«Сітуацыя блізкая да катастрофы». Паступіць на настаўніка можна з 10 баламі па ЦТ

«Сітуацыя блізкая да катастрофы». Паступіць на настаўніка можна з 10 баламі па ЦТ

https://nashaniva.com/?c=ar&i=275925

Мазырскі педуніверсітэт абвясціў дадатковы набор. Аб’ява красамоўная: запрашаюць абітурыентаў, якія набралі хаця б 10 балаў на ЦТ па мове, 10 па фізіцы і 20 па матэматыцы. Гэта мінімальныя балы, патрэбныя наогул для паступлення. І з такімі баламі чалавек можа атрымаць вышэйшую адукацыю за кошт дзяржавы.

Дакументы на бясплатнае навучанне прымаюць да 7 жніўня. Засталося сем бюджэтных месцаў на настаўнікаў матэматыкі і інфарматыкі, 15 — біялогіі і хіміі.

«Калі б толькі мазырскі ўніверсітэт, гэта было б паўбяды. Але бюджэтныя месцы на педагагічных профілях не запоўнены ва ўсіх ВНУ — у Мінску, Брэсце, Гомелі, Магілёве, Віцебску», — каментуе сітуацыю вядомы рэпетытар, заснавальнік адукацыйнага цэнтра «100 балаў» Яўген Лівянт.

Вось некалькі лічбаў. У Брэсцкім дзяржуніверсітэце імя Пушкіна на 22 месцы па спецыяльнасці «фізіка і інфарматыка» было пададзена 8 заяў. У гомельскім дадатковы набор на фізіку складаешэсць чалавек.

Яўген Лівянт кажа, што не шакаваны. Яшчэ восем год таму ён звяртаў увагу на праблему.

«З таго часу колькасць бюджэтных месцаў зменшылася — і ўсё адно недабор. У 2012 годзе было 265 месцаў на выкладчыкаў фізікі і матэматыкі ў педуніверсітэце ў Мінску. У 2021-м — 110 месцаў, — прыводзіць ён лічбы. — У многіх школах ужо няма настаўнікаў фізікі і матэматыкі. Бацькі расказваюць, як у дзяцей чвэрцямі замяняюць іншыя выкладчыкі ці наогул старшакласнікі».

Калі зайсці на сайт упраўленняў адукацыі Мінска, можна ўбачыць шмат вакансій. У Фрунзенскім раёне настаўнікаў матэматыкі не хапае ў 15 школах, фізікі — у 8. У Заводскім гэта 10 і 6 школ адпаведна. З улікам таго, што ў школах звычайна адзін-два выкладчыкі фізікі, падмены можа і не быць.

Што далей рабіць з абітурыентамі, якія ледзь адолелі парог на ЦТ, вялікае пытанне.

«Нават калі іх дабяруць, пасля ўсё адно адлічаць. Ці будуць маляваць ім адзнакі. Вучняў, які набралі менш за 60 балаў па матэматыцы, нельга пускаць у ВНУ. Не таму, што я такі радыкал. Яны проста нічога не змогуць зразумець, мой вопыт працы гэта паказвае. А каб спраўляцца з вышэйшай матэматыкай, павінна быць ад 70 балаў на ЦТ».

Эксперт характаразуе сітуацыю як «блізкую да катастрофы». Не хапае настаўнікаў па матэматыцы і фізіцы яшчэ і таму, што такім спецыялістам куды прасцей падацца ў IT, дзе заробкі непараўнальна вышэйшыя за школьныя. 





Report Page