Пятро Васючэнка “Адлюстраванні першатвора” ("Логвінаў", 2004 г.), 4,5/5.

Пятро Васючэнка “Адлюстраванні першатвора” ("Логвінаў", 2004 г.), 4,5/5.

t.me/bellitra

Рэдкі прыклад літаратуразнаўчай кнігі, якую з захапленнем могуць чытаць і людзі, не абцяжараныя філалагічнай адукацыяй. А калі вы цікавіцеся беларускай літаратурай, то да чытання раю абавязкова. Бо гэтая кніга — кароткі змест папярэдніх серый :) У ёй разабраная наша літаратура канца мінулага стагоддзя, яе ідэйныя складнікі, асаблівасці літаратараў пэўнай мясцовасці і г.д.

Напрыклад, у частцы "Полацкі лабірынт" аўтар звяртаецца да феномена "полацкага менталітэту", прыгадвае вядомых мясцовых літаратараў і літаратурныя суполкі (ТВЛ і Крыніца, Арлоў і Мудроў).

Цэлыя главы прысвечаныя пэўным аўтарам, напрыклад, Валянціну Акудовічу ці Адаму Глобусу.

Акрамя беларускай аўтар звяртаецца і да сусветнай літаратуры. У кнізе можна сустрэць замалёўкі пра замежных аўтараў. Васючэнка папракае Агату Крысці за залішнюю "вадзяністасць" твораў. А справа ў тым, што яе ганарары залежалі ад колькасці знакаў, вось і даводзілася расцякацца думкаю па дрэве :)

У кнізе мноства разнастайных разважанняў пра літаратуру ўвогуле. Напрыклад, вельмі трапны наступны тэзіс:

"Літаратура эпохі постмадэрнізму апанаваная комплексам “Deja vu”, што я ператлумачыў бы наступным чынам: ужо напісанае. Ланцужок наследаванняў і перайманняў у адваротным руху вядзе да Першаслова, а лёс літаратараў эпохі постмадэрнізму — згадванне Першаслова ў бясконцых варыянтах і спробах. Аж пакуль прарыў у іншую культурную сітуацыю не пакажа новы шлях вяртання да Першаслова”."

Вось адсюль гэтая бясконцая думка "я гэта ўжо недзе бачыў", калі чытаеш творы сучасных літаратараў. З кожным годам ствараць нешта новае становіцца ўсё цяжэй, і літаратура ператвараецца ў паўтарэнне паўторанага. Тут і адкрываецца шырокае поле для літаратурных эксперыментаў, а маладыя аўтары ва ўсе часы імкнуцца адыходзіць ад літаратурных традыцый.


А вось гэта вельмі балючыя, але разам з тым такія актуальныя заўвагі:

"Самая багатая і самая шчодрая. Гэта — наша літаратура. Настолькі багатая і шчодрая, што дазваляе і дапамагае суседзям браць з сябе колькі заўгодна і тварыць з гэтага забранага класічную спадчыну. Беларусы — самыя багатыя ў свеце на не прызнаных у сябе прарокаў і ахвяраваных суседзям літаратараў."
"Беларусы — еўрапейскія хобіты, што хаваюцца ў цень ад саміх сябе. Яны спадзяюцца, што гэты цень іх схавае. І што гэты іхні схаваны цень потым дапаможа ім выйсці з ценю. Іншыя нацыі крадуць чужых класікаў, а беларусы імкнуцца задарма аддаць сваіх чужым. Яшчэ ім прыплочваюць."


У якасці прыкладаў для ілюстравання пэўных высноў аўтар выкарыстоўвае здабыткі масавай культуры, таму ў кнізе сустракаюцца і хобіты, і Стывен Кінг. За гэта ад мяне асаблівы плюсік.


Таму раю гэты зборнік усім аматарам беларускай літаратуры і сапраўднага інтэлектуальнага чытання. Бо Пятро Васючэнка — гэта выдатная з'ява беларускага літаратуразнаўства, светлая яму памяць.


Спампаваць можна тут: http://kamunikat.org/usie_knihi.html?pubid=11194



Report Page