Расея канфіскавала грошы ў «Google» і пусціла іх на прапаганду вайны

Расея канфіскавала грошы ў «Google» і пусціла іх на прапаганду вайны

Раман Шавель, «Белсат»

Расейскія ўлады канфіскавалі больш за 100 мільёнаў долараў у кампаніі «Google» і накіравалі гэтыя сродкі на фінансаванне прапаганды, якая падтрымлівае вайну Уладзіміра Пуціна ва Украіне, піша «The Telegraph».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: aa.com.tr

Гэта адбылося ў 2022 годзе, калі судовыя прыставы забралі грошы з рахункаў кампаніі «Google» у расейскіх банках, што ў выніку прывяло да банкруцтва яе расейскага падраздзялення. Інфармацыя стала вядомай з судовых дакументаў ЗША.

Згодна з гэтымі дакументамі, сродкі былі перададзены расейскім прапагандысцкім тэлеканалам, у тым ліку дзяржаўнаму «RT» і «Царьград» – каналу, які належыць расейскаму алігарху Канстанціну Малафееву. Гэтыя сродкі планавалася выкарыстаць для падтрымкі вайны ва Украіне. Раней «Google» заяўляла аб канфіскацыі сродкаў Крамлём, але дакладная сума, якая была забрана, не агучвалася.

Таксама «Google» паведаміла, што сума, якую кампанія павінна была выплаціць па судовым рашэнні, была значна меншай за суму, якая была канфіскаваная. У адказ на гэта «Google» падала пазовы супраць «RT», «Царьград ТВ» і «NFPT» у ЗША і Англіі, а таксама патрабуе заблакаваць правы гэтых медыя на пераслед ейных актываў у іншых краінах.

У судовых дакументах «Google» заявіла: «Судовыя прыставы арыштавалі актывы «Google Russia» на суму, большую за 100 мільёнаў долараў, нават калі сума, якая павінна была быць выплачана па рашэнні суда, на той момант складала менш за 12,5 мільёнаў долараў (адзін мільярд расейскіх рублёў)».

«Царьград атрымаў адзін мільярд рублёў ад захопу, які, як ён заявіў, будзе выкарыстоўваць для падтрымкі вайны Расеі ва Украіне», – піша «The Telegraph»

Кампанія Малафеева падала ў суд у Турцыі супраць «Google», каб запатрабаваць ад яе дадатковых сродкаў. Паводле турэцкіх дакументаў, расейскія суды прызначылі «Google» выплату ў памеры 32,8 мільярда рублёў (273 мільёны фунтаў) на карысць «Царьграда». Аднак з-за таго, што штодзённыя штрафы павялічваюцца ў два разы кожныя 24 гадзіны, агульная сума можа перавысіць увесь рынкавы кошт «Google».

У сваіх пазовах «Google» адзначыла, што расейскія суды «ўвялі беспрэцэдэнтныя штрафы і неабгрунтаваныя юрыдычныя санкцыі супраць «Google» у спробе абмежаваць доступ да інфармацыі аб сэрвісах кампаніі як пакаранне за выкананне міжнародных санкцый супраць расейскіх асоб і арганізацый.

Раман Шавель, «Белсат»

Гэты матэрыял вы можаце прачытаць па-расейску

Больш навінаў – у нашым Telegram-канале

Report Page