“Прыязджай, мы зробім, што зможам!”: як беларус пасля няўдалай спробы легалізавацца ў Літве апынуўся ў Італіі

“Прыязджай, мы зробім, што зможам!”: як беларус пасля няўдалай спробы легалізавацца ў Літве апынуўся ў Італіі

Народная амбасада Беларусі ў Італіі

Суразмоўца пажадаў застацца інкогніта, таму мы змянілі ягонае імя і выдаем матэрыял так, каб беларуса нельга было ідэнтыфікаваць. Гэтую гісторыю, вартую кнігі, мы публікуем, каб кожны з вас разумеў, што нават у складаных сітуацыях трэба шукаць выйсце і не раскапушчваць крылы.

Рашэнне пакінуць Беларусь і прыезд у Літву

У 2020 годзе Андрэй уваходзіў у ініцыятыўную групу Віктара Бабарыкі, кандыдата ў прэзідэнты. Беларуса затрымалі яшчэ да 9 жніўня ў Віцебску, у ізалятары ён правёў 5 содняў. Выбары прайшлі, і ён вырашыў з’ехаць, бо заставацца было ўжо небяспечна. На памежным пункце пропуска беларускі бок цудам прапусціў яго без візы на нейтральную зону, а ўжо ў літоўцаў беларус папрасіў палітычнага прытулку. Далей — двухтыднёвы каранцін, парука сяброў пра фінансавую і жыллёвую падтрымку і пошук працы.

Колы бюракратыі, абскарджванняў і судоў

Праз 6 месяцаў Андрэю прыйшла адмова ў наданні статуса ўцекача — міграцыйная служба паведамляла, што сведчанняў пра палітычны пераслед і рызыку вяртання ў Беларусь недастаткова. Мужчыне далі 14 дзён на тое, каб пакінуць Літву. Ён абскардзіў рашэнне, аднак гэта ні да чаго не прывяло. Праз 3 месяцы ён атрымаў новую адмову. Тады Андрэй напісаў скаргу ў вышэйшы Суд Літвы. Прайшоў год чакання рашэння па справе, і беларус выйграў працэс. Зрэшты, гэта не паўплывала на сітуацыю. Міграцыйная служба ізноў адмовіла ў наданні статуса. Затым быў новы зварот у Вышэйшы Суд, новае станоўчае рашэнне і новая адмова міграцыі.

Чаму Італія?

У Польшчу Андрэй ехаць не хацеў, бо баяўся, што спрацуе Дублінскае пагадненне (гэта калі краіна мае права перадаць прасіцеля аб міжнароднай абароне той краіне, якая выдала яму візу ці дазвол на жыхарства, ці першая краіна ўезду), і ў гэтым выпадку нават дапамога адваката можа не спрацаваць. Першая краіна ўезду Андрэя — Літва, а значыць, Польшча можа адправіць яго назад у Літву. А гэта — хуткая дэпартацыя ў Беларусь і турма.

“Я падумаў, што Італія знаходзіцца далёка ад межаў Беларусі, і ім будзе даволі складана пасадзіць мяне на самалёт, давезці бліжэй да нашае мяжы і выкінуць мяне ў нейтральнай зоне. Я задумваўся пра Гішпанію, аднак інфармацыі па легалізацыі там было няшмат. У фондзе “Краіна для Жыцця” мне далі кантакт Юлі Юхно і параілі звярнуцца да яе, што я і зрабіў. Я патлумачыў сітуацыю, і яна адразу сказала: «Прыязджай, мы зробім, што зможам!”.

