“Мы не прыехаўшыя і не панаехаўшыя”. Гродзенскія акторы стварылі ў Польшчы свой тэатр — і адразу сабралі поўную залу

“Мы не прыехаўшыя і не панаехаўшыя”. Гродзенскія акторы стварылі ў Польшчы свой тэатр — і адразу сабралі поўную залу

Supolka

За час спектаклю Аляксандр і Анастасія змянілі столькі вобразаў, што і самім ужо складана падлічыць. У межах адной пастаноўкі яны параўвасабляліся і ў пчолку, і ў вецер, і ў шкарпэтку, і нават у клубок нітак. Гэта быў першы іх выхад на сцэну за доўгі час. Пабачыць вынік працы былых актораў гродзенскага Тэатра лялек Аляксандра Енджэеўскага і Анастасіі Суханосік можна было 6 чэрвеня ў Моладзевым доме культуры ў Беластоку. Пра свой тэатр Pryehali і прэм’еру паводле кнігі Вольгі Гапеевай “Сумны суп” Аляксандр расказаў блогу пра беларусаў Supolka.

Аляксандр Енджэеўскі і Анастасія Суханосік падчас спектакля "Сумны суп". Фота: Supolka

Ідэя спектакля з’явілася пасля звальнення

Ідэя паставіць спектакль паводле кнігі беларускай пісьменніцы Вольгі Гапеевай “Сумны суп” з’явілася ў Аляксандра праз два-тры месяцы пасля звальнення з Тэатра лялек у Гродне ў 2022 годзе. 

“Беларуская рада культуры запрасіла ўсіх, хто хоча прыняць удзел у тыдні беларускай культуры. Нам на вочы трапілася кніжка Вольгі Гапеевай “Сумны суп” і мы вырашылі зрабіць праект з сямі апавяданняў, каб на ўвесь тыдзень беларускай культуры, — сказаў Аляксандр Енджэеўскі. — Мы зрабілі пілотную версію, адаслалі, усё было добра. І тут вайна пачалася [24 лютага 2022 года Расія пачала вайну супраць Украіны — Supolka]. І ўсе грошы і гранты пайшлі ў іншую краіну”.

Да думкі паставіць спектакль акторы вярнуліся, калі з’ехалі ў Беласток. Тым больш матэрыял быў на руках.

Аляксандр Енджэеўскі падчас спектакля "Сумны суп". Фота: Supolka

Аляксандр Енджэеўскі — гродзенскі актор і шоўмэн. Працаваў у Тэатры лялек з 1996 года. Граў у спектаклях “Сон у летнюю ноч”, “Зімовая казка”, “Каралева снягоў”, “Пікавая дама”, “Прыгоды доктара Д.Д.”, “Царэўна-жаба”, “Візіт старой дамы” і іншых. Як рэжысёр паставіў спектакль “Ванільнае марозіва з лімонам”. У траўні 2023 года яго затрымалі за распаўсюд і захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў у Instagram. 

Рыхтавалі спектакль вечарамі пасля працы

Падрыхтоўка да спектакля заняла чатыры-пяць месяцаў. Рыхтаваць дэкарацыі не было дзе, таму рабілі гэта дома.

“Таксама то ў хаце, то ў нейкім офісе рэпетавалі. Потым нам вельмі дапамагла фундацыя Tutaka [Фонд беларусаў Падляшша, які займаецца папулярызацыяй беларускай культуры, арганізуе фестывалі Tutaka i Soncahraj — Supolka]. Мы ў іх на студыі рэпетавалі”, — сказаў Аляксандр. 

Аляксандр Енджэеўскі і Анастасія Суханосік падчас спектакля "Сумны суп". Фота: Supolka

Усе рэпетыцыі акторы праводзілі ўвечары пасля працы.

“Я пасля працы, Наста пасля працы, а ў суботу і нядзелю паліцэальная школа [школа для дарослых у польскай сістэме адукацыі, падобная да прафесійнага тэхнікума - Supolka], то трошкі складана. Калі б ты толькі займаўся тэатрам, то за месяц можна было зрабіць”, — распавёў Аляксандр. 

