Новы Relikt: stereo review

Новы Relikt: stereo review

Аляксандр Чарнуха, Максім Жбанкоў

З нагоды выхаду "Byli, Jość, Budziem" — альбома кавераў на рок-песні беларускіх 1980-90-х — мы папрасілі выказацца двух крытыкаў: амаль аднагодка незалежасці Аляксандра Чарнуху і "інваліда ракенрола" Максіма Жбанкова.

Слухаць

Аляксандр Чарнуха. "Byli, Jość, Budziem": музей для неафітаў

Альбом-рэспект, альбом-музей, альбом-рэтраспектыва — фармат для сусветнай рок-музыкі даволі стандартны і неабходны, але менавіта ў беларускім кантэксце і проста цяпер, на жаль, адзінкавы. Сабраць у лонгплэй цікавыя і невядомыя масавай маладой аўдыторыі песні з залатой калекцыі беларускага року, прычым не пераасэнсаваныя, а, фактычна, рэканструяваныя — гэта няўдзячная справа для выключных пасіянарыяў. 

Нармальная гісторыя ў сусветным кантэксце — калі зоркі збіраюцца, каб адрэспектаваць культаваму гурту. Пераемнасць пакаленняў, зварот да класікі, гульня з сэнсамі і, як вынік — новае прачытанне класічнага рэпертуару. Так неафіт знаёміцца з "бацькамі", старыя гурты атрымліваюць новую аўдыторыю, якая потым прыходзіць на іх канцэрты і спявае хіты трыццацігадовай даўніны. Гістарычная памяць у самым правільным значэнні. Такі фармат цалкам натуральны, напрыклад, у Польшчы, дзе модныя артысты спяваюць песні Lady Pank. Але цяжка ўявіць, што ЛСП выканае "Слуцкую браму", а Макс Корж запіша сваю версію "Калі імперыя знікне". 

Гурт Relikt пачынаў якраз не з аўтарскага рэпертуару, а з рэканструкцыі гранж-спадчыны. Прычым не з Nirvana, а з больш складанага матэрыялу гуртоў кшталту Alice in Chains і Therapy. Ёсць выдатная беларускамоўная версія "Old Man" Ніла Янга, ёсць вялікі досвед працы з аўтэнтычным матэрыялам. То бок, хлопцы з Relikt цудоўна сябе адчуваюць на гэтай тэрыторыі і ўмеюць педантычна і далікатна, на высокім узроўні апрацоўваць не ўласную творчасць. Генетычна гэта вельмі зручны і блізкі для гурта падыход. 

Але ў гэтым выпадку Relikt выйшлі на новую сцежку, таму што "Byli, Jość, Budziem" — не пераасэнсаванне і не трыб’ют. У альбома зусім іншыя задачы. Гэта не просты шлях і не спроба зарабіць сабе дадатковыя балы, пагуляўшыся з беларушчынай. Каб дамагчыся такога эфекту, можна было б пераспяваць "Тры чарапахі", "Касіў Ясь канюшыну" і, каб было менш відавочна і больш актуальна, "Радыё Свабода". І зладзіць фотасесію, адзеўшы вышыванкі і прыляпіўшы песняроўскія вусы (я не жартую, шматпакутная гісторыя беларускай музыкі ведае і такія прыклады). Карацей, можаце дамаляваць больш вычарпальную карціну - фантазіі, спадзяюся, хопіць. 

Пры гэтым, мы маем справу з не цалкам перапрацаванымі кампазіцыямі, дзе ад арыгіналу засталіся хіба толькі словы прыпеву. 

"Byli, Jość, Budziem" — гісторыя музейна-адукацыйная. Песні для альбома выбіралі не па прынцыпе колькасці праслухоўванняў на Spotify ці праглядаў на YouTube, а каб вытрымаць канцэпцыю і прадэманстраваць слухачу, што, нягледзячы на архаічны саўнд і кампазіцыйныя хібы, усе гэтыя тэмы і сэнсы звышактуальныя цяпер. Проста новае пакаленне беларускіх музыкаў з імі амаль не працуе. 

