«Прысуд выглядае непрапарцыйна жорсткім». Што вядома пра першага асуджанага за падзеі 9-12 жніўня

«Прысуд выглядае непрапарцыйна жорсткім». Што вядома пра першага асуджанага за падзеі 9-12 жніўня

Ігар Ільяш belsat.eu

На мінулым тыдні суд Барысаўскага раёну пакараў 20-гадовага футбольнага фаната Яўгена Петрачэнку 3,5 гадамі зняволення за сутычку з міліцыяй падчас пратэстаў у Барысаве 9 жніўня. Судовы працэс не меў вялікага розгаласу: СМІ даведаліся пра яго толькі постфактум праз паведамленне МУС. Belsat.eu высветліў дэталі першай крымінальнай справы за паслявыбарчыя пратэсты.

9 кастрычніка афіцыйны тэлеграм-канал МУС Беларусі паведаміў, што суд пакараў 20-гадовага хлопца 3,5 гадамі калоніі за гвалт у адносінах да міліцыянта падчас падзеяў 9 жніўня ў Барысаве.

«Асуджаны разам з іншымі дэманстрантамі правакаваў праваахоўнікаў, якія стаялі ў ачапленні. Спачатку лаяўся на іх адрас нецэнзурнай лаянкай, а затым і зусім напаў на старэйшага сяржанта міліцыі: стукнуў па назе металічным турнікетам і некалькі разоў кулакамі па твары», – адзначалі ў МУС.
Loading video



Прэс-служба таксама распаўсюдзіла кадры сутычкі дэманстранта з міліцыянтам. На відэа бачна як на дэманстрантаў, што стаялі ля турнікетаў, бягуць сілавікі ў шлемах і з дубінкамі. Большасць пратэстоўцаў пры гэтым разбягаюцца, але Яўген Петрачэнка і яшчэ некалькі чалавек – застаюцца. Хлопец спачатку штурхнуў турнікет у бок міліцыянта, а затым паміж імі адбылася сутычка. Яўген пры гэтым паспеў збегчы, хаця за ім гналіся прынамсі трое міліцыянтаў.

«Я лічу, што гэта паказальны вырак»

Яўген Петрачэнка. Фота даслалі сябры Яўгена

Затрымалі Яўгена Петрачэнку на наступны дзень, 10 жніўня.

«Ён вяртаўся дадому, яго выцягнулі з машыны і ўдарылі так, што адразу страціў прытомнасць. Калі ён прыйшоў у сябе, міліцыянты працягвалі збіваць, а потым павезлі ў РАУС», – распавяла belsat.eu ягоная сяброўка Юлія.

У кватэры матулі Яўгена ў Барысаве адбыўся ператрус, але нічога незаконнага там не знайшлі.

«Спачатку нам не давалі ніякай інфармацыі,. Мы не ведалі, дзе ён знаходзіцца. Потым мы ўсё ж даведаліся, што ён жодзінскім ізалятары. Спачатку Яўгену «шылі» і 364 артыкул, і арганізацыю «масавых закалотаў» – казалі, што яму да 15 гадоў пагражае», – кажа Юлія.

Аднак у выніку ў суд перадалі абвінавачванне толькі паводле арт. 364 КК – гвалт супраць працаўніка органаў унутраных справаў.

Яўген Петрачэнка з маці. Фота даслалі сябры Яўгена

Да суду Яўгену далі адно спатканне са сваякамі – 29 жніўня яго ў ізалятары наведала маці Наталля Аляксандраўна.

«Вочы ў яго былі патухлыя, але ён стараўся трымацца. Ён вельмі за мяне хвалюецца, бо ў нас заўсёды былі вельмі блізкія, даверныя стасункі. Таму, імаверна, не хацеў паказваць, што яму дрэнна, каб я не перажывала», – распавяла жанчына belsat.eu.

Суд Барысаўскага раёну разгледзеў справу Петрачэнкі ўсяго цягам двух паседжанняў: 7-8 кастрычніка. Самога Яўгена ў суд не даставілі – ён удзельнічаў у працэсе праз Skype. Сваю вінаватасць удзельнік пратэстаў прызнаў. У апошнім слове Яўген казаў, што ён не ўяўляе небяспекі для грамадства і на свабодзе будзе больш карысны.

Дзяржаўны абвінаваўцы прасіў для хлопца 3 гады зняволення, але суддзя Таццяна Дзеравянка дала больш – 3,5 гады. «Адвакат кажа, што ўпершыню з такім сутыкнуўся, гэта вельмі дзіўна», – дадае Юлія.

«Я лічу, што гэта паказальны вырак, – кажа маці Яўгена Наталля Аляксандраўна. – Мой сын атрымаў празмерна жорсткае пакаранне. Ён не заслугоўвае гэтага».

Дзе Яўген будзе адбываць пакаранне – пакуль невядома. На момант публікацыі артыкулу ён застаецца ў ізалятары ў Жодзіна.

