Прэс-рэліз да 6 месяцаў працы
Аб’яднаны Пераходны Кабінет БеларусіАб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі быў заснаваны нацыянальнай лідаркай Святланай Ціханоўскай 9 жніўня 2022 г., як выканаўчы орган ўлады з вызначанымі мэтамі. Разам з фармаваннем уласнай структуры і адладжваннем унутраных працоўных механізмаў Кабінет працаваў па наступных напрамках:
- міжнародныя адносіны;
- адносіны з Украінай;
- фармаванне сілавога блоку;
- санкцыйны ціск на рэжым;
- крымінальны пераслед асобаў, адказных за рэпрэсіі і саўдзел у агрэсіі супраць Украіны;
- дапамога палітвязням;
- нацыянальная культура і адукацыя.
За шэсць месяцаў працы былі дасягнуты наступныя вынікі:
БЕЛАРУСЬ НА МІЖНАРОДНАЙ АРЭНЕ
(адказны - прадстаўнік па замежных справах Валер Кавалеўскі)
- Падрыхтаваны макет агульнаграмадзянскага пашпарта новай Беларусі. Вядуцца перамовы аб міжнародным прызнанні такога дакумента. Патэнцыйна дакумент дазволіць пацвярджаць беларускае грамадзянства і служыць праязным дакументам для яго ўладальнікаў.
- Рада Еўропы стварыла Кантактную Групу Рады Еўропы па адносінах з Беларуссю з удзелам прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасці і палітычных структураў. Захады ў гэтым напрамку ажыццяўляліся сумесна з Офісам Святланы Ціханоўскай ад сакавіка 2022 г. Амбасадар Уладзімір Астапенка ўвайшоў у склад Групы ад Кабінета.
- Пачала працу місія дэмакратычнай Беларусі ў Брусэлі. Заснавана прадстаўніцтва дэмакратычнай Беларусі ў Празе. Праца над іх адкрыццём пачалася ў перыяд да заснавання Кабінета, і была паспяхова даведзена да выніку прадстаўніком па замежных справах.
- Дзякуючы намаганням кіраўніцы Кабінета і прадстаўніка па замежных справах, дапамога Еўрапейскага саюза для грамадзянскай супольнасці Беларусі на наступны год была павялічана да 31 мільён еўра, што на 1 мільён еўра больш, чым у папярэднім бюджэтным годзе. Пры гэтым першапачаткова аб’ём дапамогі ЕС для Беларусі павінен быў скласці 15 мільёнаў еўра.
- Распрацавана і рэалізуецца кампанія супраць кандыдатуры Лукашэнкі на выбарах у Раду Бяспекі ААН.
- З Міністэрствам унутраных спраў Літвы ўзгоднена працэдура пацвярджэння Кабінетам беларускага грамадзянства і гісторыі пераследу асобаў, якія страцілі беларускі пашпарт або не могуць працягнуць тэрмін яго дзеяння. Пасля практычнай апрабацыі такой працэдуры ў Літве, гэтае рашэнне будзе прапанавана ўрадам іншых краін з высокай канцэнтрацыяй беларускіх грамадзян.
- Выпрацавана рамачная пазіцыя па новым геапалітычным выбары Беларусі. Яна прадугледжвае выхад Беларусі з небяспечных для яе суверэнітэту дамоўленасцяў з Расіяй і ўдзел ў рэгіянальных і агульнаеўрапейскіх утварэннях: Еўрапейская палітычная супольнасць, Люблінскі трохкутнік, Цэнтральна-Еўрапейская Ініцыятыва, Рада дзяржаў Балтыйскага мора і інш.
УКРАІНА
- Прадстаўнікі Кабінета Валер Кавалеўскі, Аліна Коўшык, Аляксандр Азараў і Валер Сахашчык з працоўнымі візітамі наведвалі ахопленую вайной Украіну, наладзілі сталае супрацоўніцтва з дзяржаўнымі ўстановамі Украіны па профільных кірунках дзейнасці.
- Для развіцця беларуска-украінскіх адносінаў прадстаўнікі Кабінета прынялі ўдзел у беларуска-украінскім форуме ў Львове.
- Прадстаўнік па замежных справах узгадніў з Нацыянальным банкам Украіны алгарытм спрошчанай падачы заявак на разблакіроўку рахункаў беларускіх грамадзян ва ўкраінскіх банках. Прадстаўніцтва па аднаўленні законнасці і правапарадку дапамагае Службе Бяспекі Украіны ў справе верыфікацыі беларусаў у рамках разгляду ўкраінскімі органамі ўлады такіх запытаў.
СІЛАВЫ БЛОК
(адказныя - прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Валерый Сахашчык, прадстаўнік па аднаўленні законнасці і правапарадку Аляксандр Азараў)
- Прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы сфармаваў каманду для рэалізацыі сваіх задач у рамках дзейнасці Кабінета. У яе склад увайшлі ў тым ліку афіцэры Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
- Прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы пачаў рэалізацыю плана матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць ва Украіне.
