Сілавікі Лукашэнкі проста на трэніроўцы затрымалі гульца «Макслайна». Партнёры думалі, што гэта розыгрыш яго нявесты, але і яна патрапіла за краты

Сілавікі Лукашэнкі проста на трэніроўцы затрымалі гульца «Макслайна». Партнёры думалі, што гэта розыгрыш яго нявесты, але і яна патрапіла за краты


Новая Беларусь.

На мінулым тыдні ў «Макслайне» адбылася чарговая нетыповая падзея, але пра яе самы яркі клуб першай лігі не стаў расказваць у сваіх сацсетках. На трэніроўку каманды ў Мінску заявіліся сілавікі Лукашэнкі, і сышлі яны адтуль не з пустымі рукамі - пажывіліся паўабаронцам экс-рагачоўцаў Цімафеем Лукашэвічам. Спачатку партнёры думалі, што сталі сведкамі розыгрышу, але даволі хутка яны скемілі, што ўсё па-сапраўднаму. Тэлеграм канал «О, спорт! Ты - мір!» даведаўся падрабязнасці гісторыі.

Хто такі Цімафей Лукашэвіч?

26-гадовы апорны паўабаронца ўжо амаль восем гадоў у прафесійным футболе, аднак вялікіх дасягненняў не мае. Займаўся ў СДзЮШАР-«Дынама», у 2015-м аказаўся ў дублі мінскага клуба, але ні тады, ні ў наступныя пару гадоў не змог прабіцца ў аснову «бела-блакітных». У студзені 2017-га Лукашэвіч працягнуў кантракт з «Дынама», але ўжо ў сакавіку адправіўся ў арэнду ў сталічны «Прамень» з першай лігі. Першапачаткова арэнда была разлічаная на паўгода, але ўлетку дамову працягнулі, і Цімафей дапамог калектыву стаць чэмпіёнам Д2 і выйсці ў «вышку». Паўабаронца вызначыўся трыма галамі ў 29 сустрэчах.

Апорнік застаўся ў камандзе Івана Біёнчыка і на наступны сезон: у студзені разарваў кантракт з «Дынама» і падпісаў паўнавартаснае пагадненне з «Прамянём». Праўда, у Д1 нагуляў няшмат - 15 матчаў без ачкоў. Пасля таго сезону «Луч» аб'яднаўся з магілёўскім «Дняпром» і пераехаў на ўсход Беларусі, абраўшы назву «Дняпро». У калектыве застаўся і Лукашэвіч. Праўда, год у новаўтворанай камандзе да канца не дагуляў. Правёўшы ўсяго восем паядынкаў (у сярэднім 55 хвілін на полі), у жніўні выправіўся ў арэнду ў "Граніт": 10 матчаў (у сярэднім 24 хвіліны на полі) за другую частку сезона.

У снежні 2019-га мінчук пакінуў «Дняпро» і на год застаўся без прафесійнага футбола - проста не меў прапаноў. Толькі ў лютым 2021-га кар'ера аднавілася - паўабаронца далучыўся да «Макслайну», які рыхтаваўся тады да чарговага сезону ў другой лізе. У камандзе з Рагачова Лукашэвіч дагэтуль, разам з ёй адгуляў сезон у Д3, выйшаў у Д2, летась прыняў удзел у першым «сутыку» з «Арсеналам» (выйшаў на замену ў канцы дадзенага часу) і, калі б не зацятасць АБФФ, то зараз бы рыхтаваўся да паядынкаў "вышкі".

Ну а так - пакуль ізноў Д2. На дадзены момант за плячыма Цімафея - 27 матчаў за "Макслайн" у чэмпіянаце і Кубку Беларусі (19 паядынкаў у аснове, у сярэднім - 70 хвілін на полі) і адзін гол. Гэта быў пераможны мяч у паядынку з «Асіповічамі» (3:0) у чэрвені 2022-га.

Засвяціўся Лукашэвіч і на міжнародным узроўні. Яшчэ гульцом "Луча" ў 2017-м правёў два матчы за маладзёжную зборную Беларусі. У сакавіку і маі паўабаронца агуляў таварнякі з аднагодкамі з Латвіі (3:4) і Расіі (0:7) адпаведна. Людас Румбуціс адвёў апорніку з латвійцамі 32 хвіліны, з расіянамі - 45. І свой след у гісторыі калектыву Лукашэвіч пакінуў. У дэбютным матчы за "маладзёжку" выйшаў на замену на 58-й хвіліне і паспеў адзначыцца дублем (забіваў на 63-й і 94-й хвілінах).

Гэтай зімой 26-гадовы апорнік разам з "Макслайнам" рыхтаваўся да новага сезона ў першай лізе. Але прама зараз гульцу не да футбола. І справа зусім не ў нейкіх спартовых чынніках.

Што здарылася з футбалістам?

