"Праца з асалодай": як Ягор Цюкін выкладае музыку па-беларуску

"Праца з асалодай": як Ягор Цюкін выкладае музыку па-беларуску

BY_culture
Ягор Цюкін

Настаўнік музыкі з Мінска Ягор Цюкін ужо цягам года вядзе свае заняткі выключна па-беларуску.

За гэты час ён паспеў завесці свой youtube-канал з парадамі, прафесійную старонку ў instagram і паставіць для сябе мэту выдаць беларускамоўныя метадычныя дапаможнікі па музыцы. 

Пра пераход на беларускую мову ў працы, рэакцыю бацькоў сваіх вучняў і складанасці абыходжання з прафесійнымі тэрмінамі Ягор распавёў для by_culture.

— Я большую частку свайго жыцця з'яўляюся музыкам, маю дзве адукацыі — па акадэмічнай флейце і народных духавых інструментах. Выкладаў музыку ў дзяржаўных школах у Полацку і Бараўлянах, працаваў на няпоўную стаўку у музычным калектыве аднаго з мінскіх ДК і ў першыя гады студэнцтва граў на вуліцах. Зараз жа працую выкладчыкам блокфлейты ў прыватнай школе ў Мінску і рэпетытарам па духавых інструментах. 

На беларускую мову перайшоў амаль год таму, ў лютым 2021-га, адным днём. Раніцай вырашыў паспрабаваць хаця б пісаць у мэсэнджэрах, а бліжэй да вечара падумаў: "А чаму б і не размаўляць?” Зразумела, што гэтае разуменне прыйшло да мяне на новай хвалі беларусізацыі пасля падзеяў 2020-га года і не ў адзін момант, але кожнаму патрэбны свой час, як я лічу. І мой момант надышоў за адзін дзень. Відавочна, што адразу ж пасля таго, як я пачаў размаўляць сам, стала дзіўна не весці ўрокі па-беларуску.

Таму запытаўся ва ўсіх бацькоў сваіх вучняў, ці не супраць яны такога пераходу, і ніводзін не адмовіў. Канечне, першыя некалькі тыдняў было складана паразумецца цалкам, але я ўвесь час падказваю незразумелыя словы і  вылучаю асобны час на знаёмства з новымі тэрмінамі. Таму праз які дзясятак урокаў ёсць ужо поўнае паразуменне і наступае мая любімая частка, калі вучні самі не заўважаюць, як пачынаюць выпадкова выкарыстоўваць беларускія словы, а некаторыя нават наўмысна стараюцца ўзгадаць, як сказаць тое ці іншае па-беларуску. 

Лічу, што лепей ствараць як мага больш асяроддзя, рабіць беларускую мову не "замежнай", як яна ўспрымаецца большасцю дзяцей з урокамі двойчы на тыдзень, а сучаснай і сапраўднай, якой можна карыстацца і для размовы па тэлефоне, і для здымкаў відэа ў цікток, і для вырабу мемаў у інтэрнэце, а не перакладаць кожнае незразумелае слова на рускую і трэсціся, "ці разумее ён мяне?" — кантэкст вельмі дапамагае.

Складанасці з перадачай музычных тэрмінаў па-беларуску, безумоўна, ёсць, але іх можна пераадолець. Штосьці добрыя людзі ўжо перакладалі. Напрыклад, шмат чаго з тэрмінаў я для сябе ўзяў з работы аўтарак Карчагінай і Аксянчук (выкладчыц ВДУ) "Англійска-руска-беларускі слоўнік музычных тэрмінаў", штосьці — з матэрыялаў майго ўніверсітэцкага настаўніка Ігара Мангушава, які свае метадычныя дапаможнікі ў свой час выдаваў таксама па-беларуску, а штосьці прыходзіцца вынаходзіць літаральна самому, здзяйсняючы мазгавы штурм з калегамі і падпісантамі ў сацсетках. 

Канечне, калі няма агульнапрынятай сістэмы адукацыі на беларускай мове, пэўны час могуць паралельна існаваць розныя варыянты перакладу некаторых тэрмінаў, нейкія з іх у будучыні знікнуць. Але сёння ў нас выкладаннем на беларускай мове займаюцца тыя, хто сапраўды гэтага хоча, таму і разбірацца з тэрмінамі, напісаннем уласных лекцый і іншым — гэта праца з асалодай.

У 2020 годзе на рускай мове выйшлі дзве мае кнігі, звязаныя з выкладаннем музыкі: адна з практыкаваннямі, другая — з творамі. Адзін з маіх вялікіх планаў на гэты год — перавыдаць іх на па-беларуску. І я ўжо пачаў рэалізоўваць гэтую задумку: маю дамоўленасць з выдавецтвам. 


Report Page