Доўгая дарога не дадому, янотападобныя сабакі і леднікі

Італьянскі ляднік, ілюстратыўнае фота
У мяне ёсць матацыкл. На ім я і паехаў у Італію. Без дакументаў, без дазволу на перамяшчэнне. Сабраў некаторыя рэчы, з большага на асенняе надвор’е, узяў палатку, нацыянальны сцяг. У мяне былі нейкія грошы з сабой, тыя, што я зарабіў у Літве на нелегальных падпрацоўках, таму было не так страшна. У Польшчы я назіраў маштабную ўборачную кампанію, ночыў у полі. Стараўся схаваць матацыкл і палатку так, каб мяне ніхто не заўважыў. Ноччу прачнуўсся ад натуральных чалавечых крыкаў, выскачыў з намёта, гляджу — а там янотападобныя сабакі такім чынам стасуюцца! Чым не прыгода? (смяецца)
Я намагаўся ехаць не па аўтабанах, не па вялікіх дарогах. Усё ў аб’езд. Канешне, усё, што я бачыў, было вельмі прыгожым. Ехаў, адчуваў, як паступова мяняецца клімат, паветра. Калі ехаў па Італіі, шлях быў праз Альпы, горныя хрэбты, маленькія вёсачкі. Гэта было вельмі прыгожа. Неяк ехаў даволі высока — праз леднікі. Лета ідзе, а тут снег, лёд і +4. Неяк я не чакаў такога. Але калі спусціўся, то ўжо пагрэўся — было +25. ”

“Гэта не для вас, а для багатых еўрапейцаў!”

“Я паехаў на поўдзень Італіі, цягам 2-3 дзён падаўся на ўцякацтва. На поўначы з гэтым больш складана, там вялікія чэргі, многія чакаюць даты на падачу і па паўгода. Але я ночыў на парковачным месцы дырэктара міграцыйнай службы, таму мяне прынялі даволі хутка (смяецца). А яшчэ я чытаў, што італьянскія адміністрацыі дапамагаюць купляць закінутыя хаты ў вёсках, каб ты там мог жыць, працаваць, займацца сельскай гаспадаркай. Так яны адраджаюць вёскі. Я вырашыў дазнацца, ці магу я трапіць у такую праграму. Аднак не сказаў бы, што мне там былі радыя, бо пачуў: “Гэта не для вас, а для багатых еўрапейцаў!”. Ну, не склалася.” (усміхаецца)

“Юля, мяне пакусалі мурашы! Мне трэба дапамога!”

“Лагера для ўцекачоў там не было, але быў прытулак святога Франчэскі. У асноўным там знаходзіліся людзі з ментальнымі асаблівасцямі. Прынцып “жыві, дзе хочаш” пераўтварыўся ў “жыві, дзе можаш”. Вось я два тыдні жыў пад крамай. Потым гэта стала невыносна, мяне моцна пакусалі мурашы. Я патэлефанаваў Юлі і папрасіў ратунку: “Юля, мяне пакусалі мурашы! Мне трэба дапамога!” Яна зноў сказала мне: “Прыязджай, мы зробім, што зможам!”

Жытло для бяздомных, збор Народнай амбасады Беларусі ў Італіі, адаптацыя і жыццё пры царкве

“На месцы я знайшоў варыянт перабывання. Гэта быў начлег для тых, хто не мае, дзе жыць. Там можна здаваць рэчы, каб іх памылі, ёсць душ. Аднак камфортным гэтае жытло не назавеш. Умовы былі больш чым спартанскія, і гэта я мякка расказваю.
Я атрымліваў падтрымку “Caritas” (прым., міжнародная каталіцкая дабрачынная арганізацыя), там выдаюць таблеткі, аплочваюць тэлефон, могуць кампенсаваць праезд, калі ты вырашаеш свае пытанні па легалізацыі, могуць аплаціць мабільную сувязь. Таксама я звяртаўся ў асацыяцыю Джорджыа Ла Піра — там можна ўзяць, напрыклад, пену і станкі для галення, нейкія іншыя рэчы, там кормяць, я дагэтуль туды хаджу.
Юля перажывала, што я жыву з бяздомнымі, у антысанітарных умовах, з клапамі. Таму яна зладзіла грашовы збор для мяне. За тыя сродкі, што сабралі людзі, можна было аплаціць два месяцы жыцця ў вясковым доме. У мяне быў цэлы свой паверх.
Але настаў час сыходзіць адтуль, і мяне прытуліў святар мясцовай каталіцкай царквы. Ён сказаў: “Тут можна жыць столькі, колькі трэба. Атрымлівайце дакументы, уладкоўвайцеся.” Ён не просіць ніякіх грошай, нічога такога. Вось тут я жыву ўжо амаль год. Разам са мной у пакоі жывуць яшчэ два мужчыны. Гэта малдаванін, яму каля 60 гадоў, 15 з іх ён знаходзіцца ў Італіі. Ён меў жонку, добрую працу ў Неапалі, нават метро будаваў там. Ён — спецыяліст па металаканструкцыях. Але апошнія 4 гады жыве пры царкве. Узрост узяў сваё, і ён страціў працу і ладнае жыццё. Другі жыхар — з тутэйшых, 50-гадовы італьянец. Ягоная жонка трапіла ў секту, апісала ім сваю хату, і цяпер у яго няма ані жонкі, ані жытла. Вось мы ўтрох і жывём. У пакоі ёсць пральная машына, прыбіральня, душ.
Я святару сказаў, што я рукасты, многае ўмею рабіць, таму я магу і там на месцы дапамагаць, і падпрацоўваць, калі будуць звяртацца людзі ў пошуках майстра. Але пакуль ён да мяне не звяртаўся.”