25 сакавіка "Макслайн" у Мінску правёў спарынг з БАТЭ (1:1). Аднак ні ў аснове, ні на замене Лукашэвіч не фігураваў, хаця ў «таварняку» з «Асіповічамі» 18 сакавіка апорнік трапіў у заяўку (папярэднія спарынгі прапускаў праз траўму).

На старонцы ВК ужо па факце віцебскай каманды - "Макслайн" пераехаў з Рагачова ў абласны цэнтр - адсутнасць мінчука пазначана словам "іншае". Не траўма, не яшчэ нешта, а "іншае". Пры гэтым ніводзін чалавек у каментарах не задаўся пытаннем, куды ж знік Лукашэвіч.

За пару дзён да гэтага Цімафей адсвяткаваў 26-годдзе (у сацсетках клуб назваў паўабаронцу «адным з самых загадкавых і безразважных гульцоў нашага калектыва»), быў у выдатным настроі і паўнавартасна трэніраваўся пасля траўмы.

Ну, а "іншае" з ім адбылося 23 сакавіка. У той чацвер каманда праводзіла занятак на стадыёне ФК "Мінск" на Маякоўскага. У нейкі момант на трэніроўку заявіліся нейкія носьбіты формы - сілавікі Лукашэнкі. Трэніроўка была спыненая, і ўсе сталі сведкамі затрымання гульца. Па нашай інфармацыі, ніякіх абвінавачанняў Лукашэвічу прад'яўлена не было, ды і абышлося без гвалту ў прысутнасці відавочцаў - затрыманне прайшло спакойна. Гульца, які не аказваў ніякага супраціву, павялі са стадыёна.

Некаторыя адразу не зразумелі, што здарылася. Людзі меркавалі, што гэта нейкі розыгрыш, пранк, бо нявеста Цімафея – Кацярына – менеджэр, якая супрацоўнічала з кампаніяй «Імперыя квэстаў». Забаўляльны праект арыентаваны на правядзенне выязных квэстаў. Жанры прапануюцца зусім розныя: крымінальныя баевікі, містыка, трылеры, хорары, фантастыка, прыгоды. Аб працы Кацярыны ведалі і партнёры Лукашэвіча па камандзе, таму і падумалі, што з'яўляюцца сведкамі чарговага квэста, які арганізавалі Кацярына і яе калегі.

Аднак сумневы развеяліся, калі гульцы даведаліся, што разам з Лукашэвічам затрыманая і яго нявеста (праўда, дзе гэта адбылося, невядома). Ну а затым абодвум прысудзілі да 10 сутак адміністрацыйнага арышту (што прад'явілі пары, мы не ведаем). На наступны дзень пасля затрымання Кацярыне споўнілася 26 гадоў.

Сацыяльныя сеткі і Кацярыны, і Цімафея маўчаць ужо некалькі дзён. Напрыклад, футбаліст заходзіў у ВК пяць дзён таму, яго нявеста - шэсць.

Што гавораць у клубе і «Імперыі квэстаў»?

Ад імя зацікаўленых кліентаў мы звязаліся з кампаніяй "Імперыя квэстаў" і паспрабавалі высветліць, ці можна пагутарыць з Кацярынай. Аднак па вайберы нам ніхто не адказаў. У мэсэнджары высвечваецца, што абанент апошні раз быў анлайн 24 сакавіка (на наступны дзень пасля затрымання Цімафея і Кацярыны). Засталіся непрачытанымі паведамленні і ў Instagram, і ў ВК.

Тэлеграм-канал «О, спорт! Ты - мір!» звязаўся таксама з дырэктарам «Макслайна» Андрэем Іваненкам, каб даведацца пра стан траўмаваных гульцоў, якія прапускалі матч з БАТЭ, а таксама пра прычыны адсутнасці ў заяўцы Лукашэвіча.

Функцыянер распавёў, што ў Раману Андрэенка выдалены меніск (тэрмін аднаўлення - пачатак чэрвеня). Мікалай Давыдзенка яшчэ ў кастрычніку зламаў вялікую і малую галёначную косці, але цяпер ужо працуе ў агульнай групе. Павел Кляньё выбыў на 2-3 тыдні праз расцяжэнне звязкаў сцягна, у Сяргея Балановіча ўдар спіны (вернецца ў строй праз пару дзён). Раман Бурэц пацягнуў пах (тэрміны аднаўлення - два тыдні). Аляксандр Конеў вывіхнуў галёнкаступ і вернецца, па плане, праз два тыдні.

Што да Цімафея Лукашэвіча, то, па словах Іваненкі, той ударыў галёнкаступ і выбыў на два тыдні. На пытанне, чаму ж паўабаронца ўнесены не ў спіс траўмаваных, а яго адсутнасць у матчы з БАТЭ тлумачыць нешта "Іншае", функцыянер адказаў, што "акрамя траўмы ён [Лукашэвіч] адсутнічаў на гульні яшчэ і па асабістых прычынах".

Фота: vk.com/maxlinefc

Report Page