Расея не гатовая ацаніць мірны план Трампа па Украіне
Надзея Вольная belsat.eu Спікерка Савету Федэрацыі РФ Валянціна Мацвіенка заявіла, што Расея не гатовая даваць ацэнку плану кандыдата ў прэзідэнты ЗША Дональда Трампа па ўрэгуляванні ваеннага канфлікту ва Украіне, бо нібыта не ведае, у чым заключаецца сутнасць гэтага плана.
«Інтэрпрэтатараў думак Трампа наконт мірных перамоваў па Украіне ўжо больш, чым сыноў лейтэнанта Шміта. У асноўным гэта былыя набліжаныя, – заявіла на прэс-канферэнцыі па выніках вясновай парламенцкай сесіі Мацвіенка.- Мы не гатовыя на такіх умовах даваць ацэнку плану Трампа, пра які мы не ведаем. Таму хацелася б яго атрымаць, хацелася б яго пачуць, з тым каб можна было даць яму ацэнку».
Нагадаем, у траўні газета The Daily Telegraph паведаміла, што Трамп распрацаваў план па мірным завяршэнні канфлікту ва Украіне і гатовы ўступіць у дыялог з Пуціным па ўрэгуляванні канфлікту без пасярэднікаў.
14 чэрвеня на сустрэчы з кіраўніцтвам МЗС РФ Пуцін назваў умовы для ўрэгулявання сітуацыі ва Украіне. Сярод іх – вывад Узброеных Сілаў Украіны з Данбасу і Наваросіі, адмова Кіева ад уступлення ў НАТА. Акрамя таго, Расея выступае за скасаванне ўсіх заходніх санкцый супраць яе і ўсталяванне пазаблокавага і бяз'ядзернага статусу Украіны.