Прэс-рэліз да 6 месяцаў працы

Прэс-рэліз да 6 месяцаў працы

Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі

Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі быў заснаваны нацыянальнай лідаркай Святланай Ціханоўскай 9 жніўня 2022 г., як выканаўчы орган ўлады з вызначанымі мэтамі. Разам з фармаваннем уласнай структуры і адладжваннем унутраных працоўных механізмаў Кабінет працаваў па наступных напрамках:

  •  міжнародныя адносіны;
  • адносіны з Украінай;
  • фармаванне сілавога блоку;
  • санкцыйны ціск на рэжым;
  • крымінальны пераслед асобаў, адказных за рэпрэсіі і саўдзел у агрэсіі супраць Украіны;
  • дапамога палітвязням;
  • нацыянальная культура і адукацыя.


За шэсць месяцаў працы былі дасягнуты наступныя вынікі:


БЕЛАРУСЬ НА МІЖНАРОДНАЙ АРЭНЕ

(адказны - прадстаўнік па замежных справах Валер Кавалеўскі)

  1. Падрыхтаваны макет агульнаграмадзянскага пашпарта новай Беларусі. Вядуцца перамовы аб міжнародным прызнанні такога дакумента. Патэнцыйна дакумент дазволіць пацвярджаць беларускае грамадзянства і служыць праязным дакументам для яго ўладальнікаў.
  2. Рада Еўропы стварыла Кантактную Групу Рады Еўропы па адносінах з Беларуссю з удзелам прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасці і палітычных структураў. Захады ў гэтым напрамку ажыццяўляліся сумесна з Офісам Святланы Ціханоўскай ад сакавіка 2022 г. Амбасадар Уладзімір Астапенка ўвайшоў у склад Групы ад Кабінета.
  3. Пачала працу місія дэмакратычнай Беларусі ў Брусэлі. Заснавана прадстаўніцтва дэмакратычнай Беларусі ў Празе. Праца над іх адкрыццём пачалася ў перыяд да заснавання Кабінета, і была паспяхова даведзена да выніку прадстаўніком па замежных справах.
  4. Дзякуючы намаганням кіраўніцы Кабінета і прадстаўніка па замежных справах, дапамога Еўрапейскага саюза для грамадзянскай супольнасці Беларусі на наступны год была павялічана да 31 мільён еўра, што на 1 мільён еўра больш, чым у папярэднім бюджэтным годзе. Пры гэтым першапачаткова аб’ём дапамогі ЕС для Беларусі павінен быў скласці 15 мільёнаў еўра.
  5. Распрацавана і рэалізуецца кампанія супраць кандыдатуры Лукашэнкі на выбарах у Раду Бяспекі ААН. 
  6. З Міністэрствам унутраных спраў Літвы ўзгоднена працэдура пацвярджэння Кабінетам беларускага грамадзянства і гісторыі пераследу асобаў, якія страцілі беларускі пашпарт або не могуць працягнуць тэрмін яго дзеяння. Пасля практычнай апрабацыі такой працэдуры ў Літве, гэтае рашэнне будзе прапанавана ўрадам іншых краін з высокай канцэнтрацыяй беларускіх грамадзян.
  7. Выпрацавана рамачная пазіцыя па новым геапалітычным выбары Беларусі. Яна прадугледжвае выхад Беларусі з небяспечных для яе суверэнітэту дамоўленасцяў з Расіяй і ўдзел ў рэгіянальных і агульнаеўрапейскіх утварэннях: Еўрапейская палітычная супольнасць, Люблінскі трохкутнік, Цэнтральна-Еўрапейская Ініцыятыва, Рада дзяржаў Балтыйскага мора і інш.


УКРАІНА

  1. Прадстаўнікі Кабінета Валер Кавалеўскі, Аліна Коўшык, Аляксандр Азараў і Валер Сахашчык з працоўнымі візітамі наведвалі ахопленую вайной Украіну, наладзілі сталае супрацоўніцтва з дзяржаўнымі ўстановамі Украіны па профільных кірунках дзейнасці.
  2. Для развіцця беларуска-украінскіх адносінаў прадстаўнікі Кабінета прынялі ўдзел у беларуска-украінскім форуме ў Львове.
  3. Прадстаўнік па замежных справах узгадніў з Нацыянальным банкам Украіны алгарытм спрошчанай падачы заявак на разблакіроўку рахункаў беларускіх грамадзян ва ўкраінскіх банках. Прадстаўніцтва па аднаўленні законнасці і правапарадку дапамагае Службе Бяспекі Украіны ў справе верыфікацыі беларусаў у рамках разгляду ўкраінскімі органамі ўлады такіх запытаў.