Міліцыянту было «вельмі крыўдна»

Яўген Петрачэнка. Фота даслалі сябры Яўгена

Юлія кажа, што раней Яўген не прымаў удзелу ў акцыях пратэсту. Але 9 жніўня ён быў адным з тых, хто выйшаў на мітынг на цэнтральнай плошчы Барысава.

«Усё было мірна спачатку. Міліцыя проста папярэджвала, казала ў рупар, каб усе разышліся. Але ніхто не разыходзіўся. А потым міліцыянты пабеглі на людзей», – узгадвае дзяўчына.

Паводле Юліі, міліцыянт першы замахнуўся на Яўгена дубінкай, а той хутчэй інстынктыўна пачаў адбівацца.

Пацярпелым па справе Петрачэнкі быў прызнаны працаўнік патрулева-паставой службы (ППС) Арцём Пласконны. Падчас сутычкі з Яўгенам міліцыянт Пласконны быў у шлеме, аднак з паднятым забралам.

«Пласконны казаў на судзе, што ў яго забрала было адкрытае, бо яму было цяжка дыхаць. Таму, калі Жэня замахнуўся, ён разбіў яму губу і вока – прынамсі, так казалі на судзе. Ды яшчэ ён меў сіняк на назе ад турнікету», – распавядае дзяўчына.

Паводле Юліі, на працэсе працаўнік ППС заявіў, што не мае прэтэнзіяў асабіста да абвінавачанага, але адзначыў, што «яму вельмі крыўдна за тое, што да міліцыянтаў людзі настолькі кепска ставяцца».

Футбольны фанат

Яўген Петрачэнка. Фота даслалі сваякі Яўгена

Яўген Петрачэнка скончыў сярэднюю школу, працаваў зваршчыкам. Быў актыўным удзельнікам фанацкага руху, заўзеў за БАТЭ. «Для яго гэта вельмі важна. Ён гэтым жыве», – тлумачыць Юлія.

Менавіта з фанацкім рухам была звязаная першая судзімасць Яўгена – раней ён атрымаў год умоўна за нейкую бойку. Дэталі той справы Юлія дакладна не ведае.

Паводле прэс-рэлізу МУС, Яўгена прыцягвалі да крымінальнай адказнасці «за крадзеж і прычыненне менш цяжкага цялеснага пашкоджання па неасцярожнасці». Таксама, паводле міліцыі, на яго неаднаразова складалі адміністратыўныя пратаколы «за дробнае хуліганства, распіванне алкагольных напояў у грамадскім месцы, непадпарадкаванне міліцыянтам і неяўку на мерапрыемствы па прызыву».

Пазіцыя праваабаронцаў

Праваабаронцы не сачылі за справай Петрачэнкі, таму сваю пазіцыю на гэты конт яны яшчэ не сфармавалі. Але ПЦ «Вясна» плануе вывучыць вырак і ў хуткім часе прыняць рашэнне, ці прызнаваць хлопца палітвязнем.

Валянцін Стэфановіч, фота “Белсат”
«На першы погляд, такі прысуд выглядае непрапарцыйна жорсткім. Імаверна, у гэтай непрапарцыйнасці ёсць палітычны падыход», – кажа намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч.

«Заўсёды вельмі важна разглядаць вырак у кантэксце тых падзеяў, пры якіх адбываліся дзеянні абвінавачаных. А адбывалася гэта падчас правядзення мірных сходаў, якія былі атакаваныя міліцыяй з выкарыстаннем фізічнай сілы і спецсродкаў. Фактычна людзі былі вымушаныя абараняцца».

Стэфановіч нагадаў, што ў канцы верасня суд Маладзечанскага раёну ўжо выносіў вырак за гвалт супраць міліцыянтаў падчас акцыяў пратэсту – праўда, за падзеі не 9 жніўня, а 19 чэрвеня. Павел Пяскоў атрымаў тры гады і тры месяцы пазбаўлення волі, а Уладзіслаў Еўсцігнееў – 3 гады. Праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі менавіта праз непрапарцыйнасць пакарання, бо міліцыянт падчас канфлікту з пратэстоўцамі атрымаў толькі некалькі драпінаў і пашкоджанне іхнае формы.

Асобна Валянцін Стэфановіч пракаментаваў сведчанні блізкіх асуджанага пра тое, што Яўгена Петрачэнку нават не даставілі ў суд на разгляд справы.

«Правядзенне крымінальных працэсаў праз онлайн-сувязь – гэта нешта новае. Якія былі падставы гэта рабіць, можна толькі здагадвацца. Імаверна, улады не хацелі ствараць ажыятаж. Але гэта парушае канстытуцыйныя правы абвінавачанага», – перакананы праваабаронца.

Нагадаем, паводле праваабаронцаў ад пачатку кампаніі па выбарах прэзідэнта Беларусі 2020 года ў краіне распачалі больш за 350 крымінальных справаў супраць пратэстоўцаў, удзельнікаў прэзідэнцкай кампаніі і актывістаў іхных штабоў.



Report Page