Што адбываецца ў Германіі

Што адбываецца ў Германіі

Арцыбіскуп Чарльз Шап'ю / First Things / Te igitur

У кнізе “The Making of Martin Luther” навуковец з Кембрыджа Рычард Рэкс заўважае, што сапраўдным пачаткам публічнай дзейнасці Лютэра быў не 1517, а 1518 год. 95 тэзісаў Лютэра выйшлі на шырокі нямецкі рынак у студзені 1518 года. Ён напісаў свае “Інструкцыі да споведзі” і “Казанне пра правільную падрыхтоўку сэрца да прыняцця Камуніі” ўвесну таго ж года. Менавіта “Казанне” пасеяла першае зерне пазнейшай паўнавартаснай атакі Лютэра на каталіцкую сакрамэнталогію: кардынал Каэтан разумеў гэта ўжо тады, калі сустрэўся з Лютэрам у Аўгсбургу ў кастрычніку 1518 года і прымушаў яго адмовіцца ад сваіх найбольш праблематычных поглядаў.

Лютэр адмовіўся зрабіць гэта. Далейшая гісторыя добра вядомая.

Роўна праз 500 гадоў пасля “Казання” Лютэра Камунія зноў стала прадметам дыскусіі ў Германіі. Гэтым разам дыскутуюць самі біскупы. Кардынал Мюнхена Рэйнхард Маркс і іншыя нямецкія біскупы жадаюць дазволіць пратэстанцкім сужэнцам каталікоў пры пэўных умовах прымаць Камунію, каі яны “пацвердзяць каталіцкую веру ў Эўхарыстыю”. Кардынал Кёльна Райнэр Вёлькі і шэсць іншых нямецкіх біскупаў супраціўляюцца гэтым спробам. Яны папрасілі тлумачэння ў Рыме. Ватыкан, аднак, адмовіўся ўмешвацца і вярнуў справу нямецкім біскупам, заклікаючы іх прыйсці да пагаднення на ўзроўні канферэнцыі.

Эмоцыі вакол гэтай справы ўзгарэліся раней у гэтым месяцы на нямецкай нацыянальнай каталіцкай сустрэчы. Прэзідэнт краіны разам з вядомай тэлевізійнай зоркай і іншымі асобамі публічна падтрымаў Маркса. Маркс сцвярджае, што “калі хтосьці галодны і мае веру, ён павінен мець доступ да Эўхарыстыі. Гэта павінна быць нашым імкненнем, і я не зніжу тэмпу ў гэтай справе”. Кардынал Вёлькі не згадзіўся, заўважыўшы, што “калі хтосьці кажа “так” рэальнай прысутнасці Хрыста ў [каталіцкай] Эўхарыстыі”, то ён таксама “натуральным чынам кажа “так” папству, іерархічнай структуры Касцёла, ушанаванню святых і шмат чаму іншаму” — усё гэта зазвычай адмаўляецца ў пратэстанцкім вераванні. Вёлькі таксама падкрэсліў, што “мы [у Германіі] з’яўляемся неад’емнай часткай паўсюднага Касцёла. Германія не можа быць выключэннем”.

Як людзі, біскупы часта не згаджаюцца паміж сабою. Унутраныя разыходжанні сустракаюцца ў кожнай біскупскай канферэнцыі, і іх пераадольваюць — што не дзіўна — унутры канферэнцыі. Але нямецкая сітуацыя адрозніваецца ў двух аспектах: непаразуменне набыла глабальную вядомасць, а дыскусія мае дактрынальную прыроду. Пытанні пра тое, хто, калі і чаму можа прымаць Эўхарыстыю, не з’яўляюцца выключна нямецкімі. Калі Эўхарыстыя, як казаў Другі Ватыканскі сабор, з’яўляецца крыніцай і вяршыняй нашага жыцця як хрысціянаў і пячаткай нашай каталіцкай еднасці, тады адказы на гэтыя пытанні маюць значэнне для ўсяго Касцёла. Яны датычацца ўсіх нас. І ў гэтым святле я прапаную наступныя пункты для разважання і дыскусіі, выказваючыся проста як адзін з многіх дыяцэзіяльных біскупаў:

1. Калі Эўхарыстыя сапраўды з’яўляецца знакам і інструментам эклезіяльнай еднасці, то, змяніўшы ўмовы прыняцця Камуніі, ці не дадзім мы фактычна новае азначэнне таму, што такое Касцёл і хто да яго належыць?

