Рухайся наперад: заява беларускіх анархістаў аб немагчымасці супрацы з ультранацыяналістамі

Рухайся наперад: заява беларускіх анархістаў аб немагчымасці супрацы з ультранацыяналістамі


Акцыя нацыяналістаў з Руху ў гонар калабаранта Міхала Вітушкі


На пачатку лістапада 2022 года, пасля больш чым 2 гады з пачатку актыўных пратэстаў у Беларусі і трохі больш кароткага перыяду актыўнасці беларускай дэмакратычнай дыяспары ў Польшчы, на вуліцы Варшавы знянацку выйшлі ультранацыяналісты з арганізацыі "Рух". Адной з іх першых акцый быў выхад на дэманстрацыю 11 лістапада побач з польскімі нацыяналістамі. На тую самую акцыю, у шэрагах якой ішлі людзі з банерам "Не - украінізацыі Польшчы" і "Гэта ня наша вайна". Пра гэтыя бязглуздыя лозунгі пісалі ва ўсіх СМІ, але нацыяналісты з Руху ў сваёй справаздачы адзначыліся толькі радасным воклічам аб адзінстве з польскімі пабрацімамі. Не было ні слова супраць і калі польскія нацыяналісты паўтарылі акцыю "Гэта ня наша вайна" напрыканцы студзеня. 

Банер "Гэта ня наша вайна" на акцыі, дзе ўдзельнічалі беларускія нацыяналісты


Замест засцярогі ад ізаляцыі перад тварам глабальных выклікаў і асуджэння абыякавасці да чужога гора, Рух ужо на наступны дзень зладзіў сумесную акцыю з нагоды пачатку паўстання Каліноўскага з польскімі нацыяналістамі з арганізацыі 3droga. Між іншых на акцыі гучалі лозунгі кшталту "Слава арыйскай нацыі". Мы ўжо пісалі пра тое, чым небяспечны нацыяналізм увогуле і чаму ён супярэчыць ідэі дэмакратыі, а зараз крыху падрабязней пра нацыяналістаў з Руху і 3drogi. 

Пачнем з польскіх прыхільнікаў моцнай рукі і культурнай ізаляцыі. Мы звярнуліся да антыфашыстаў з 161crew па каментар і атрымалі наступны адказ: 

"Гэта маладыя польскія нацыяналісты, лідарам якіх з'яўляецца Мілаш Мышкоўскі. Мы называем такіх як яны "Prawica Putina" (прапуцінскія правыя), бо яны супрацоўнічалі з "Rodzimowiercami" (рэканструктывісцкімі паганцамі) i "Praca Polska". Абедзьве гэтыя арганізацыі маюць прапуцінскія сувязі, а апошнія таксама вельмі пазітыўна выказваліся пра Лукашэнку. Таксама яны падтрымліваюць ультракансерватыўную каталіцкую арганізацыю па вывучэнні "польскіх каранёў" Ordo Iuris, якая непасрэдна спансуецца Крамлём. Падчас Страйку кабет яны заклікалі да нападаў на жанчын, нават з выкарыстаннем тэлескапічных дубінак. Увогуле гэта дзеці з багатых дамоў, якія маюць вельмі кансерватыўныя погляды. Падрабязнасці пра названыя арганізацыі шукайце на нашым сайце".

А што наконт нацыяналістаў у Руху? Мы звярнуліся да іх маніфеста, каб высветліць падрабязней пра погляды гэтых маладзёнаў, але знасці адказы было не так проста. Яны імкнуцца не казаць аб сваіх палітычных перакананнях і хаваюць іх за папулісцкімі агульнымі фразамі. Прывядзем прыклады.

"Мы зьяўляемся беларускімі нацыяналістамі", пішуць яны, але следам "ня можам сказаць, што прытрымліваемся нейкай пэўнай палітычнай плыні". Гэта супярэчанне, бо нацыяналізм - гэта палітычная ідэялогія. Тут бачная спроба абысці вострыя пытанні і стаць чарговым папулісцкім "аб'яднаўчым" цэнтрам. Чаму папулісцкім?

