Пра захаванне памяці і нетолькі….

Пра захаванне памяці і нетолькі….


#музейны_тыдзень #гістарычная_нядзеля


У жніўні лідскай падпольшчыцы Матроне Наказных споўнілася б 100 год. Можа і дажыла б яна да такога ўзросту, скончыла б філалагічны факультэт Гродзжзенскага педагагічнага інстытута, працавала б настаўніцай рускай мовы і літаратуры, стварыла б сваю сям’ю, нарадзіла б дзяцей.  Але вайна зламала ўсе яе планы і забрала жыццё…

Наказных Матрона Канстанцінаўна нарадзілася 15 (17) жніўня 1923 г. у сяле Чарнігаўка Архарынскага раёна Амурскай вобласці ў сям’ і чыгуначніка. У сям’і было трое дзяцей Матрона 1923 г.н., Надзея 1928 г. н., Аляксей 1930 г.н. У 1938 г. Матрона ўступае ў рады УЛКСМ. У г. Ліду прыехала ў 1940 г. у сувязі з пераводам бацькі на чыгуначную станцыю г. Ліды. У 1941 г. скончыла 10 класаў СШ № 1. У гады фашысцкай акупацыі з’яўлялася актыўнай падпольшчыцай і сувяной-разведчыцай партызанскага атрада “Іскра” брыгады імя Кірава.

Сястра Усціновіч (Наказных) Надзеі Канстанцінаўны ўспамінае: “… Вайна ўварвалася ў наш дом 22 чэрвеня 1941 г. Моця прыйшла з выпускнога вечара. Яшэ 20 чэрвеня здавала апошні экзамен у 10 класе. Бомбы пасыпаліся на г. Ліду. 22 чэрвеня ў 12.00 са зваротам да народа звяртаўся Старшыня СНК СССР В.М. Молатаў. Ён абвясціў аб пачатку ваеннай агрэсіі гітлераўскай Германіі супраць Савецкага Саюза. В. Молатаў зазначыў, што перамога будзе за намі і вораг будзе разбіты. Не паспеў ён прамовіць апошнія словы, як бомба ўпала на электрастанцыю, і радыё замаўчала. 27 чэрвеня фашысты прыйшлі ў г. Ліду, устанавілі “новы парадак”, сталі праводзілі карныя аперацыі. Супраць акупантаў у горадзе ствараліся падпольныя групы. У канцы 1941 года на Лідскім чыгуначным вузле была створана падпольная група, кіраўнікамі якой сталі камуніст Міхаіл Ігнатаў і камсамолец Аляксандр Клімко. Моця ўступае ў гэту падпольную группу. Падпольшчыкі слухалі па радыёпрыёмніку зводкі Саўінфармбюро, абмяркоўвалі навіны, складалі ўлёткі, якія змяшчалі антыфашысцкі тэкст, размяркоўвалі заданні і даручэнні, захоўвалі зброю. Падпольшчыкі распаўсюджвалі ўлёткі сярод жыхароў горада і бліжэйшых вёсак. Іх наклейвалі на будынкі, платы, ці падкідвалі ў двары. Актыўны ўдзел у гэтым прымала і Моця.

У 1942 г. мая сястра  працавала прыбіральшчыцай у дамах чыгуначнікаў каля электрастанцыі, дзе жылі немцы. Там яна даведвалася пра каштоўныя звесткі аб ваенных аб'ектах Ліды і бліжэйшых вёсках. У ліпені 1942 г. уладкавалася на працу да былога асадніка ў маёнтку Лаздуны, там сустрэлася з партызанамі. Праз Моцю  падпольшчыкі і ваеннапалонныя ўстанавілі сувязь з партызанамі. Восенню 1942  г. вярнулася ў Ліду. З сакавіка 1943 г. стала сувязной партызанскага атрада «Іскра». У студзені 1944 г. прымала ўдзел у перапраўцы ў партызанскі атрад так званай "Чорнай паліцыі".

Дабывала патроны, гранаты, ліхтарыкі, лямпачкі батарэйкі для ліхтарыкаў і ўсё гэта перадавала ў партызанскі атрад.

1 мая 1944 г. сястра прыйшла ў партызанскі атрад “Іскра” і атрымала апошняе заданне, пасля выканання якога,  яна павінна была застацца ў атрадзе. Моце патрэбна было даведацца пра месцазнаходжанне нямецкіх складоў у бок Гродна па Варшаўскай шашы і што ў іх знаходзіцца. Абяцала узяць мяне з сабой на выкананне задання. Мы павінны былі апрануцца па-вясковаму і шукаць згубленую карову.

Моця ўвесь час насіла косы. Бывала,  хлапчукі турзалі яе за косы, і яна скардзілася на іх маме.

Сястра любіла жыццё, прыроду. Вельмі любіла Някрасава, дзе ён апісваў рускую долю, сялянскіх дзяцей. Любіла Пушкіна, Лермантава, Талстога. Горкага. Гадзінамі дэкламавала ўрыўкі з “Яўгенія Анегіна”, “Мцыры” Лермантава, “Песня пра сокала” і “Буравеснік” Гогаля.

Моця пісала вершы. Апошні верш яна напісала да свята 1-га мая 1944 г., а 10 мая была арыштавана.  У доме быў праведзены вобыск. Паліцаі забралі яе рэчы і антыфашысцкія вершы. Пасля допытаў 3 ліпеня 1944 г. яе размам з іншымі падпольшчыкамі расстралялі.”

Матрона Канстанцінаўна за актыўны ўдзел у барацьбе супраць гітлераўскіх акупантаў у гады Вялікай Айчыннай вайны Указам Прэзідыўма Вярхоўнага Савета СССР ад 10 мая 1965 г. пасмяротна ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны І ст. Па рашэнню бюро Лідскага гаркама КПБ Наказных М.К. у сувязі з 50-годдзем савецкай улады занесена ў Кнігу Народнай Славы. Рашэннем гарвыканкама № 71 ад 26 красавіка 1973 г. 3-ці завулак імя Чарнышэўскага перайменаваны ў завулак імя Наказных М.К. На будынку ДУА “СШ № 1 г.Ліды”, дзе яна вучылася ўстаноўлена мемарыяльная дошка падпольшчыкам.

Сваякі Матроны Наказных захоўваюць память пра яе. Перадаюць у музей дакументы, фатаграфі, успаміны. Перададзены матэрыял папаўняе фонды музея, займае пачэснае месца на выстаўцы, прысвечанай падзеям Вялікай Айчыннай вайны.

Нядаўна прыязджаў у Ліду ўнучаты пляменнік Матроны Канстанцінаўны, Шамшын Аляксей Аляксандравіч разам з сынам. Яны наведалі месца расстрэла падпольшчыкаў, помнікі, прысвечаныя дзейнасці Лідскага падполля, Лідскі музей. Перадалі перапіску супрацоўнікаў музея з сястрой Матроны Канстанцінаўны Надзеяй Канстанцінаўнай, аўдыёзапіс успамінаў Надзеі Канстанцінаўны пра вайну  і сястру.

Дарэчы, у Ліду прыязжала Усцінава (Наказных) Надзея Канстанцінаўна, неаднаразова наш горад наведвала яе дачка Шамшына Святлана Барысаўна.

Час ідзе, але памяць пра Матрону Наказных на працягу многіх дзесяцігоддзяў захоўваецца сваякамі мужнай падпольшчыцы,. якія жывуць у Расіі і супрацоўнікамі Лідскага гісторыка-мастацкага музея. Гэта сувязь будзе працягвацца і далей.



Report Page