2. Наўмысна ці не, нямецкая прапанова непазбежна вядзе менавіта да гэтага. Гэта першы крок да адкрыцця Камуніі для ўсіх пратэстантаў або ўсіх ахрышчаных людзей, паколькі сужэнства фактычна не з'яўляецца ўнікальнай прычынай, каб дазваляць некаталікам прымаць Камунію.

3. Камунія прадугледжвае супольную веру і яе вызнанне, уключна са звышнатуральнай верай у сапраўдную прысутнасць Езуса Хрыста ў Эўхарыстыі, а таксама сем сакрамэнтаў, якія прызнаюцца пастаяннай традыцыяй Каталіцкага Касцёла. Аспрэчваючы гэты факт, нямецкая прапанова фактычна прымае пратэстанцкае разуменне эклезіяльнай еднасці. Атрымліваецца, дастаткова простага хросту і веры ў Хрыста, аднак не абавязкова верыць у таямніцу веры так, як яе разумее каталіцкая традыцыя і саборы. Ці трэба будзе пратэстанцкім сужэнцам верыць у святарскае пасвячэнне так, як яго разумее Каталіцкі Касцёл, бо гэта лагічна звязана з верай у кансэкрацыю хлеба і віна ў Цела і Кроў Хрыста? Або нямецкія біскупы сцвярджаюць, што сакрамэнт святарства не залежыць ад апостальскай пераемнасці? У такім выпадку мы мелі б справу з яшчэ больш сур’ёзнай памылкай.

4. Нямецкая прапанова парушае неабходную сувязь паміж Камуніяй і сакрамэнтальнай споведдзю. Мяркуецца, што яна не мае на ўвазе, што пратэстанцкія сужэнствы перад Камуніяй павінны будуць прыступаць да споведзі сур’ёзных грахоў. Аднак гэта знаходзіцца ў супярэчнасці з адвечнай практыкай і выразным дагматычным вучэннем Каталіцкага Касцёла, Трыдэнцкага сабору і сучаснага Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, а таксама звычайнага магістэрыя. Як вынік, гэтая прапанова прадугледжвае пратэстантызацыю каталіцкай сакрамэнталогіі.

5. Калі вучэнне Касцёла можна ігнараваць і калі пра яго можна дамаўляцца, нават калі гэтае вучэнне атрымала саборную дэфініцыю (у дадзеным выпадку, Трыдэнцкага сабору), то ці можна тады рэлятывізаваць і паўторна дамовіцца пра ўсе саборы? Многія сучасныя ліберальныя пратэстанты ставяць пад пытанне, адкідаюць ці проста ігнаруюць як гістарычны багаж вучэнне пра боскасць Хрыста, сфармуляванае Нікейскім саборам. Ці павінны будуць пратэстанцкія сужэнцы верыць у боскасць Хрыста? Калі яны павінны верыць у сапраўдную прысутнасць Хрыста ў сакрамэнце, чаму ж тады яны не павінны падзяляць каталіцкую веру ў святарскае пасвячэнне і сакрамэнт пакаяння? Калі яны вераць ва ўсе гэтыя рэчы, чаму іх не запрасіць стаць каталікамі і ўвайсці ў поўную, бачную еднасць?

6. Калі пратэстантаў запрашаюць да каталіцкай Камуніі, то ці будзе забаронена каталікам удзельнічаць у пратэстанцкай камуніі? Калі так, то чаму ім будзе забаронена? Калі не будзе, то ці не будзе гэта азначаць, што насамрэч каталіцкі погляд на святарства і сапраўдную эўхарыстычную кансэкрацыю памылковы? А калі ён памылковы, то ці не азначае гэта, што пратэстанцкае вераванне правільнае? Калі інтэркамунія не мае на ўвазе эквівалентнасці каталіцкага і пратэстанцкага здзяйснення Эўхарыстыі, то тады практыка інтэркамуніі заблытае вернікаў. Ці ж гэта не прыклад “скандалу” з падручніка? Ці ж не будуць многія бачыць у гэтым ветлівую форму падману і спробу схаваць цяжкое вучэнне ў кантэксце экуменічнай дыскусіі? Еднасць не можа будавацца ў працэсе, які сістэматычна хавае праўду пра нашыя адрозненні.

