Прэс-рэліз да прыняцця Пастановы "Аб працягу работы па санкцыйным ціску"

Прэс-рэліз да прыняцця Пастановы "Аб працягу работы па санкцыйным ціску"

Аб'яднаны Пераходны Кабінет Беларусі

7 сакавіка 2023 года Аб'яднаны Пераходны Кабінет Беларусі прыняў пастанову “Аб працягу работы па санкцыйным ціску”. Гэтай пастановай ухвалена стратэгія “ЭКАНАМІЧНЫ ПРЫМУС” па далейшым эканамічным ціску на рэжым Лукашэнкі. 

Санкцыйны ціск на рэжым неабходны для таго, каб пазбавіць яго фінансавых магчымасцяў для працягу рэпрэсіўнай палітыкі ў дачыненні да грамадзян Беларусі і ўдзелу ў агрэсіі Расіі супраць Украіны. Мэтай санкцыйнага ціску з’яўляецца вызваленне палітвязняў, пакаранне вінаватых у гвалце і новыя дэмакратычныя выбары.

Стратэгія “ЭКАНАМІЧНЫ ПРЫМУС” накіравана на падрыхтоўку рознага кшталту санкцыйных інструментаў: шматбаковых і нацыянальных санкцый, сектаральных і персанальных абмежаванняў, выпрацоўку прапаноў па кантролі і адказнасці за парушэнне санкцыйных мер.  

Згодна з прынятай стратэгіяй галоўнымі напрамкамі эканамічнага ціску прызнаюцца:

  • пазбаўленне рэжыму Лукашэнкі крыніц паступлення валюты і крэдытных рэсурсаў;
  • блакаванне магчымасцяў для абыходу санкцый як рэжымам Лукашэнкі, так і яго саюзнікам - пуцінскай Расіяй, каб прадухіліць незаконнае ўзбагачэнне рэжыму за кошт грамадзян і спыніць контрабандны канал дапамогі ВПК Расіі;
  • замарозка актываў дзяржавы, каб пазбегнуць магчымасці іх растраты ў мэтах працягу тупіковай эканамічнай палітыкі і далейшай здачы эканамічнага суверэнітэту;
  • пазбаўленне прыбыткаў "гаманцоў" рэжыму і іншых асоб, якія атрымліваюць незаконнае ўзбагачэнне за кошт уціску канкурэнцыі на рынку, што прыводзіць да дадатковага збяднення насельніцтва;
  • удасканаленне санкцыйных механізмаў з мэтай іх максімальнай эфектыўнасці і скарачэння часу ад іх прыняцця да надыходу эфекту ад іх дзеяння.

Таксама пастановай прадугледжваецца стварэнне сталай працоўнай групы па эканамічным ціску на рэжым Лукашэнкі (Камітэта па санкцыях), у якую ўвойдуць прадстаўнікі ад Кабінета, дыяспар, актывістаў і іншых экспертных арганізацый па дадзенай праблематыцы. Кабінет зацікаўлены ў як мага больш актыўным узаемадзеянні актывістаў і экспертаў з гэтай працоўнай групай.

Адказным за арганізацыю работы па санкцыйным ціску прызначаны прадстаўнік па транзіце ўлады Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі.

Report Page