Не напісалі новую "Атлантыду", не з’явілася "Краіны талераў". Я ўжо не кажу пра "Пляц Францыска". Ва ўмовах дэфіцыту новых сэнсаў Relikt спрабуюць сябе ў ролі рэстаўратараў і перазапісваюць важныя кампазіцыі так, каб максімальна адпавядаць арыгіналу. У гэтым музеі можна пазнаёміцца з пафарбаванай класікай. Бо, напрыклад, "Пана Руста" дагэтуль увогуле не існавала ў фармаце якаснага запісу.  

Рэстаўрацыя здабыткаў беларускай культуры таксама можа быць розная: свежы прыклад з Навагрудка нам гэта цудоўна дэманструе. Можна залезці ў Abletone і наляпіць на старыя сэнсы пластыкавага сайдынгу, каб было сучасна і танна. Relikt жа выкарыстоўвае дарагія фарбы: гэта запіс, які пражыве да наступнай рэстаўрацыі праз 35 гадоў. Праўда, ёсць пэўныя нюансы. 

На альбоме "Byli, Jość, Budziem" гурт Relikt выконвае важную місіянерскую задачу: запрашае новую аўдыторыю пазнаёміцца з дасюль актуальнымі  героямі беларускага року. Іншая справа, ці трапіць гэты альбом у плэйлісты неафітаў? Яго няма на лічбавых пляцоўках і ў YouTube-фармаце. Пра яго не пішуць маладыя і модныя медыя (ці ёсць яны зараз увогуле?). Яго не абмяркоўваюць адпаведныя лідары меркаванняў. 

То бок, гэты цудоўны запіс, гэтая важная праца проста не зачапіла неабходную частку мэтавай аўдыторыі і праз гэта згубіла пэўны сэнс. Яна працуе са слухачом на знаёмай і камфортнай тэрыторыі, дзе кожны ведае арыгінал, можа заспяваць словы па памяці і пазнае чалавека на вокладцы. 

У любым выпадку, ад гэтага запісу не варта чакаць хуткага эфекту. Ён проста ёсць, і ў гэтым яго галоўная каштоўнасць. 

Але "Byli, Jość, Budziem" — рэч, якой проста неабходна зрабіцца моднай. Каб ёй было магчыма проста існаваць і выконваць сваю задачу: запрашаць мінака ў Залю Славы беларускага року. Яна мусіць вісець бігбордам па ўсім беларускім інтэрнэце і літаральна крычаць пра сваё існаванне. 

Калі новыя сэнсы не з’яўляюцца, то давайце хаця б так. 


Гурт Relikt

Максім Жбанкоў. Радыё Атлантыда

Каверы — дзіўная рэч. Гэта вайбы ды мэсіджы, якія ты прысабечваеш, каб агучыць як свае. Гэта чужая мова, на якой ты прамовіў бы сам, калі атрымалася б нарадзіцца Куртам Кабейнам ці Дэвідам Боўі. Кавер-бэнд — школка для пачаткоўцаў, крыніца прыбытку для пасрэдных профі і ментальны шэлтар для ракенрольных недарэкаў. Гучаць у ценю мёртвых герояў — напраўду такое сабе суцяшэнне. Але ёсць іншая кавер-прастора. Зона культурнай камунікацыі, пшэпустка ў той космас, куды ты крыху спазніўся. Альбо адчуў ягоны смак толькі цяпер. Гэтыя каверы — пашырэнне прасторы магчымага, вяртанне былога і фортка ў будучыню. Дыялог з традыцыяй, у якім неістотна, хто дакладна першым урубіў электрычнасць. Галоўнае, што кайф не спыняецца. Бо заўжды ёсць адкуль пазычыць паліва.

У нас шмат чаго няма. Спакою ды стабільнасці. Нашых святаў без чорных блазнаў. Разбураных муроў і няскручаных кранаў. Прысудаў інфа-кілерам і публічнага працэсу над вусатым. Канчатковага разводу з Расеюшкай. Вяртання дадому. А яшчэ — нармальна прапісанай мапы падзеяў найноўшай гісторыі. Архіваў ды прамоцыі ў незалежнай культуры фатальна не стае. Круглыя вочы ў адказ на "Шалкевіч" ці "Вольскі" — нармальная справа. Упэўненасць, што "Народны альбом" — гэта чытанка — не прабел у адукацыі, а прастрэл у культурным полі. Таму нашыя каверы — па пафасе першыя ў свеце. Бо сшываюць разарваную прастору траўмаванай свядомасці. Гэта плюс. І гэта ж мінус.

