Рыгор Кастусёў пераведзены ў калонію “Воўчыя норы”

Рыгор Кастусёў пераведзены ў калонію “Воўчыя норы”

Народная Воля

Як паведаміў зяць Рыгора Кастусёва Зміцер Антончык, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў пераведзны для адбыцьця пакарання ў папраўчую калонію №22 у Івацэвічах.

Гэтая папраўчая ўстанова вядома пад назвай “Воўчыя норы” і славіцца жорсткім стаўленнем да зняволеных. На дадзены момант у ПК-22 знаходзіцца каля паўсотні іых, каго праваабронцы прызнаюць палітвязнямі, ў тым ліку паплечнікі Рыгора Кастусёва па Партыі БНФ Уладзімір Мадахоўскі і Павел Юхневіч.

Рыгор Кастусёў быў затрыманы 12 красавіка 2021 года ў Шклове. Яго змясцілі ў СІЗА КДБ па справе паводле артыкула 357 КК “Змова ці іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады”. Па гэтай справе, акрамя Кастусёва, былі асуджаныя Аляксандр Фядута, Юрась Зянковіч, Дзяніс Краўчук і Вольга Галубовіч.

У зняволенні ў Рыгора Кастусёва абвастрыліся праблемы са здароўем. У яго выявілі анкалагічнае захворванне.

Разгляд справы пачаўся 29 ліпеня 2022 года ў Мінскім раённым судзе. Сваю віну Рыгор Кастусёў не прызнаў.

30 жніўня дзяржаўны абвінаваўца Міхаіл Кавалёў запатрабаваў для палітвязня 12 гадоў зняволення. 5 верасня суддзяУладзімір Арэшка прызнаў Рыгора вінаватым і прысудзіў яму 10 гадоў зняволення ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. 29 лістапада Вярхоўны суд пакінуў прысуд палітвязню ў сіле.

9 снежня 2022 г. МУС дадало старшыню Партыі БНФ Рыгора Кастусёва ў “Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці”.

Ігар МАРОЗАЎ.

Публікацыя з № 102 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.



Report Page