"Беларусь перад усім" і аб'яднанне "дзеля агульнай працы на карысьць нашай Радзімы", так пазначаюць яны сваю галоўную мэту. Але што за праца? Гэтыя агульныя словы не даюць уяўлення ані аб тым якой яны бачаць будучыню Беларусі, у тым ліку палітычны строй, ані аб тым, якім чынам прапануюць яе дасягнуць. "Мы выступаем за кансалідацыю беларусаў, таму добра ставімся да супрацы зь любымі ініцыятывамі". Нарэшце, удзельнікі лукашэнкаўскай банды таксама могуць лічыць, што дзейнічаюць на карысць Беларусі. Сам дыктатар не раз казаў пра тое, што ён гарант суверэнітэту, аб тым самым казаў і Зянон Пазняк, які заклікаў не пратэставаць супраць Лукашэнкі, бо той нібыта бароніць хоць бы фармальны суверэнітэт ад Расеі. Чым гэта скончылася, мы ведаем. Фармальнае існаванне Беларусі апынулася для некаторых "перад усім", у тым ліку перад існаваннем дэмакратыі ў краіне. Дарэчы, Пазняк сустракаўся з сябрамі Руха. 

Можа падказку дасць тое, якія напрамкі дзейнасці абіраюць рухаўцы? Яны пералічваюць: удзел у масавых мерапрыемствах, культурна-адукацыйная дзейнасць, валантэрская і спартова-вайсковая дзейнасць. На якім з гэтых кірункаў у дыяспары раней не было арганізацыі ці ініцыятывы, якая б займалася тым самым? Усё гэта людзі даўно ўжо робяць і без Руха. Але нацыяналісты жадаюць менавіта аб'яднаць людзей пад сваім крылом.

Большасць з іх акцый - гэта ўзгадкі пра нейкія значныя падзеі з беларускай гісторыі і пра постаці беларускіх нацыяналістаў. Гэта можа быць цікавым, але не выглядае найбольш актуальным напрамкам дзейнасці ў дачыненні да бягучых падзей, не набліжае крах дыктатуры ці канец вайны. Затое гераізацыя гісторыі і прыгожыя лозунгі аб усім і ні аб чым моцна ўздзейнічаюць на пачуцці людзей. Вось і адказ, навошта новая, чарговая структура. Гэты шараговы папулісцкі авангард, які імкнецца засяродзіць на сябе, манапалізаваць тую дзейнасць, якая і без таго рабілася. Сімпатыі да Пазняка з яго аўтарытарным мысленнем ужо не здаюцца выпадковымі. Падтрымліваць Пазняка супраць Лукашэнкі - тое самае, што падтрымліваць Лукашэнку супраць Кебіча. 

Найбольш іранічна гэты скрайні нацыяналізм выглядае з улікам таго, што сябры Руха паходзяць з фанацкіх груповак менскіх ФК "Тарпеда" і "Дынама", якія часцяком адзначаліся не толькі неанацыскімі поглядамі, але і сімпатыямі да расейскіх імперцаў. 

Расейскі імперскі сцяг раней ня рэдка можна было сустрэць на трыбунах менскага "Дынама"


Любоў да Радзімы і прага пашыраць беларускую культуру і гісторыю - гэта яшчэ не нацыяналізм, калі ты не лічыш, што гэтыя мэты больш важныя, чым дэмакратыя. Нацыяналісты - прыхільнікі моцнай улады і лічаць, што можна парушаць любыя правы людзей (напрыклад, права самому абіраць, якой мовай карыстацца) дзеля развіцця нейкай адной аднастайнай культуры. Іх логіка - спачатку "беларушчына", потым беларусы, больш пільнае стаўленне да стану культуры, чым да патрэбаў людзей. Але каб ведаць гісторыю, карыстацца мовай, з цікаўнасцю ставіцца да лёса Бацькаўшчыны, не абавязкова быць нацыяналістам і нават пажадана не быць ім. 

Нацыяналізм - рух у цемру мінуўшчыны, з выбудоўваннем межаў паміж народамі і верай у моцных павадыроў. Мы заклікаем не супрацоўнічаць з людзьмі, якія з'яўляюцца ворагамі разнастайнасці, гуманізму і дэмакратыі. На дэмакратычнай трыбуне не павінна быць месца тым, хто прапагандуе міжнацыянальную варожасць і спрабуе сасватаць беларусаў з новым дыктатарам, але пад больш прыгожым сцягам. Падтрымай дэмакратыю: пакінь у мінулым забабоны і рухайся наперад!



Report Page