліцыянер і супрацоўнікі выбарчай камісіі адмовіліся правяраць, сказалі, што на гэта ў іх няма права. Той чалавек адразу сышоў, а я пайшоў за ім. На вуліцы Багдановіча ўбачыў, што ён далучыўся да кампаніі такіх жа, як ён, людзей сталага веку, недзе іх было 4–5, у тым ліку жанчына. Я пайшоў за імі і пазней убачыў, як ужо другая жанчына, маладзейшая, дае ім грошы – тым, якія ўжо прагаласавалі.

Пачаў здымаць іх праз ноўтбук, і тады два з іх на мяне накінуліся, ударылі па нагах, спрабавалі адабраць ноўтбук».

Мікалай Казлоў імкнуўся злавіць за руку фальсіфікатараў і падчас іншых выбарчых кампаній, таму ва ўлад, відаць, ёсць за што «крыўдаваць» на былога супрацоўніка міліцыі, а цяпер палітыка.


Публікацыя з №74 газеты "Народная воля". Падпісацца на газету.



Report Page