Псіхалагічная аптэчка мігранта

Псіхалагічная аптэчка мігранта

Вольга Сарока для @by_culture

або Кніга-памочнік у адаптацыі на новым месцы


"Для дзясяткаў тысяч чалавек пераезд стаў магчымасцю ўратавацца. "Здрадзілі, здаліся, пазбягаюць" — такія каментары можна было пачуць нават ад самых блізкіх. Што стаіць за гэтымі словамі? Крыўда, злосць, расчараванне? Ці быў у чалавека выбар? Якія ўнутраныя перажыванні суправаджалі гэтае рашэнне? Што адказваць людзям, якія былі вымушаныя пакінуць сваю краіну? Людзям, якія літаральна ўцяклі ад баявых дзеянняў? Адказамі на гэтыя пытанні хочацца стварыць прастору падтрымкі і прымання любога выбару — хай гэта будзе эміграцыя ці жаданне застацца, рашэнне абжывацца на новым месцы ці вярнуцца, працягваць удзельнічаць і цікавіцца жыццём родных мясцінаў, ці пакуль не чытаць навінаў. У любым выпадку, у нас значна больш нагодаў дапамагаць, быць уважлівымі адно да аднаго і аб'ядноўвацца, чым абараняцца і ізалявацца”. 

З гэтых слоў пачынаецца кніга "Псіхалагічная аптэчка мігранта", галоўная тэма якой — адаптацыя на новым месцы. Змест раскрывае розныя псіхалагічныя бакі працэсу, хоць большая частка матэрыялу апісвае ўніверсаліі, справядлівыя ў крызісе ў цэлым.

Ідэя такой работы з'явілася з аднаго боку як адказ на асабістае перажыванне міграцыі, з другога — як рэакцыя на актуальную патрэбу, спроба такім чынам падтрымаць чалавека ў цяжкі перыяд.

Фармат праекта перагукаецца з папярэднім — "Псіхалагічная аптэчка беларуса" — у кнізе, як у аптэчцы, вы знойдзеце першыя падручныя матэрыялы, агульныя рэкамендацыі па тэме. Для кагосьці гэтага будзе дастаткова, а камусьці спатрэбіцца дадатковая дапамога. Гэта не вычарпальны матэрыял, а хутчэй запрашэнне да вывучэння сябе, прастора для абмену думкамі і досведам; гэта клапатлівы сябар які нагадвае простыя, але важныя моманты, напрыклад, што надаваць увагу сваім перажыванням можна і трэба, ці што неабходна даваць сабе час аднаўляцца, бо часта ў плыні падзей, навінаў і аўтаматычных рэакцый мы забываемся спыніцца і адрэфлексаваць, а што ж са мной цяпер адбываецца? Як падзеі ўплываюць асабіста на мяне? Чаму я паводжу сябе так, а не інакш?

“Ідэя была ў тым, каб кніга стварала адчуванне працэсу, якім ёсць міграцыя: спачатку мы перажываем стрэс і страты, стараемся, злуемся і расчароўваемся, дужаемся з рэальнасцю. Пасля прыходзіць пераасэнсаванне таго, што адбылося, і мы інтэгруем падзеі ў нашу карціну свету. У выніку, прымаем факт зменаў, знаходзячы ў сабе рэсурсы дзейнічаць і жыць далей”.

Спачатку, калі ідэя праекту толькі прыйшла да галавы, я сумнявалася, а ці варта пачынаць, ці хопіць у мяне на гэта сіл і часу. Але чым больш думала, тым выразней разумела, якой будзе структура, якія сэнсы хочацца раскруціць, пра што сказаць. У рашэнні заняцца гэтай справай “сур'ёзна” ключавую ролю адыгралі сяброўкі Яна і Аня, якія пагадзіліся ўзяцца за дызайн і карэктуру/рэдактуру тэксту — за што ім вялікі дзякуй, гэта каштоўная падтрымка. Плюс — працэс каманднай працы з жартамі, дэбатамі і ўважлівым абмеркаваннем — прыемная справа, якая матывуе працягваць пачатае, заўважаць новыя ракурсы і вучыцца.

Кніга складаецца з шасці частак, у кожнай ёсць свае акцэнты:

1. Паняцце і віды міграцыі, якое месца ў гэтым займаюць стрэс і посттраўматычны рост (унутраная і вымушаная міграцыя, вострае стрэсвае расстройства і траўма, прынцыпы аказання першай псіхалагічнай дапамогі).

2. Этапы адаптацыі на новым месцы (канцэпцыі адаптацыі і культурны шок, дэструктыўныя стратэгіі адаптацыі, што можа падтрымаць нас у працэсе).

3. Страты і здабыткі ў міграцыі (этапы перажывання гора, страта і знаходжанне новага "дома").

4. Ідэнтычнасць і пошук адказу на пытанне "хто я?" у новых абставінах (крызіс і здабыццё новых апор).

5. Як перажываюць пераезд дзеці, што можа зрабіць бацька, каб змякчыць наступствы крызісу.

6. Практыкаванні і тэхнікі самадапамогі (практыкі, скіраваныя на цялесную, эмацыйную і кагнітыўную сферу, спіс дадатковых кніг па тэме).

Праект атрымаўся інтэрактыўным, з вялікай колькасцю ілюстрацый і пытанняў, на якія, я больш чым упэўненая, адказы будуць змяняцца з часам. Дарэчы, гэта можа быць цікавы эксперымент: прачытайце кнігу першы раз, рэфлексуючы над яе зместам падчас і пасля прачытання → пакіньце гэтыя думкі на паперы або ў любой іншай візуальнай форме → прачытайце кнігу праз час і параўнайце адчуванні, заўважце і абазначце для сябе змены.

“У крызісныя моманты праяўляецца і змяняецца наша асоба. Гэта адбываецца не без нашых намаганняў, а знешнія падзеі становяцца толькі трыгерам да пераменаў. Пражыванне складанага досведу зойме час — не месяц, і нават не год. Важна, што мы з тым часам будзем рабіць. Лячэнне прыходзіць у працэсе (пражывання этапаў страты, адаптацыі да новага месца, перапрацоўкі траўматычных падзей) становіцца каштоўнай часткай жыццёвага вопыту. Вы знаходзіце страчаны кантроль над уласным жыццём, аднаўляеце разбураныя сацыяльныя сувязі і напаўняеце тое, што адбылося, асабістым значэннем. Так, гэта не лёгка, але сапраўды варта выдаткаваных сіл”.

Проста змясціць складаны, напоўнены перажываннямі і нязручнымі пытаннямі працэс у некалькі радкоў і слоў. Але няпроста праз гэта прайсці, не дыстанцуючыся ад рэальнасці, не ўцякаючы ў залежнасці, мінуўшчыну ці будучыню. Проста змясціць вопыт у словы, але няпроста знайсці словы прыдатныя.

Падарожжа ў пошукі сваіх слоў і сэнсаў можна пачаць з уважлівага дыялогу з сабой. 

Вось некалькі пытанняў, з якіх можна пачаць:

Ці адчуваў я сябе ў эміграцыі “як дома”, а калі не, то чаму? Якія мае патрэбы стаяць за гэтым і як я магу тут іх задаволіць?

Якія ў мяне ёсць чаканні ад сябе як ад “мігранта/кі”? Ці вызначаюць яны мае паводзіны? Што дапаможа мне быць больш спантаннай і разняволенай на новым месцы?

Што б вы параілі і як бы падтрымалі людзей, якія толькі што пераехалі? Якія ўнутраныя і знешнія апоры дапамагаюць вам?


Report Page