Разважанні пра Ларэтанскую літанію (20)

Разважанні пра Ларэтанскую літанію (20)

Дж. Г. Ньюмэн

** Дваццатага мая
** Марыя — Vas spirituale, Начынне духоўнае*

Быць духоўным азначае жыць у духоўным свеце. Св. Павел кажа: "А наша айчына знаходзіцца ў нябёсах". Духоўнымі вачыма мы можам бачыць усе тыя добрыя і святыя стварэнні, якія сапраўды знаходзяцца вакол нас, хоць цялеснымі вачыма мы іх бачыць не можам. Вачыма ж веры мы можам бачыць іх так жа жыва, як бачым зямныя рэчы: зялёны луг, блакітнае неба і бліскучае ззянне сонца. Таму, калі святым душам дадзена ласка нябесных візій, гэтыя візіі з'яўляюцца не чым іншым, як надзвычайным працягам і ўвянчаннем — дзякуючы Божаму натхненню — аб'ектаў, якія праз звычайнае дзеянне ласкі заўсёды знаходзяцца ў іхніх розумах.

Гэтыя візіі суцяшалі і ўмацоўвалі Найсвяцейшую Дзеву ва ўсіх яе пакутах. Анёлы, што былі побач з ёю, разумелі яе, а яна разумела іх, і гэтае ўзаемадзеянне адбывалася з такой прастатою, якой мы, спадкаемцы граху Адама, дасягнуць не можам. Несумненна, гэта так, але не трэба ніколі забывацца, што, як яе ў смутку суцяшалі анёлы, так і нашым прывілеем у пэўнай ступені з'яўляецца тое ж суцяшэнне ад гэтых нябесных пасланнікаў Найвышэйшага сярод многіх выпрабаванняў жыцця. І не толькі ад іх, а нават самога Усемагутнага Бога, трэцяй Асобы Найсвяцейшай Тройцы, што ўзяла на сябе заданне быць нашым Суцяшальнікам, Сённяшняй дапамогай.

Няхай усе тыя, хто знаходзіцца ў бядзе і стараецца весці духоўнае жыццё, пакладуцца на гэтае суцяшэнне. Калі яны паклічуць Бога, Ён адкажа ім. Нават калі ў іх няма сяброў на зямлі, у іх ёсць Ён — Той, хто нават на Крыжы спачуваў сваёй Маці, а цяпер у славе спачувае самым слабым і нязначным членам свайго народу.

Пераклад: Te igitur
Ілюстрацыя: Хасэ Кампечэ (каля 1782–1789)

* У беларускім перакладзе — Святыня духоўная

Report Page