Разважанні пра Ларэтанскую літанію (17)

Разважанні пра Ларэтанскую літанію (17)

Дж. Г. Ньюмэн

** Сямнаццатага мая
** Марыя — Regina martyrum, Каралева мучанікаў

(На гэты дзень і да канца месяца прыпадае навэна і актава св. Філіпа, таму разважанні будуць карацейшыя за папярэднія. — Дж. Г. Н.)

Чаму мы называем Каралевай мучанікаў тую, чыё святое цела ніколі не мела ніводнага ўдару, ніводнай раны, ніводнага іншага пашкоджання? Як можа яна ўзносіцца над тымі, чые целы знеслі дзеля Пана самую бязлітасную жорсткасць і суровыя катаванні? Яна сапраўды з'яўляецца Каралевай усіх святых — тых, хто "ходзіць з Хрыстом у белі, бо яны годныя", — але што наконт "забітых за Божае слова і за сведчанне, якое мелі"?

Каб адказаць на гэтае пытанне, трэба ўспомніць, што боль душы можа быць настолькі ж востры, як і боль цела. Злыя людзі, якія цяпер знаходзяцца ў пекле, і выбраныя Божыя, якія знаходзяцца ў чысцы, пакутуюць толькі душою, бо іхнія целы яшчэ з'яўляюцца прахам — але якое ж суровае гэта цярпенне! Магчыма, большасць людзей, якія пражылі доўгае жыццё, самі з'яўляюцца жывым сведчаннем вастрыні таго гора, якое працінала іх, нібы меч; цяжару і глыбіні таго смутку, які, здавалася, прыціскаў іх да зямлі, хоць цялеснага болю яны не адчувалі.

Наколькі ж агромністым жахам для Найсвяцейшай Дзевы павінна было быць відовішча мукі і ўкрыжавання яе Сына! Як і прадказваў св. Сімяон падчас ахвяравання яе Сына ў святыні, гэты боль нібы мячом працінаў яе душу. Калі сам наш Пан не мог знесці таго, што было Яму падрыхтавана, і пры думцы аб гэтым пакрываўся крывавым потам — так Ягоная душа ўплывала на Ягонае цела, — то ці не паказвае гэта, наколькі моцным бывае душэўны боль? І ці здзівіліся б мы, калі б, стоячы пад Яго крыжам, Марыя дала волю сваім пачуццям і сэрцу?

Таму Марыя сапраўды з'яўляецца Каралевай мучанікаў.

Пераклад: Te igitur
Ілюстрацыя: Хасэ Камарон-і-Баранат, "Марыя Балесная" (паміж прыкладна 1785 і 1790)

Report Page