Змянілі столькі вобразаў, што і не падлічыць

У дзень прэм’еры акторы хваляваліся, ці прыйдуць людзі. Але ў выніку гледачы запоўнілі ўсю залу.

“Спрацавала сарафаннае радыё. Вельмі шмат сяброў прыйшло, сябры сяброў. Не менш за 100 чалавек тут было”. 

Аляксандр Енджэеўскі і Анастасія Суханосік падчас спектакля "Сумны суп". Фота: Supolka

Падчас спектакля Аляксандр сыграў багоўку, пчолку, вецер, суседа, клубок нітак і іншых персанажаў. Анастасія была ў ролі суседкі, слімака, птушкі, шкарпэткі. Колькі вобразаў акторы змянілі падчас пастаноўкі, не змог падлічыць і сам Аляксандр. “Мы не лічылі, бо па просту граеш - і хлоп: мяняешся”.

Аляксандр Енджэеўскі і Анастасія Суханосік падчас спектакля "Сумны суп". Фота: Supolka

Вольга Гапеева спецыяльна да спектакля напісала верш

З Вольгай Гапеевай — аўтаркай кнігі, паводле якой рабілі пастаноўку — Аляксандр размаўляў яшчэ ў 2022 годзе. “Я ёй напісаў і яна была вельмі здзіўленая”, — узгадвае актор. Ганарару ці аўтарскіх адлічэнняў яна не прасіла. 

Вольга Гапеева — беларуская паэтка, пісьменніца, перакладчыца, лінгвістка. Сябра беларускага ПЭН-цэнтра і Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Аляксандр Енджэеўскі і Анастасія Суханосік падчас спектакля "Сумны суп". Фота: Supolka

Спецыяльна для спектакля Вольга, па просьбе Аляксандра, напісала фінальны верш. Кампазітар прыдумаў пад яго музыку — і акторы выканалі твор у канцы пастаноўкі.

Сумавалі па сцэне і стварылі тэатр

“Мы сумавалі па сцэне і вырашылі для сябе такое прыдумаць”, — кажа Аляксандр. Сапраўды, і ён, і Анастасія даўно не гралі на сцэне. Спачатку яны хацелі зрабіць спектакль як нейкі асобны праект. А потым вырашылі: “Не, трэба рабіць тэатр”.

“Доўга шукалі назву… два дні. А потым прыдумалі — тэатр Pryehali. Гэта аналогія да “Панаехалі!”, а мы прыехалі”.

Аляксандр Енджэеўскі і Анастасія Суханосік падчас спектакля "Сумны суп". Фота: Supolka

“Мы не прыехаўшыя і не панаехаўшыя. Мы прыехалі. І што мы будзем рабіць далей, залежыць толькі ад нас. Некаторыя могуць на канапе сумаваць успамінамі, самі сябе душыць, а некаторыя могуць проста жыць, жыць далей”, — распавёў Аляксандр. 

Аляксандр Енджэеўскі і Анастасія Суханосік падчас спектакля "Сумны суп". Фота: Supolka

“Хочацца проста заявіць, што ў Польшчы ёсць і іншыя акторы”

Зараз у тэатры два акторы і пашыраць калектыў не плануюць. У планах тэатра Pryehali — “абкатаць матэрыял”. Яго хочуць паказаць беларускім дыяспарам у Варшаве, Гданьску, Уроцлаве, Кракаве.

Анастасія Суханосік падчас спектакля "Сумны суп". Фота: Supolka

“Можа быць, зробім для дарослых што небудзь. Бо хочацца проста заявіць аб тым, што ў Польшчы ёсць і іншыя акторы, акрамя тых, пра каго крычаць паўсюль, — сказаў Аляксандр. — Мы таксама можам, хоць у нас іншая тэатральная школа. Тым больш, мы лялечнікі, а яны больш фантазійныя”. 

Акторам і ўдзельнікам тэатру дораць кветкі пасля спектакля "Сумны суп". Фота: Supolka

28 чэрвеня 2024 года адбудзецца яшчэ адзін паказ спектакля “Сумны суп”. Пастаноўку можна будзе ўбачыць у беластоцкім Тэатры лялек. Уваход вольны.







 















Report Page