Новы рэліз ад Relikt — дзесяць кавераў айчыннага року пачатку 1990-х — на першы погляд, не назавеш звышактуальным. У сэрцы нашай катастрафічнай міграцыйна-турэмна-прыціснута-паліцэйскай рэчаіснасці мілыя сантыменты ды рамантычныя электрычныя мары першай генерацыі ракенрольных незалежнікаў глядзяцца нататкамі піянера, які яшчэ не знайшоў у кішэні свой квіток у Асвенцым. Падлеткавае пазёрства ды летуценныя багемныя замалёўкі напалам з кніжным патрыятызмам — гэта пра сёння? Гэта пра нас? Як ні дзіўна — але так.

"Byli, Jość, Budziem" — канцэптуальная складанка не самага раскручанага з ракенрольных шуфлядаў. Падазраю, што нават ангажаваным меламанам новай хвалі нацыянал-рамантызму большасць трэкаў будзе невядомай. І тут ёсць свая праўда: музыкі агучваюць не "зэ бэст оф" музычнага супраціву ці пачак бясспрэчных зацёртых хітоў. Размова хутчэй пра спробу рэканструкцыі пэўнага стану супольнай свядомасці культурніцкіх актывістаў на світанку нашай незалежнасці. 

Таму матэрыял няроўны — ад бардаўскіх распеваў Сокалава-Воюша да мроеўскага хард-року ды бондаўскага нью-вэйву. Таму лірыка піянерская — узнёслая ды мазаічная. Таму падаецца, што не хапае галоўнага — чагосьці накшталт улісаўскага "Радыё Свабода". Але ж акей. Бо гэта ўсё — спевы першаснага культурнага самавызначэння. Песні недабудаванай (але ўжо прымроенай) нацыі.

Атлантыда была менавіта такой. Шурпатай. Самаробнай. Амбітнай. З саўндам, запазычаным з польскіх плытак ды брытанскага радыё. З адчайнай прагай лепшага і вострым недахопам тэхнічнага аздаблення. Рух меншасці, якая адмаўлялася маўчаць. Чаму гэта істотна сёння? Бо час нібыта адкруціўся назад. І, як у шалёным рыплэі, зноў маем маўклівых суайчыннікаў, траўматычнае сёння і прымроенае заўтра. А таксама — патрэбу ў электрычнай падтрымцы традыцыі нязгоды. 

Relikt робіць тут надзвычай істотнае: адбудоўвае пераемнасць ракенрольнай партызанкі. Супраціў для імбрыкаў, якія толькі ў 2020-м уцямілі, што ў нас дыктатура.

Варта зразумець, што "Byli, Jość, Budziem" — перадусім культурная падзея. Таму, соры, не надта істотна, як гэта зроблена. Важна, што яно ёсць.

У музычным плане — без сенсацый. Маем выдатную здольнасць артыстаў усё перакладаць на "рэліктаўскую". З відавочнымі рэверансамі "супергуку 1990-х" і стадыённаму року з бясконцымі (месцамі амаль карыкатурнымі) гітарнымі запіламі. Этна-складнік фірмовага саўнду гурта рашуча вынесены за дужкі — настолькі, што часам карціць адрубіць ток і раздаць музыкам штосьці акустычнае. Так, бачым вельмі прафесійны бэнд з адмысловым почыркам і выдатным разуменнем, што ды як трэба рабіць. Але ці пасуе гэты адладжаны саўнд з усімі прадказальнымі фішачкамі ды фенечкамі вымушанаму мінімалізму, шурпатай энергетыцы ды дзікунскаму драйву нашых колішніх герояў? Гаражныя гульні сыходзяць у хай-тэк гламур. І трапляюць у разрыў паміж рознымі генерацыямі слухачоў.

Чаго не хапае? Пылу. Самоты. Памылак.

Пярэсты рэтра-матэрыял (паўтаруся, адабраны разумна і годна) ціха супраціўляецца свайму серыйнаму пераўтварэнню ў power pop перадапошняга разліву. Губляюцца нюансы ды адценні. І гучыць рандомнае Радыё Атлантыда.


Report Page