СІЛАВЫ БЛОК

(адказныя - прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Валерый Сахашчык, прадстаўнік па аднаўленні законнасці і правапарадку Аляксандр Азараў)

  1. Прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы сфармаваў каманду для рэалізацыі сваіх задач у рамках дзейнасці Кабінета. У яе склад увайшлі ў тым ліку афіцэры Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
  2. Прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы пачаў рэалізацыю плана матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць ва Украіне.
  3. Прадстаўніцтвамі Аляксандра Азарава і Валерыя Сахашчыка ў некалькіх гарадах Польшчы і Літвы былі створаны Харугвы, пачало працаваць «Паспалiтае Рушэнне». У межах гэтых спартыўных добраахвотных аб’яднанняў адбываецца кансалідацыя беларусаў, фізічная і тэарэтычная падрыхтоўка, знаёмства з нацыянальнымі вайсковымі традыцыямі і гісторыяй Беларусі.
  4. Прадстаўніцтва па аднаўленні законнасці і правапарадку падрыхтавала групы спецыяльнага прызначэння, якія ўзмацнілі патэнцыял плана «Перамога».
  5. Прадстаўніцтва Аляксандра Азарава адкарэктавала план «Перамога» з улікам новых грамадска-палітычных абставінаў.
  6. Прадстаўніцтва па аднаўленні законнасці і правапарадку забяспечыла  Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека (УВКПЧ) інфармацыяй пра сведак і пацярпелых, звязаных са злачынствамі рэжыму Лукашэнкі.
  7. Прадстаўніцтва Аляксандра Азарава выпусціла 12 расследавальніцкіх відэафільмаў, у аснову якіх ляглі назапашаныя доказы злачынстваў рэжыму. 
  8. Распрацаваны планы дзеянняў, якія адпавядаюць розным імаверным сцэнарыям развіцця падзей у Беларусі і рэгіёне ў бліжэйшы час.
  9. Прадстаўніцтва па аднаўленні законнасці і правапарадку правяло верыфікацыю 380 грамадзян Беларусі для забеспячэння бяспекі дзейнасці дэмакратычных сілаў 


САНКЦЫІ СУПРАЦЬ "ГАМАНЦОЎ" РЭЖЫМУ І АСОБАЎ, АДКАЗНЫХ ЗА РЭПРЭСІІ, ГВАЛТ І САЎДЗЕЛ У АГРЭСІІ СУПРАЦЬ УКРАІНЫ

(адказны - прадстаўнік па транзіце ўлады Павел Латушка)

  1. Кабінет сфармаваў і абгрунтаваў пазіцыю аб неабходнасці гарманізацыі санкцый у дачыненні да Расіі і рэжыму Лукашэнкі. Адпаведная прапанова была накіравана на імя прэзідэнта Еўракамісіі Урсулы фон дэр Ляен, адказнаму за знешнюю палітыку ЕС Жазэпу Барэлю і старшыні Еўрапейскай рады Шарлю Мішэлю. Гэтая пазіцыя таксама была перададзена Дзяржаўнаму сакратару ЗША Энтані Блінкену.
  2. Выпрацаваны прапановы па пашырэнні санкцыйных спісаў і ўдасканаленні санкцыйнага ціску. Толькі за апошнія тры месяцы 23 такія прапановы з абгрунтаваннем былі накіраваныя ўпаўнаважаным органам Еўрапейскага саюза, краін ЕС, Вялікабрытаніі, ЗША, Швейцарыі, Украіны і г.д. Адпаведным установам ЕС перададзена інфармацыя аб спосабах абыходу санкцый рэжымам, дадзены рэкамендацыі па прадухіленні такіх спробаў.
  3. Прадстаўніцтва па транзіце ўлады, каманда НАУ сумесна з прадстаўніцтвам па аднаўленні законнасці і правапарадку і Беларускім фондам спартыўнай салідарнасці падрыхтавалі прапановы з абгрунтаваннем на ўвядзенне персанальных санкцый супраць 340 асобаў, якія служаць рэжыму.


КРЫМІНАЛЬНЫ ПЕРАСЛЕД АСОБАЎ, АДКАЗНЫХ ЗА ГВАЛТ, РЭПРЭСІІ І ЗЛАЧЫНСТВЫ СУПРАЦЬ ЧАЛАВЕЧНАСЦІ

(адказныя - прадстаўнік па транзіце ўлады Павел Латушка, прадстаўнік па аднаўленні законнасці і правапарадку Аляксандр Азараў)

