"Planktonus Vulgaris" Кірыл Дубоўскі

"Planktonus Vulgaris" Кірыл Дубоўскі

t.me/bellitra


Мы неяк прывыклі, што беларуская літаратура пішацца на беларускай мове, і разглядаем тут пераважна беларускамоўных аўтараў. Але цалкам лагічна, што ў краіне, дзе дзве дзяржаўныя мовы, літаратура будзе стварацца на абедзвюх. Існуе паняцце, якое называюць па-рознаму: беларуская рускамоўная літаратура ці рускамоўная літаратура Беларусі. І навукоўцы спрачаюцца, ці мае яна права называцца беларускай, калі напісаная па-руску. У мяне адказ на такія спрэчкі просты: а чаму б не? Раз ужо так склалася, што дзяржаўных моў у нас дзве. Таму я, вядома ж, аддаю перавагу беларускамоўным аўтарам, але з задавальненнем чытаю і таленавітых рускамоўных.


Адзін з такіх сучасных пісьменнікаў — Кірыл Дубоўскі. У 2014 годзе ў выдавецтве “Логвінаў” выйшла яго кніга “Planktonus Vulgaris”, яка калісьці зацікавіла мяне менавіта назвай. Май 2015 года, я заканчвала філфак БДУ і разважала над сваім далейшым лёсам. Праца ў мяне ўжо была (музей гісторыі беларускай літаратуры), размеркаванне атрымалася таксама туды, таму звычайныя праблемы выпускніка ВНУ мяне не хвалявалі. 


А вось галоўнаму герою аповесці “Planktonus Vulgaris” Канстанціну так не пашанцавала. Хлопцу 22 гады, ён толькі што скончыў эканамічны ўніверсітэт, а цяпер шукае працу па спецыяльнасці.


І далей абавязкова трэба працытаваць гэтыя геніяльныя радкі з кнігі: “Белорусское экономическое образование универсально. Выпускник любого из факультетов без опыта работы не пригоден для выполнения никаких конкретных задач.”


Хачу дадаць, што гэтую выснову можна прыкласці не толькі да эканамічнай адукацыі, але і да беларускай адукацыі ў прынцыпе. Хаця не будзем абагульняць, бо збольшага ўсё залежыць выключна ад вашай матывацыі і імкнення вучыцца.


А далей нас чакае поўная болю і гумару гісторыя пошукаў сябе і свайго месца. Не так па-філасофску, вядома ж. Проста хлопец шукае, куды б яму прыткнуцца. Бо першае месца працы — гэта сапраўды важна, асабліва калі ты шукаеш яго пасля заканчэння ўнівера. Некаторых выпускнікоў пошукі першай працы могуць давесці да адчаю, бо пачынаеш адчуваць сябе нікчэмным і думаць, што 5 гадоў жыцця патраціў дарэмна. Да таго ж усе ведаюць гэтае замкнёнае кола, калі розныя канторы шукаюць супрацоўнікаў з вопытам працы, а ты нідзе не працаваў, і вопыта ў цябе няма, таму на працу нікуды не возьмуць. Ясна, што так не ва ўсіх сферах, але я крыху ведаю, як адбываюцца пошукі працы з дыпломам эканаміста 😏


Таму я б параіла гэты твор студэнтам 4-5 курсаў, ці нават першакурснікам, каб адразу прыкладна ўяўлялі, што іх чакае.


Я два гады працавала ў дзяржаўнай установе, таму многія моманты з кнігі мне самой былі вельмі блізкія, асабліва вось гэты ўрывак, у якім, магчыма, зможаце пазнаць сябе ці сваё месца працы: “Рабочий день официально оканчивается в шесть. Без пятнадцати минут все начинают собираться, мыть свои кружки, складывать бумаги. Без трех минут, все уже сидят одетыми. Без одной минуты нажимают в пуске «завершить работу», и ровно в шесть закрываются двери большинства кабинетов.”


Таму не праходзьце міма, кніжка невялічкая і даволі дасціпная.


Сам аўтар падзяліўся сайтам, на якім бясплатна можна спампаваць кнігу “Planktonus Vulgaris” і першы зборнік “Хороший роман” у любым фармаце, таму карыстайцеся: http://planktonus.by/

Бо папяровыя асобнікі вы ўжо наўрад ці знойдзеце.



Report Page