«Працавала ў тры зьмены». Гісторыя мастачкі, якая зарабляла на жыцьцё на складзе, а пасьля адкрыла пэрсанальную выставу
Блог «Галасы»Алена Бярэзіна ў Беларусі працавала ў дзіцячым доме, кіравала філіяй музэя. І малявала. На пратэсты 2020 году ў Гомлі яна выходзіла з аўтарскімі плякатамі. Цяпер мастачка жыве ў польскім Уроцлаве.
«За паўтары года працы на складзе я пераўтварылася ў здань»
Да ад’езду зь Беларусі Алена Бярэзіна жыла ў Гомлі, ёй заставалася няшмат да пэнсіі. Займалася жывапісам, графікай, рэстаўрацыяй мэблі, росьпісам сьцен, дэкорам.
«Мая практыка адлюстроўвае захапленьне народным і наіўным мастацтвам, арнамэнтамі, посьцілкамі, рукапіснымі кнігамі. Для мяне маляванкі — гэта фэномэн беларускай народнай культуры», — кажа мастачка.
Яна дзівіцца, што маляванкі, якія ствараліся ў самыя цяжкія часы — 30–50-я гады, то бок перад вайной і пасьля, былі запатрабаваныя ў людзей.
«Нягледзячы на цяжкі час, калі, здавалася б, не да прыгажосьці, маляванкі былі жаданымі падарункамі на вясельлі, сямейнымі абярэгамі. Яны мяне натхняюць на творчасьць», — кажа Алена.
У 2020 годзе яна актуалізавала матывы беларускіх маляванак у фармат плякатаў, у якія «ўпісаліся» слоганы пратэставых маршаў. Алена прыдумала і стварыла «пратэставую маляванку» са словамі «Давайце разам беларусіць!».
Пасьля «трывожных званочкаў» мастачка была вымушаная пераехаць у Польшчу. Незадоўга да пераезду яна стварыла праект «Сельпо (або нематываваныя акты прыгажосьці)» як рэфлексію на маляванкі. Нядаўна гэты праект яна прадстаўляла на першай пэрсанальнай выставе ў Познані.
Алена кажа, што эміграцыя для яе ня стала лёгкай. Спачатку бязь веданьня мовы яна магла разьлічваць толькі на цяжкую фізычную працу. Уладкавалася на склад адзеньня.
«Працавала ў тры зьмены, у тым ліку ў начную. За паўтара года такой працы я проста пераўтварылася ў здань. Аднаго дня мне зрабілася рэальна вельмі блага. Давялося выклікаць хуткую. Пазьней лекары сказалі, што гэта наступствы працяглага стрэсу», — расказвае Алена.
Яна звольнілася з працы. Цяпер пачынае ўдзельнічаць у мастацкіх праектах, ладзіць выставы і майстар-клясы.
«Я не цікавая беларусам, дый расчаравалася ў суполках»
Алена кажа, што яна нецікавая беларусам, дый сама расчаравалася ў беларускіх суполках за мяжой.
«Па мне, гэты рух за мяжой — гэта танны агляд мастацкай самадзейнасьці савецкага ўзроўню. Мяне раз беларусы запрашалі з плякатамі ў Варшаву. Але стаўленьне было такое, што я вырашыла больш ня ўдзельнічаць у гэтай тусоўцы. Мы, я і іншыя мастакі, такая самаарганізацыя, падаваліся на падтрымку ў культурніцкі фонд, але праляцелі. Хто там выйграў — невядома. Арганізатары ня кажуць і тлумачаць гэта „бясьпекай“. Для мяне гэта вельмі зручная фармулёўка», — тлумачыць свой скептыцызм Алена.
Яна ўдзельнічала ў выставе беларускіх творцаў у Нямеччыне. Нядаўна, 12 траўня, у Алены адкрылася першая пэрсанальная выстава ў Польшчы, яна правяла майстар-клясу. Гэта было ў Познані ў межах «Дня Беларусі».
«У той жа час беларусы ў Уроцлаве папрасілі мае працы для выставы там. У анонсе мерапрыемства былі неахайныя фармулёўкі і памылкі ў прозьвішчы і імені. Дый сама арганізацыя мерапрыемства магла быць лепшай. Пасьля такога супрацоўніцтва застаецца непрыемны асадак і нежаданьне далей рабіць нешта разам. Шкада часу і высілкаў», — кажа Алена.
Яна дадала, што часам ня лепшым чынам да беларусаў ставяцца ўкраінцы.
«Была такая ідэя паўдзельнічаць у адным мастацкім праекце супраць вайны, дыктатуры і аўтарытарызму ў Гданьску. Але там дзяўчаты-ўкраінкі, калі даведаліся, што мы мастакі зь Беларусі і Расеі, адмянілі нашу выставу. Яны пайшлі да дырэктара і паставілі ўльтыматум, што ня будуць з намі на адной пляцоўцы. Забаяліся, што мы «сапсуем ім прастору», — кажа мастачка.
«У Польшчы больш камфортна быць мастаком»
Алена падала заяву на ўдзел у польскім мастацкім праекце «Survival». Усяго было 382 заяўкі, арганізатары адабралі 26 чалавек. Алена трапіла ў іх лік.
«Яны займаюцца прамоцыяй сучаснага мастацтва, рэалізуюць свой мастацкі праект у старых закінутых будынках. Сёлета тэма праекту — „Эрзац“. То бок замяняльнік. Пачынаючы ад замяняльнікаў цукру, кавы, да „эрзац-дывізіі“, мігрантаў, багацьця, зьвязанага з пылам у вочы. Ну, і палітычныя сурагаты», — расказвае мастачка.
Алена кажа, што ў Польшчы за ўдзел у мастацкіх праектах, выставах прадугледжваецца ганарар.
«Хай невялікі, але тут гаворка ідзе пра тое, што тваю працу цэняць, табе плацяць за матэрыялы, фарбы, за дарогу. Неяк па-чалавечы, бяз хамства, і прафэсійна, з павагай. Нашым гэтага не хапае», — перакананая мастачка.
Яна дадала, што заўсёды жыла і працавала на стварэньне, захоўваньне.
«Я так і не навучылася ненавідзець. На нянавісьці нічога не пабудуеш. Таму я не магу чуць праклёны, маты ад „новых беларусаў“. Чым вы тады ад „ябацек“ адрозьніваецеся? Я не культывую ў сябе нянавісьць, проста не магу», — кажа суразмоўца.
Пра будучыню Алена стараецца ня думаць. Кажа, што і зь Беларусі не зьбіралася зьяжджаць, і ў Польшчы не зьбіралася заставацца.
«Я ехала сюды з разьлікам, што пабуду тут максымум некалькі месяцаў, хай год. Я нават ня брала цёплыя рэчы. Тады здавалася, што вось-вось усё рухне. Цяпер разумею, што „гэта ўсё“ можа быць яшчэ доўга. У Польшчы мне падабаецца, я не наракаю. Але па ўзросьце ў мяне тут няма будучыні. Вярнуся я? Калі? Я ганю ад сябе гэтыя пытаньні, таму што ў мяне няма на іх адказу. І гэта вымотвае», — кажа Алена.