Сутнасць нямецкай прапановы па інтэркамуніі заключаецца ў тым, што будзе існаваць еднасць у святой Камуніі, нават калі не будзе сапраўднай касцёльнай еднасці. Гэта б’е ў самае сэрца праўды пра сакрамэнт Эўхарыстыі, таму што па сваёй прыродзе Эўхарыстыя з’яўляецца Целам Хрыста. А “Цела Хрыста” — гэта як рэальная і сутнасная прысутнасць Хрыста пад выглядам хлеба і віна, так і сам Касцёл, еднасць вернікаў, злучаных у Хрысце-галаве. Прымаць Эўхарыстыю азначае абвяшчаць урачыстым і публічным чынам, перад Богам і Касцёлам, што чалавек знаходзіцца ў еднасці як з Езусам, так і з бачнай супольнасцю, якая святкуе Эўхарыстыю.

Таму паміж знаходжаннем у еднасці ў супольнасцю і прыняццем Камуніі ў гэтай супольнасці існуе неад’емная сувязь. Гэтыя рэальнасці сыходзяцца ў адной кропцы.

З пратэстантамі нас яднаюць многія рэчы. Эпоха горкай палемікі прайшла, і сярод благаслаўленняў майго жыцця я магу назваць прысутнасць і прыклад сяброў-пратэстантаў вялікага хрысціянскага характару, эрудыцыі і адданасці Евангеллю. Нічога з напісанага мною не задумвалася як спосаб прынізіць іх надзвычайнае сведчанне. Аднак праўда таксама і тое, што важныя рэчы, якія ўсё яшчэ нас падзяляюць, і праблемы, якія нас раз’ядноўваюць, гэта не проста вербальныя артэфакты мінулай эпохі. Нашае раздзяленне — гэта рана на еднасці хрысціянаў, якой Бог не жадае; але гэта рэальнасць, якую трэба прызнаць. Дадаваць няпраўду ў найбольш урачысты момант спаткання чалавека з Езусам у Эўхарыстыі, казаць сваімі ўчынкамі: “Я знаходжуся ў еднасці з гэтай супольнасцю” і ў той жа час відавочна не знаходзіцца ў еднасці з гэтай супольнасцю, гэта хлусня і сур’ёзнае злачынства перад Богам.

У сваёй энцыкліцы Ecclesia de Eucharistia (2003) Ян Павел ІІ пісаў:

Аднак цэлебрацыя Эўхарыстыі не можа быць зыходнаю кропкаю камуніі, якую прадугледжвае як ужо існуючую, каб яе ўмацоўваць і весці да дасканаласці. У сакрамэнце праяўляецца гэтая сувязь камуніі як у нябачным вымярэнні, якое ў Хрысце яднае нас праз Духа Святога з Айцом і паміж намі, так і ў бачным вымярэнні, што ахоплівае Камунію ў дыяпазоне вучэння Апосталаў, сакрамэнтаў і іерархічнага парадку. Цесная сувязь, што ўзнікае паміж нябачнымі і бачнымі элементамі эклезіяльнай камуніі, прынцыповая для Касцёла як сакрамэнту збаўлення. Толькі ў такім кантэксце мы маем дачыненне з законнаю цэлебрацыяй Эўхарыстыі і з сапраўдным удзелам у ёй. Адсюль таксама вынікае істотная неабходнасць, каб Эўхарыстыя цэлебравалася ў камуніі, а дакладней, з захаваннем усіх яе сувязяў.

Што адбываецца ў Германіі, не застанецца ў Германіі. Аднойчы гісторыя ўжо дала нам гэты ўрок.