Разважанні пра Ларэтанскую літанію (13)

Разважанні пра Ларэтанскую літанію (13)

Дж. Г. Ньюмэн

** Трынаццатага мая
** Марыя — Janua cœli, Брама нябесная

Марыю называюць Брамай нябеснай, таму што менавіта праз яе прайшоў наш Пан па дарозе з неба на зямлю. Прарок Эзэхіэль, прарочачы пра Марыю, кажа: "Брама гэтая хай будзе замкнутая; хай не адчыняецца, і ніводзін чалавек хай не пройдзе ёю, бо Пан, Бог Ізраэля, увайшоў праз яе, і хай яна будзе замкнутая. Валадар, паколькі ён Валадар, можа ў ёй сядзець".

Цяпер гэтае прароцтва выканалася, прычым не толькі ў тым, што Ён узяў цела ад Марыі і стаў яе Сынам, але таксама і ў тым, што яна атрымала месца ў эканоміі адкуплення. Гэтае прароцтва выканалася не толькі ў яе целе, але таксама ў яе духу і волі. Ева ўдзельнічала ў падзенні чалавека, хоць менавіта Адам быў нашым прадстаўніком і ягоны грэх зрабіў нас грэшнікамі. Але справа пачалася з Евы, і менавіта яна спакушала Адама. Святое Пісанне кажа: "І ўбачыла жанчына, што гэта дрэва добрае для ежы, што яно прывабнае для вачэй і пажаданае дрэва, каб атрымаць пазнанне. Тады ўзяла яна плод яго і ела, і дала таксама мужу свайму, і ён еў". Таму належала Божай міласэрнасці зрабіць так, што паколькі жанчына пачала руйнаванне свету, то і яго аднаўленне пачалося з жанчыны, і як Ева праклала шлях для смяротнага ўчынку першага Адама, так Марыя павінна была пракласці шлях для вялікага дасягнення другога Адама, нашага Пана Езуса Хрыста, Які прыйшоў збавіць свет сваёй смерцю на крыжы. Таму святыя Айцы называюць Марыю другой і лепшай Евай, бо яна зрабіла першы крок у справе збаўлення чалавецтва, якое Ева давяла да руйнавання.

Як і калі Марыя ўзяла ўдзел і зрабіла першы крок у аднаўленні свету? Гэта здарылася тады, калі анёл Габрыэль прыйшоў да яе, каб абвясціць ёй вялікую годнасць, што будзе ёй належаць. Св. Павел заклікае нас: "Аддайце целы вашыя на ахвяру як выраз вашага разумнага служэння". Мы павінны не толькі маліцца вуснамі, пасціць, рабіць вонкавыя пакутныя ўчынкі і быць чыстымі целам; мы павінны таксама быць паслухмянымі і чыстымі розумам. І таму, што датычыцца Найсвяцейшай Дзевы, Божай воляй было, каб яна ахвотна і з поўным усведамленнем згадзілася стаць Маці нашага Пана, а не была проста пасіўным інструментам, мацярынства якога не мела б ані заслугі, ані ўзнагароды. Чым большыя нашы дары, тым большыя нашы абавязкі. Настолькі блізка знаходзіцца да Адкупіцеля чалавецтва — няпросты лёс, і Марыя пабачыла гэта, калі пазней пакутавала з Ім. Таму перад тым, як адказаць на словы анёла, яна добра ўзважыла іх і спыталася, ці не будзе такое вялікае заданне стратай той дзявочасці, якую яна абяцала Богу. Калі анёл адказаў ёй, што не будзе, яна з абсалютнай згодай сэрца, поўнага Божай любові і пакоры, адказала: "Вось, я слуга Пана, няхай станецца паводле твайго слова". Менавіта дзякуючы гэтай згодзе яна і стала Брамай нябеснай.

Пераклад: Te igitur
Ілюстрацыя: Фра Барталамеа, "Звеставанне" (1497)

Report Page