Работнікі ідэалагічнага фронту

Работнікі ідэалагічнага фронту

Навіны Бярозы
Фота для ілюстрацыі

Імі аказаліся настаўнікі адной са школ Бярозаўскага раёна. Мы пакуль не называем, якая школа, хаця маем доказы, як настаўнікі не горш дзяржаўных СМІ апрацоўваюць неўмацаваныя дзіцячыя мазгі, апраўдваючы агрэсію Расеі ва Украіне. Маўляў, «украінцы - хахлы, бэндэраўцы паводзяць сябе варожа, ставяць сябе вышэй расейцаў, негаворачы ўжо пра беларусаў. Раней украінцы для беларусаў былі добрымі суседзямі і нават далёкай раднёй, а цяпер затрымліваюць беларускія машыны, забіраюць тавар і дзякуй, што яшчэ не забіваюць». Трэба сказаць «дзякуй», што прагучала, чаму: «магчыма, за тое, што страляюць з нашай тэрыторыі па Украіне». Але тут жа настаўнікі папраўляюцца, што «бэндэраўцы Хатынь спалілі, а вось немцы, чыстакроўныя немцы, вёскі не палілі. Зараз бэндэраўцы не даюць нармальным людзям ва Украіне жыць». Настаўнікі падрэсліваюць, што Беларусь не ўдзельнічае ў «спецаперацыі», бо «няма такой неабходнасці», як заявіў наш прэзідэнт Аляксандр Рыгоравіч». 

Напэўна, «сеяцелі разумнага, добрага, вечнага» не ў курсе, што па міжнароднаму праву - Рэзалюцыі Генеральнай Асамблеіі ААН ад 14.12 1974 года - краіна, з тэрыторыі якой вядуцца абстрэлы агрэсарам суседняй краіны, размешчаны вайсковыя базы і вайсковая тэхніка агрэсара, з´яўляецца краінай-агрэсарам. Гэта ёсць парушэннем нават абноўленай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь ч.2, арт.18.  

Міжнацыянальнае распальванне варожасці, нянавісці ідзе ад настаўнікаў працы, мастацтва і культуры і нават ад гісторыка. Пра аргумент, апраўдання зла, якое прынесла Расія Украіне, тым, што «хахлы Хатынь спалілі» можам толькі сказаць, што вёскі палілі, як стала вядома з архіўных дадзеных і ўспамінаў сведкаў, і немцы, і партызаны і НКВД. Думаем, што расейскі генерал Уласаў і яго архараўцы пад час вайны таксама добра «адзначыліся», але настаўнікі пра гэта маўчаць. 

 Пасля заявы Лукашэнкі, што гэта «вайна», магчыма, слова ў настаўнікаў-прапагандыстаў «спецаперацыя» заменіцца на слова «вайна». Праўда, такія размовы настаўнікаў з вучнямі былі да падзей у Бучы. Хочацца спадзявацца, што гэтыя настаўнікі паразумнелі. Хаця, як сказаць. Напрыклад, былая настаўніца наконт трагедыі ў Бучы упэўнена заявіла, што гэта «фэйкі, пастаноўкі, сораўскія агіткі» 

Былая настаўніца гісторыі, цяпер праваабаронца Алена Маслюкова лічыць падрыхтоўку настаўнікаў надта слабой. І не ў сваіх прадметах, (хаця і тут можна паспрачацца), а ў мастацтве суіснавання ў краіне. Сейбіты «разумнага, добрага і вечнага» ператварыліся ў вяшчальнікаў жорсткай, недэмакратычнай, таталітарнай сістэмы, якая ўсталявалася ў Беларусі. 

Мы лічым недапушчальнымі такія размовы ў школах. Папярэджваем, калі зменіцца ўлада, публічным размовам перад вучнямі такім настаўнікам-прапагандыстам будзе дадзена ацэнка з усімі выцякаючымі. А змена часу не за гарамі. Дабро перамагае заўсёды зло.

Report Page