- Прадстаўніцтвамі Аляксандра Азарава і Валерыя Сахашчыка ў некалькіх гарадах Польшчы і Літвы былі створаны Харугвы, пачало працаваць «Паспалiтае Рушэнне». У межах гэтых спартыўных добраахвотных аб’яднанняў адбываецца кансалідацыя беларусаў, фізічная і тэарэтычная падрыхтоўка, знаёмства з нацыянальнымі вайсковымі традыцыямі і гісторыяй Беларусі.
- Прадстаўніцтва па аднаўленні законнасці і правапарадку падрыхтавала групы спецыяльнага прызначэння, якія ўзмацнілі патэнцыял плана «Перамога».
- Прадстаўніцтва Аляксандра Азарава адкарэктавала план «Перамога» з улікам новых грамадска-палітычных абставінаў.
- Прадстаўніцтва па аднаўленні законнасці і правапарадку забяспечыла Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека (УВКПЧ) інфармацыяй пра сведак і пацярпелых, звязаных са злачынствамі рэжыму Лукашэнкі.
- Прадстаўніцтва Аляксандра Азарава выпусціла 12 расследавальніцкіх відэафільмаў, у аснову якіх ляглі назапашаныя доказы злачынстваў рэжыму.
- Распрацаваны планы дзеянняў, якія адпавядаюць розным імаверным сцэнарыям развіцця падзей у Беларусі і рэгіёне ў бліжэйшы час.
- Прадстаўніцтва па аднаўленні законнасці і правапарадку правяло верыфікацыю 380 грамадзян Беларусі для забеспячэння бяспекі дзейнасці дэмакратычных сілаў
САНКЦЫІ СУПРАЦЬ "ГАМАНЦОЎ" РЭЖЫМУ І АСОБАЎ, АДКАЗНЫХ ЗА РЭПРЭСІІ, ГВАЛТ І САЎДЗЕЛ У АГРЭСІІ СУПРАЦЬ УКРАІНЫ
(адказны - прадстаўнік па транзіце ўлады Павел Латушка)
- Кабінет сфармаваў і абгрунтаваў пазіцыю аб неабходнасці гарманізацыі санкцый у дачыненні да Расіі і рэжыму Лукашэнкі. Адпаведная прапанова была накіравана на імя прэзідэнта Еўракамісіі Урсулы фон дэр Ляен, адказнаму за знешнюю палітыку ЕС Жазэпу Барэлю і старшыні Еўрапейскай рады Шарлю Мішэлю. Гэтая пазіцыя таксама была перададзена Дзяржаўнаму сакратару ЗША Энтані Блінкену.
- Выпрацаваны прапановы па пашырэнні санкцыйных спісаў і ўдасканаленні санкцыйнага ціску. Толькі за апошнія тры месяцы 23 такія прапановы з абгрунтаваннем былі накіраваныя ўпаўнаважаным органам Еўрапейскага саюза, краін ЕС, Вялікабрытаніі, ЗША, Швейцарыі, Украіны і г.д. Адпаведным установам ЕС перададзена інфармацыя аб спосабах абыходу санкцый рэжымам, дадзены рэкамендацыі па прадухіленні такіх спробаў.
- Прадстаўніцтва па транзіце ўлады, каманда НАУ сумесна з прадстаўніцтвам па аднаўленні законнасці і правапарадку і Беларускім фондам спартыўнай салідарнасці падрыхтавалі прапановы з абгрунтаваннем на ўвядзенне персанальных санкцый супраць 340 асобаў, якія служаць рэжыму.
КРЫМІНАЛЬНЫ ПЕРАСЛЕД АСОБАЎ, АДКАЗНЫХ ЗА ГВАЛТ, РЭПРЭСІІ І ЗЛАЧЫНСТВЫ СУПРАЦЬ ЧАЛАВЕЧНАСЦІ
(адказныя - прадстаўнік па транзіце ўлады Павел Латушка, прадстаўнік па аднаўленні законнасці і правапарадку Аляксандр Азараў)
- Прадстаўнік па транзіце ўлады накіраваў звароты ў дзяржаўныя органы ўлады Літвы, Чэхіі, Украіны з абгрунтаваннем неабходнасці прызнання КДБ і ГУБАЗіК тэрарыстычнымі арганізацыямі. Сейм Літвы прыняў рэзалюцыю, якая менавіта так вызначае гэтыя злачынныя арганізацыі. Інфармацыя для абгрунтавання такіх зваротаў была падрыхтавана прадстаўніцтвам па аднаўленні законнасці і правапарадку.
