ШТО НЕ ТАК З ЛІСТОМ УЛАДЗІМІРА КАНАПЛЁВА ДА ПРЭЗІДЭНТА МІЖНАРОДНАЙ ФЕДЭРАЦЫІ ГАНДБОЛА

ШТО НЕ ТАК З ЛІСТОМ УЛАДЗІМІРА КАНАПЛЁВА ДА ПРЭЗІДЭНТА МІЖНАРОДНАЙ ФЕДЭРАЦЫІ ГАНДБОЛА

BSSF

Выканаўчы дырэктар BSSF Аляксандр Апейкін адрэагаваў на ліст старшыні Беларускай федэрацыі гандбола да кіраўніка IHF Хасана Мустафы:


Учора старшыня Беларускай федэрацыі гандбола Уладзімір Канаплёў выдаў "крык болі і адчаю" у адрас Хасана Мустафы. Калі коратка, то сам ліст - гэта энцыклапедычны крынж спартовых функцыянераў эпохі позняга лукашызму, таму можа зацікавіць толькі калекцыянераў.


Але паспрабуем разабрацца па сутнасці.


Спадар Канаплёў просіць прэзідэнта міжнароднай федэрацыі гандбола даць магчымасць нацыянальнай зборнай спаборнічаць з нацыянальнымі камандамі Азіі, Афрыкі і Бліжняга Усходу. У лісце быў поўны набор класічных прапагандысцкіх аргументаў: пачынаючы ад "незаслужаных санкцый МАК" і заканчваючы "ад гэтага пакутуюць дзеці ".


Далей Уладзімір Канаплёў скардзіцца, што санкцыі і ізаляцыя вядуць да адтоку дзяцей і моладзі з гандболу, іхняга пераходу у іншыя віды спорту, недабораў ў ДЮСШ, праблемаў са спонсарамі і агульнага экзістэнцыяльнага крызісу. Натуральна ж, у лісце не забыліся ўзгадаць пра "базавыя прынцыпы міжнароднага алімпійскага руху" і "даўнія дружэскія адносіны". 


Пры гэтым, спадар Канаплёў мае рацыю: на сённяшні дзень ніводны беларускі гандбаліст не ўдзельнічае ў вайне. Але затое некалькі з іх сядзяць за кратамі, а шмат хто выехаў і не можа вярнуцца на радзіму з-за палітыкі лукашызму, якую спадар Канаплёў аддана падтрымлівае. 


Чамусьці маўчыць спадар Канаплёў і пра нашых гандбольных сяброў з Украіны, куды мы ўсе так любілі прыязджаць. Гандбольная інфраструктура Украіны разбурана, дзеці і моладзь пакінулі свае гарады, адкат у развіцці гандбола назад на дзесяцігоддзі. Ці была хоць адна заява ў падтрымку ад БФГ? Ці нейкі крок салідарнасці? 


Нажаль, Уладзімір Мікалаевіч да сённяшняга дня не хоча зразумець, што: 


а) зборную Беларусі адхілілі ад спаборніцтваў за саўдзел беларускай дзяржавы ў ваеннай агрэсіі супраць Украіны, што парушыла статут ААН і Алімпійскую хартыю (бо ўварванне было падчас Алімпійскіх гульняў у Пекіне). Сённяшнія крытэрыі МАК па допуску да спаборніцтваў атлетаў з Беларусі і РФ выключаюць камандныя віды спорту, таму зборная Беларусі зможа вярнуцца на міжнародную арэну толькі пасля сканчэння вайны ва Украіне ці адпаведнага дазволу з боку МАК. А гэта, відаць, будзе няхутка.


б) разруха і крызіс ў беларускім гандболе ніяк не звязаны з санкцыямі. Гэта вынік працы кіраўніцтва БФГ - ні больш, ні менш. Сённяшні кіруючы і трэнерскі персанал беларускага гандболу не ўстане вывесці гэты спорт на нейкі сур'ёзны ўзровень. Дэградацыя на касмічных хуткасцях.


в) дзяцей і маладых гульцоў сапраўды шкада, асабліва, калі яны пачнуць разумець, у якую глыбокую яму кіраўнікі БФГ іх загналі.


Пры гэтым, ёсць багата механізмаў зняцця бану з дзіцяча-юнацкага гандболу, але дакладна гэта робіцца не такімі прымітыўнымі лістамі. 


Спецыяльна для кіраўніцтва БФГ патлумачу рэальную сітуацыю ў спартыўным свеце, каб не жылі ў сваіх ілюзіях. Асноўнае тое, што паўнавартаснае вяртанне на міжнародную арэну будзе магчыма толькі ў перыяд пасляваеннага ўпарадкавання. Для гэтага ўсяму беларускаму спорту прыйдзецца:


1. Альбо прызнаць акт саўдзелу ў агрэсіі супраць Украіны з адпаведнай адказнасцю перад Украінай, альбо абвесціць Беларусь акупаванай РФ тэрыторыяй з адпаведнымі патрабаваннямі да РФ. Пазіцыя "мы харошыя людзі і мы за мір" не мае ніякага юрыдычнага статусу. Замыліць пытанне не атрымаецца. Прыкінуцца шлангам таксама не атрымаецца. Яшчэ ёсць шанец вызначыць свой юрыдычны статус самастойна, інакш яго вызначаць за нас.


2. Так ці інакш прыйдзецца падпісаць Антываенную дэкларацыю. Гэты дакумент ужо ўзялі за аснову ў многіх краінах і федэрацыях. НАК Чэхіі таксама ўхваліў такі падыход. Учора ў Еўрапейскім парламенце адбылася першая дыскусія па гэтай тэме, якая атрымала падтрымку большасці ўдзельнікаў. Рэкамендацыі будуць накіраваны ў МАК і алімпійскія камітэта розных краін. 


3. Змяніць кіраўніцтва большасці федэрацый і спартыўных устаноў, замазаных у падтрымці палітыкі лукашызму, якая прывяла да масавых палітычных рэпрэсій у Беларусі і вайны ва Украіне.


4. Змяніць дзяржаўныя сімвалы, бо сённяшнія трывала асацыююцца з лукашызмам, прапагандай і вайсковай агрэсіяй. Масавы глядач ніколі не будзе падтрымліваць беларускія зборныя і клубы, якія выступаюць пад КЗ і капустай. Гэты агідны гімн ніхто ніколі не будзе спяваць. Грамадства ўжо да гэтага не вернецца. 


Ну і апошняе. Уласна мне вельмі шкада, што такія крывадушныя і неадэкватныя лісты публікуюцца ў дзень, калі ў беларускай турме насмерць закатавалі вядомага мастака Алеся Пушкіна. Гэта ёсць вялікая трагедыя, а не тое, што "беларускі гандбол пастаўлены на мяжу выжывання".

Report Page