Разважанні пра Ларэтанскую літанію (15)

Разважанні пра Ларэтанскую літанію (15)

Дж. Г. Ньюмэн

** Пятнаццатага мая
** Марыя — Mater Christi, Мацi Хрыстова

Кожны тытул Марыі мае сваё адмысловае значэнне і мэту і можа стаць прадметам асобнага разважання. Мы заклікаем яе як Маці Хрыстову. Якую мэту мае такі зварот да яе? Ён павінен нагадаць нам, што менавіта пра яе ад пачатку казалі прароцтвы, менавіта з ёю былі звязаны надзеі і малітвы ўсіх святых, сапраўды адданых Богу людзей, усіх, хто чакаў адкуплення Ізраэля ў кожным стагоддзі да таго, як гэтае адкупленне прыйшло.

Хрыстом, або Месіяй, нашага Пана называлі габрэйскія прарокі і габрэйскі народ. Словы "Хрыстус" і "Месія" азначаюць тое самае. На нашай мове яны азначаюць "Памазаннік". У старыя часы існавалі тры вялікія служэнні, або заданні, пры дапамозе якіх Бог прамаўляў да свайго выбранага народа, ізраільцянаў, або, як іх сталі называць пазней, юдэяў, а менавіта служэнні святара, караля і прарока. Тыя, каго Бог выбіраў на адно з гэтых служэнняў, урачыста памазваліся алеем, які азначаў Божую ласку, што давалася ім для належнага выканання сваіх высокіх абавязкаў. Аднак наш Пан быў адначасова і Святаром, і Прарокам, і Каралём: Святаром, таму што прынёс сябе ў ахвяру за нашыя грахі; Прарокам, таму што адкрыў нам святы Закон Божы; Каралём, таму што ўладарыць над намі. Таму Ён адзіны, сапраўдны Хрыстус.

Менавіта ў чаканні гэтага вялікага Месіі праводзіў эпоху за эпохай народ выбраны, юдэі, або ізраільцяне, або габрэі (гэта розныя назвы для таго самага народа). Месія павінен быў прыйсці і выправіць усе рэчы. Акрамя вялікага пытання, якое найбольш займала іхнія розумы, а менавіта, калі Ён павінен прыйсці, наступнае пытанне было: хто павінен быў стаць Ягонай Маці? Ім было сказана ад пачатку, што Ён не прыйдзе з неба, а народзіцца ад Жанчыны. Падчас грэхападзення Адама Бог сказаў, што патомства Жанчыны сатрэ змею галаву. Хто ж павінен быў стаць той Жанчынай, на якую так яўна было ўказана грэшнаму роду Адама? Пасля многіх стагоддзяў юдэям было дадаткова адкрыта, што вялікі Месія, або Хрыстус, патомак Жанчыны, народзіцца з іхняга народа і з аднаго канкрэтнага калена з дванаццаці, на якія быў падзелены народ. З таго часу кожная жанчына з таго калена спадзявалася атрымаць вялікі прывілей і стаць Маці Месіі, або Хрыста. Паколькі Месія павінен быў быць вялікім, было лагічна меркаваць, што і Маці павінна быць вялікай, добрай і благаслаўлёнай. Менавіта таму, сярод іншага, яны так высока цанілі жанаты стан, бо, не ведаючы пра таямніцу цудоўнага зачацця, праз якую Хрыстус павінен быў прыйсці насамрэч, яны думалі, што абрад сужэнства быў цырымоніяй, неабходнай для Яго прыйсця.

Таму, калі б Марыя была падобнай да іншых жанчын, яна жадала б сужэнства, бо яно адкрыла б перад ёй перспектыву нарадзіць вялікага Караля. Аднак яна была вельмі пакорнай і вельмі чыстай для такіх думак. Яна атрымала натхненне для выбару лепшага шляху служэння Богу — стану дзявоцтва, пра які не было дадзена ведаюць юдэям. Яна вырашыла, што лепш быць Яго Нявестай, чым Яго Маці. Таму, калі анёл Габрыэль абвясціў ёй яе высокае прызначэнне, яна ўхілялася ад рашэння, пакуль не ўпэўнілася, што яно не змусіць яе адклікаць сваю пастанову дзявочага жыцця, прысвечанага Богу.

Так яна і стала Маці Хрыста: не тым спосабам, на які спадзяваліся пабожныя жанчыны цягам многіх гадоў, а адхіліўшы ласку такога мацярынства і здабыўшы гэтае мацярынства дзякуючы яшчэ большай ласцы. У гэтым і заключаецца сэнс слоў святой Альжбеты, якія яна сказала падчас візіту Марыі і якія мы выкарыстоўваем у малітве: "Благаслаўлёная ты паміж жанчынамі, і благаслаўлёны плод улоння Твайго". І таму ў набажэнстве "Карона з дванаццаці зорак" мы праслаўляем Бога Духа Святога, дзякуючы Якому яна засталася Дзевай і стала Маці.

Пераклад: Te igitur
Ілюстрацыя: Пітэр Паўль Рубенс, "Святая сям'я са св. Альжбетай і св. Янам" (каля 1630)

Report Page