  1. Прадстаўнік па транзіце ўлады накіраваў звароты ў дзяржаўныя органы ўлады Літвы, Чэхіі, Украіны з абгрунтаваннем неабходнасці прызнання КДБ і ГУБАЗіК тэрарыстычнымі арганізацыямі. Сейм Літвы прыняў рэзалюцыю, якая менавіта так вызначае гэтыя злачынныя арганізацыі. Інфармацыя для абгрунтавання такіх зваротаў была падрыхтавана прадстаўніцтвам па аднаўленні законнасці і правапарадку.
  2. Прадстаўніцтвам па транзіце ўлады, камандай НАУ, пры ўдзеле прадстаўніка па аднаўленні законнасці і правапарадку была праведзена міжнародная канферэнцыя «Механізмы ўніверсальнай юрысдыкцыі ў краінах Еўропы», якая падсумавала вопыт працы дэмакратычных сілаў па гэтым напрамку, вызначыла прыярытэты дзейнасці на бліжэйшы час. Для каардынацыі працы па ўзбуджэнні крымінальных спраў у межах універсальнай юрысдыкцыі прадстаўніцтвам па транзіце ўлады была падрыхтавана і распаўсюджана памятка, якая ўключае інструменты пошуку ахвяр, праваабаронцаў і юрыстаў, прасоўвання дадзенай праблематыкі ў мясцовых СМІ і г.д.
  3. Прадстаўніцтвам па транзіце ўлады падрыхтавана абгрунтаванне магчымасці прыцягнення да адказнасці прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі за парушэнне Канвенцыі супраць катаванняў 1984 г., якое было перададзена ў МЗС Польшчы, Літвы, Чэхіі, ЗША, Швецыі, Канады. Прынятыя ў студзені 2023 г. рэзалюцыі Еўрапарламента і Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы адлюстроўваюць прапановы Кабінета па распаўсюджванні юрысдыкцыі будучага трыбунала на вышэйшае ваеннае і палітычнае кіраўніцтва рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, у т.л. на самога дыктатара.


ТРАНЗІТНЫ ПЕРЫЯД

(адказны - прадстаўнік па транзіце ўлады Павел Латушка)

  1. Запушчаны праект «Кадравы рэзерв для новай Беларусі» для падрыхтоўкі неабходных кваліфікаваных кадраў для транзітнага перыяду. Апрацавана 170 заявак на навучанне, 17% з якіх падалі асобы, якія працуюць у дзяржаўным сектары. Сфармаваны план пілотнай адукацыйнай праграмы.


ДАПАМОГА ПАЛІТЗНЯВОЛЕНЫМ

(адказная - прадстаўніца па сацыяльных пытаннях Вольга Гарбунова)

  1. Распачата праца па стварэнні міжнароднага Фонда для рэабілітацыі рэпрэсаваных. 
  2. Створаная міжарганізацыйная рабочая група па каардынацыі дапамогі палітзняволеным дапамагла забяспечыць больш эфектыўную падтрымку 15 палітзняволеным. 
  3. Выпрацавана пазіцыя і распачата падрыхтоўка да магчымых перамоў з рэжымам па пытанні вызвалення палітзняволеных. Кабінет гатовы пачаць перамовы па гэтым пытанні ў выпадку, калі рэжым спыніць рэпрэсіі.


НАЦЫЯНАЛЬНАЯ КУЛЬТУРА І АДУКАЦЫЯ

(адказная - прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык)

  1. Польшча надалей будзе прызнаваць беларускія дыпломы і пасведчанні аб адукацыі, нягледзячы на скасаванне рэжымам адпаведнага пагаднення ў аднабаковым парадку.
  2. Атрымана згода на стварэнне сеткі беларускіх школ выходнага дня на тэрыторыі Польшчы пры падтрымцы Мінстэрства адукацыі і навукі Польшчы.
  3. Пры залічэнні беларускіх студэнтаў у польскія ВНУ будуць спрошчаны патрабаванні аб прадастаўленні арыгінальных дакументаў аб адукацыі, апастыля, вынікаў здачы ЦТ.
  4. Польскія ўлады пагадзіліся на прапанову Кабінета пашырыць падтрымку рэпрэсаваных беларускіх настаўнікаў, выкладчыкаў і навучэнцаў.
  5. Прынята рашэнне пра стварэнне сумеснай рабочай групы Кабінета і Міністэрства адукацыі і навукі Польшчы для сталага супрацоўніцтва.
  6. У супрацоўніцтве з беларускімі культурніцкімі арганізацыямі заснаваны Інстытут беларускай кнігі, які будзе вырашаць задачы па развіцці беларускай кніжнай справы насуперак рэпрэсіўным захадам рэжыму.
  7. Сумесна з дарадцай Офіса Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі Таццянай Шчытцовай створаны рабочыя групы, якія займаюцца распрацоўкай транзітнага перыяду ў адукацыі для новай Беларусі, і пошукам магчымасцяў для абмену вопытам беларускіх спецыялістаў са спецыялістамі адукацыі розных еўрапейскіх краін. 
  8. Кабінет абвясціў 2023 год Годам беларускай мовы і нацыянальнага адраджэння з мэтай падтрымкі і развіцця нацыянальнай мовы і культуры.
  9. Былі прынятыя «Заява аб асуджэнні камунізму, таталітарных і імперскіх ідэалогій» і «Рэзалюцыя аб прызнанні Галадамору 1932-1933 гг. генацыдам украінскага народа і асуджэнні злачынстваў камуністычнай улады супраць нацыянальных рэспублік СССР у міжваенны перыяд».
  10. У супрацоўніцтве з Геральдычнай камісіяй падрыхтавала новую лінейку беларускіх узнагародаў для асобаў, якія праявілі выключную адданасць у служэнні Беларусі. Частка медалёў ужо выраблена і гатовая да ўручэння. Пачала працу Грамадская камісія па ўзнагародах.


Report Page