- Прадстаўніцтвам па транзіце ўлады, камандай НАУ, пры ўдзеле прадстаўніка па аднаўленні законнасці і правапарадку была праведзена міжнародная канферэнцыя «Механізмы ўніверсальнай юрысдыкцыі ў краінах Еўропы», якая падсумавала вопыт працы дэмакратычных сілаў па гэтым напрамку, вызначыла прыярытэты дзейнасці на бліжэйшы час. Для каардынацыі працы па ўзбуджэнні крымінальных спраў у межах універсальнай юрысдыкцыі прадстаўніцтвам па транзіце ўлады была падрыхтавана і распаўсюджана памятка, якая ўключае інструменты пошуку ахвяр, праваабаронцаў і юрыстаў, прасоўвання дадзенай праблематыкі ў мясцовых СМІ і г.д.
- Прадстаўніцтвам па транзіце ўлады падрыхтавана абгрунтаванне магчымасці прыцягнення да адказнасці прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі за парушэнне Канвенцыі супраць катаванняў 1984 г., якое было перададзена ў МЗС Польшчы, Літвы, Чэхіі, ЗША, Швецыі, Канады. Прынятыя ў студзені 2023 г. рэзалюцыі Еўрапарламента і Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы адлюстроўваюць прапановы Кабінета па распаўсюджванні юрысдыкцыі будучага трыбунала на вышэйшае ваеннае і палітычнае кіраўніцтва рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, у т.л. на самога дыктатара.
ТРАНЗІТНЫ ПЕРЫЯД
(адказны - прадстаўнік па транзіце ўлады Павел Латушка)
- Запушчаны праект «Кадравы рэзерв для новай Беларусі» для падрыхтоўкі неабходных кваліфікаваных кадраў для транзітнага перыяду. Апрацавана 170 заявак на навучанне, 17% з якіх падалі асобы, якія працуюць у дзяржаўным сектары. Сфармаваны план пілотнай адукацыйнай праграмы.
ДАПАМОГА ПАЛІТЗНЯВОЛЕНЫМ
(адказная - прадстаўніца па сацыяльных пытаннях Вольга Гарбунова)
- Распачата праца па стварэнні міжнароднага Фонда для рэабілітацыі рэпрэсаваных.
- Створаная міжарганізацыйная рабочая група па каардынацыі дапамогі палітзняволеным дапамагла забяспечыць больш эфектыўную падтрымку 15 палітзняволеным.
- Выпрацавана пазіцыя і распачата падрыхтоўка да магчымых перамоў з рэжымам па пытанні вызвалення палітзняволеных. Кабінет гатовы пачаць перамовы па гэтым пытанні ў выпадку, калі рэжым спыніць рэпрэсіі.
НАЦЫЯНАЛЬНАЯ КУЛЬТУРА І АДУКАЦЫЯ
(адказная - прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык)
- Польшча надалей будзе прызнаваць беларускія дыпломы і пасведчанні аб адукацыі, нягледзячы на скасаванне рэжымам адпаведнага пагаднення ў аднабаковым парадку.
- Атрымана згода на стварэнне сеткі беларускіх школ выходнага дня на тэрыторыі Польшчы пры падтрымцы Мінстэрства адукацыі і навукі Польшчы.
- Пры залічэнні беларускіх студэнтаў у польскія ВНУ будуць спрошчаны патрабаванні аб прадастаўленні арыгінальных дакументаў аб адукацыі, апастыля, вынікаў здачы ЦТ.
- Польскія ўлады пагадзіліся на прапанову Кабінета пашырыць падтрымку рэпрэсаваных беларускіх настаўнікаў, выкладчыкаў і навучэнцаў.
- Прынята рашэнне пра стварэнне сумеснай рабочай групы Кабінета і Міністэрства адукацыі і навукі Польшчы для сталага супрацоўніцтва.
- У супрацоўніцтве з беларускімі культурніцкімі арганізацыямі заснаваны Інстытут беларускай кнігі, які будзе вырашаць задачы па развіцці беларускай кніжнай справы насуперак рэпрэсіўным захадам рэжыму.
- Сумесна з дарадцай Офіса Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі Таццянай Шчытцовай створаны рабочыя групы, якія займаюцца распрацоўкай транзітнага перыяду ў адукацыі для новай Беларусі, і пошукам магчымасцяў для абмену вопытам беларускіх спецыялістаў са спецыялістамі адукацыі розных еўрапейскіх краін.
- Кабінет абвясціў 2023 год Годам беларускай мовы і нацыянальнага адраджэння з мэтай падтрымкі і развіцця нацыянальнай мовы і культуры.
- Былі прынятыя «Заява аб асуджэнні камунізму, таталітарных і імперскіх ідэалогій» і «Рэзалюцыя аб прызнанні Галадамору 1932-1933 гг. генацыдам украінскага народа і асуджэнні злачынстваў камуністычнай улады супраць нацыянальных рэспублік СССР у міжваенны перыяд».
- У супрацоўніцтве з Геральдычнай камісіяй падрыхтавала новую лінейку беларускіх узнагародаў для асобаў, якія праявілі выключную адданасць у служэнні Беларусі. Частка медалёў ужо выраблена і гатовая да ўручэння. Пачала працу Грамадская камісія па ўзнагародах.