Разважанні пра Ларэтанскую літанію (22)

Разважанні пра Ларэтанскую літанію (22)

Дж. Г. Ньюмэн

** Дваццаць другога мая
** Марыя — Virgo prudentissima, Панна найразважлівая*

На першы погляд можа здавацца незразумелым, якім чынам цнота разважлівасці звязана з выпрабаваннямі і балесцямі жыцця Найсвяцейшай Дзевы, аднак, калі паглядзець пад пэўным вуглом, гэтыя выпрабаванні нагадваюць нам пра яе разважлівасць. Трэба памятаць, што яна з'яўляецца вялікім прыкладам не толькі сузіральнага жыцця, але і жыцця дзейнага, а дзейнае жыццё, калі яго добра вядуць, гэта адначасова жыццё пакаяння і жыццё разважлівае. Вось жа, Марыя рабіла шмат знешняй працы і цяжкай паслугі, як любая сястра міласэрнасці ў нашы часы. Зразумела, яе абавязкі змяняліся ў залежнасці ад перыяду яе жыцця: яна была малой памочніцай, жонкай, маці, удавою — але ўсё ж ейнае жыццё было напоўнена штодзённымі і штогадзіннымі абавязкамі. Прабываючы ў чужым Егіпце, яна мела абавязкі перад беднымі язычнікамі, сярод якіх знаходзілася. Жывучы ў Назарэце, яна мела абавязкі перад родзічамі і суседзямі. Хоць гэта і не запісана ў Святым Пісанні, яна мела свае абавязкі падчас усіх тых гадоў, калі наш Пан прапаведаваў і абвяшчаў сваё Валадарства. Пасля таго, як Ён пакінуў гэтую зямлю, яна мела абавязкі перад апосталамі, а асабліва перад евангелістамі. Яна мела абавязкі перад мучанікамі і перад вызнаўцамі ў вязніцах; перад хворымі, перад непісьменнымі і беднымі. Затым яна была вымушана ехаць са св. Янам у іншую краіну, краіну язычнікаў, дзе яна шчасліва памерла. Але перад смерцю колькі ж пакутаў яна павінна была знесці сярод язычніцкага насельніцтва! Несумненна, анёлы закрывалі яе вочы перад найгоршымі злачынствамі, якія там адбываліся. Аднак і там яна мела шмат абавязкаў — і, адпаведна, шмат заслугаў. Усе яе ўчынкі былі дасканалыя, усе былі выкананы як найлепш. Дык вось, заўсёды быць уважлівым, прадбачлівым, адданым, каб у разнастайных абставінах кожнага дня дзейнічаць не толькі без граху, але і найлепшым чынам, азначае весці жыццё ў нястомнай свядомасці. А для такога жыцця разважлівасць з'яўляецца галоўнай цнотай. Менавіта таму дзякуючы пакутам і выпрабаванням яе зямнога вандравання мы можам заклікаць яе пад тытулам Virgo prudentissima.

Пераклад: Te igitur
Ілюстрацыя: Франсіска дэ Сурбаран, "Дзіця Марыя ў сне" (каля 1655)

* У беларускім перакладзе — Панна наймудрэйшая

Report Page