Зноў Дублінскае пагадненне?

“Высветлілася, што Італія адправіла запыт у Літву, каб па Дублінскай працэдуры мяне прыняла першая краіна ўезду. Прычым італьянцы не трымаліся тэрмінаў — яны мусілі запусціць гэтую працэдуру да 6 месяцаў майго знаходжання ў Італіі, а зрабілі гэта пазней. Было абскарджванне, Юля знайшла адваката (такога, не для багатых), мы скалалі апеляцыю.”

Пра імаверныя планы

“Я чакаю на дакументы. Працэсы легалізацыі тут ідуць даволі марудна, але нічога не паробіш, трэба чакаць. Прынамсі, цяпер ёсць надзея, што мяне не адправяць у Беларусь. Жыццё ў Літве і тут немагчыма параўнаць. У Літве ў мяне хаця б ёсць сябры. Тут жа ўсё іншае. Калі я атрымаю дакументы, я хачу проста ціха, спакойна пажыць. А на сёння я ўдзячны кожнаму, хто падтрымаў мяне.
На фота дыпламатычны саветнік міністра ўнутраных спраў Марко Віллані і Юлія Юхно

Юлія Юхно, прадстаўніца Народнай амбасады Беларусі ў Італіі, пракаментавала сітуацыю з Андрэем і адзначыла:

“Мы апрацоўваем усе запыты, што атрымліваем. Мы не вылучаем людзей згодна з іхнімі поглядамі, працуем з усімі. У асноўным людзі звяртаюцца па дапамогу, калі маюць пытанні, звязаныя з легалізацыяй і атрыманнем уцякацтва. Мы маем шмат кантактаў у адміністрацыях розных рэгіёнаў, і гэта вельмі дапамагае. Кожны выпадак унікальны, і мы не даем гарантыі, што мы прыйдзем і ўсё вырашым. Аднак можам паспрыяць у вырашэнні многіх пытанняў. Мы падкрэсліваем, што заўсёды гатовыя дапамагчы кожнаму.
Пра Дублінскае пагадненне. Гэта вельмі актуальнае пытанне. Людзі прыязджаюць з літоўскімі, польскімі, французскімі візамі. У такіх выпадках мы робім усё, каб працэс дэпартацыі запаволіўся і ўвогуле не спрацаваў. У сітуацыі з Андрэем літоўскія ўлады адказалі даволі хутка, аднак нам удалося пазбегнуць дэпартацыі. Італьянскі бок позна зрэагаваў, таму мы падалі апеляцыю. Цяпер Андрэй чакае на камісію па ўцякацтве, усё сапраўды адбываецца вельмі павольна. Аднак цяпер няма рызыкі таго, што беларус трапіць праз Літву ў Беларусь, і мы будзем ладзіць яму перадачы ў турму.”







1 прагляд • Wrong layout?










Report Page