Разважанні пра Ларэтанскую літанію (14)

Разважанні пра Ларэтанскую літанію (14)

Дж. Г. Ньюмэн

** Чатырнаццатага мая
** Марыя — Mater Creatoris, Мацi Стварыцеля

Наконт гэтага тытула мы маглі б падумаць, што ніводнае стварэнне не здольнае яго мець. На першы погляд можна было б сказаць, што ён уносіць замяшанне ў нашы базавыя паняцці Стварыцеля і стварэння, Вечнага і часовага, Самаіснага і залежнага. Аднак пры далейшым разважанні мы пабачым, што не можам адмовіць Марыі ў гэтым тытуле, не паставіўшы пад сумненне Божае ўцелаўленне — вялікую і фундаментальную праўду аб'яўлення, згодна з якой Бог стаў чалавекам.

Гэта стала зразумела з ранніх часоў Касцёла. Хрысціяне ад пачатку прызвычаіліся называць Найсвяцейшую Дзеву "Багародзіцай", таму што бачылі, што ёй нельга адмовіць у гэтым тытуле, не аспрэчваючы словаў св. Яна: "Слова (г. зн. Сын Божы) сталася целам".

І ўжо праз кароткі час аказалася неабходным абвясціць гэтую праўду голасам Сусветнага сабору. Бо ў выніку нелюбові чалавека да таямніцаў распаўсюдзілася памылковае меркаванне, што наш Пан насамрэч быў не Богам, а чалавекам, які адрозніваўся ад нас толькі тым, што ў ім прабываў Бог, як Ён прабывае ва ўсіх добрых людзях, толькі ў большай ступені; як Дух Святы прабывае ў анёлах і прароках, нібы ў святыні; або як наш Пан сёння прабывае ў табернакулюме касцёла. І тады біскупы і верны люд вырашылі, што няма іншага спосабу перашкодзіць распаўсюджванню гэтага памылковага, кепскага погляду, чым ясна абвясціць і зрабіць часткай веравучэння, што Марыя была Маці не толькі чалавека, але і Бога. І з таго часу тытул Марыі як Багародзіцы стаў у Касцёле тым, што называецца догматам, або праўдай веры.

Але гэта прыводзіць нас да больш шырокага погляду на справу. Ці ж з'яўляецца больш цудоўным гэты тытул, дадзены Марыі, чым вучэнне пра тое, што Бог, не перастаючы быць Богам, стаў чалавекам? Ці ж з'яўляецца больш таямнічым тое, што Марыя стала Багародзіцай, чым тое, што Бог стаў чалавекам? Аднак апошняе, як я казаў, з'яўляецца базавай праўдай аб'яўлення, пра якую сведчаць прарокі, евангелісты і апосталы ва ўсім Святым Пісанні. А што можа быць больш радасным і суцяшальным, чым тыя цудоўныя абяцанні, якія з гэтай праўды паходзяць: што Марыя з'яўляецца Багародзіцай, што мы — які вялікі цуд! — становімся братамі нашага Бога, што, калі мы жывём добра і паміраем у Божай ласцы, кожны з нас будзе пасля смерці прыведзены нашым Уцелаўлёным Богам у тое месца, дзе прабываюць анёлы; што нашы целы будуць узняты з праху і ўзяты на неба; што кожны з нас душою і целам будзе ўцягнуты ў тую бездань хвалы, якая акружае Усемагутнага; што мы ўбачым Яго і раздзелім з Ім Ягоную святасць, згодна са словамі Пісання: "Бо хто выконвае волю Айца Майго, які ў нябёсах, той Мне брат, і сястра, і маці".

Пераклад: Te igitur
Ілюстрацыя: Хасэ Камарон-і-Баранат, "Беззаганнае Зачацце" (паміж прыкладна 1775 і 1785)

Report Page