Разам забаронім беларускім прадстаўнікам "русского мира" гандляваць у Польшчы!

Разам забаронім беларускім прадстаўнікам "русского мира" гандляваць у Польшчы!

Ваўкалак

Яшчэ ў пачатку лістапада, на Вольскіх праваслаўных могілках у Варшаве, сябрамі РУХа былі заўважаны прадстаўнікі менскага Свята-Елізавецінскага манастыра. Каля галоўнага ўвахода стаяў іх намёт, дзе манахіні і супрацоўніцы гандлявалі рознымі царкоўнымі рэчамі. Усё было б добра, чынна і благагавейна, калі б не вялікі нюанс у выглядзе асобы сьвятара Андрэя Лемяшонка, які зьяўляецца ідэйнейшым адэптам "русского мира". Пры гэтым, хоць і Елізавецінская абіцель жаночая і ў яе дэ-юрэ ёсьць ігуменья-настаяцельніца, але менавіта той самы Андрэй Лемяшонак, зьяўляючыся духаўніком манастыра, дэ-факта ўвасабляе там рэяльную ўладу. Кажучы больш, там усталяваўся сапраўдны культ яго асобы. Карыстаючыся гэтым, ён словам і справай прадвігае свае погляды на шырокую аўдыторыю. Выказваньні гэтага "сьвятара" паўны расейскага шавінізму, нянавісьці да захаду, падтрымкі рэжамаў Пуціна і Лукашэнкі, а пад яго ідэйным правадырствам у манастыры ладзяцца шматлікія мерапрыемствы і праекты ў духу "русского мира". Для прыкладу возьмем толькі самае апошняе. У абіцелі актыўна праводзіцца акцыя "Помощь братьям", дзе зьбіраюцца рэчы і грошы для расейскіх акупантаў. На сабраныя сродкі набываюцца неабходныя рэчы, лекі і вайсковы рыштунак. Таксама сёстрамі манастыра пішуцца паштовыя лісты падтрымкі расейскім жаўнерам ва Ўкраіне з подпісам "Дорогому солдату из Белой Руси / Белоруссии".

Мы не маглі прайсьці міма гэтай татальнай крывадушнасьці, калі ў Менску іх духоўны лідар кляйміць захад і прадвігае варожыя ідэі, а ў той жа самы час іх гандаль актыўна ідзе ў ненавіснай ім Эўропе. Яшчэ пры нашай першай сустрэчы ў пачатку лістапада, сябры РУХа зладзілі пікет каля манастырскага намёта, а таксама правялі тлумачальную размову з патэнцыйнымі пакупнікамі.

Але мы разумеем, што гэта ня выйсьце з сытуацыі. Па нашай інфармацыі прадстаўнікі Свята-Елізавецінскага манастыра хутка зноў прыедуць гандляваць у Польшчу на калядныя сьвяты. Таму зараз РУХ накіраваў пісьмовыя запыты Польскай Праваслаўнай Царкве і прадстаўнікам Каталіцкага Касьцёла, каб даведацца, на якіх падставах яны атрымліваюць дазвол працаваць на тэрыторыі краіны. Таксама мы заклікалі забараніць іх гандаль і патлумачылі ўсю дэструктыўную пазыцыю і дзейнасьць ад імя Андрэя Лемяшонка і манастыра.

Але дадаткова, каб была бачна пазыцыя грамадзкасьці, мы запускаем збор подпісаў пад петыцыяй на Change.org супраць прысутнасьці ў Польшчы гандлёвых кропак Елізавецінска манастыра. Таму нам патрэбна вашая дапамога! Пакіньце калі ласка свой голас пратэсту пад петыцыяй - https://chng.it/P4yGXWcqJL.

 Асобна будзем удзячны за інфармацыйную падтрымку акцыі праз сацсеткі ці СМІ. Таксама карыстайцеся хаштэгамі: #прэчрускісьвет #przećrusskijmir #вонрусскиймир

Пасьля петыцыя будзе накіравана, як рэлігійным, так і дзяржаўным ворганам. Добрым прыкладам павінна стаць сытуацыя у Вялікабрытаніі, дзе беларуская грамадзкасьць дамаглася забароны на ўдзел прадстаўнікоў абіцелі ў калядным кірмашы. 

Акрамя таго, мы зьбіраемся арганізаваць пікеты і іншыя акцыі пратэсту.

Асобна адзначым, што мы ня ў якім разе не выступаем супраць хрысьціянства, ці праваслаўя ў прыватнасьці. Наша акцыя накіравана супраць злачыннага "русского мира", які актыўна падтрымліваецца і прапагандуецца праз менскі Сьвята-Елізавецінскі манастыр. Пад ідэйным уплывам сьвятара Андрэя Лемяшонка абіцель, замест сваіх няпасрэдных духоўных функцый, стала апірышчам падтрымкі пуцінскага і лукашэнкаўскага рэжымаў ў беларускім праваслаўным асяроддзі. Таму мы лічым, што такім прадстаўнікам няма месца ні ў Польшчы, ні ў будучай вольнай Беларусі!

#прэчрускісьвет #przećrusskijmir #вонрусскиймир

Report Page