Разважанні пра Ларэтанскую літанію (21)

Разважанні пра Ларэтанскую літанію (21)

Дж. Г. Ньюмэн

** Дваццаць першага мая
** Марыя — Consolatrix afflictorum, Суцяшальніца засмучаных

Святы Павел кажа, што наш Пан суцяшаў яго ва ўсіх выпрабаваннях, каб ён таксама мог суцяшаць тых, хто знаходзіцца ў бядзе тым суцяшэннем, якое атрымаў ад Бога. Гэта і ёсць сакрэт сапраўднага суцяшэння: суцяшаць іншых здольны той, хто ў сваім уласным жыцці знёс многія выпрабаванні, адчуў неабходнасць суцяшэння і атрымаў яго. Таму пра самога нашага Пана сказана: "Бо, як Ён цярпеў, праходзячы праз выпрабаванні, так можа дапамагчы тым, каго выпрабоўваюць".

Менавіта таму Найсвяцейшая Дзева таксама з'яўляецца суцяшальніцай засмучаных. Усе мы ведаем, наколькі асаблівым з'яўляецца мацярынскае суцяшэнне, і нам дазволена называць Марыю сваёй Маці з таго часу, калі наш Пан на крыжы ўстанавіў мацярынска-сыноўскія адносіны паміж ёю і св. Янам. А асабліва яна можа суцешыць нас таму, што яна пакутавала больш, чым іншыя маці. Жанчыны, прынамсі далікатныя жанчыны, зазвычай захаваны ад жорсткага досведу шырокіх дарог гэтага свету, але пасля Унебаўшэсця Пана яна была паслана ў чужыя землі, амаль як апосталы, як авечка сярод ваўкоў. Нягледзячы на ўсю апеку св. Яна, якая была настолькі ж добрай, як і апека св. Юзафа ў яе маладыя гады, Марыя больш за іншых святых Божых была на зямлі чужынкай і вандроўніцай, бо мела большую любоў да Таго, хто быў на зямлі і пакінуў яе. Калі наш Пан быў немаўлём, яна мусіла бегчы праз пустыню ў язычніцкі Егіпет; так і цяпер, калі Ён узышоў на неба, яна мусіла на караблі ехаць у язычніцкі Эфес, дзе жыла і памерла.

О, усе вы, хто знаходзіцца сярод няветлівых суседзяў, насмешлівых кампаньёнаў, грэшных знаёмых, злосных ворагаў і не мае дапамогі, заклікайце апеку Марыі, памятаючы пра яе ўласныя цярпенні сярод язычнікаў у Грэцыі і Егіпце.

Пераклад: Te igitur
Ілюстрацыя: Алонса дэль Арка, "З'яўленне Найсвяцейшай Дзевы Міласэрнасці святому Пятру Наласка" (1682)

Report Page