Пісьмо-пратэст Людмілы Рамановіч

Пісьмо-пратэст Людмілы Рамановіч

Навіны Бярозы
Людміла Рамановіч

Палешучка з Маларыты Людміла Рамановіч звярнулася з пісьмом-пратэстам на сайт Адміністрацыі прэзідэнта. У сваім пісьме жанчына давяла адміністрацыі свае адносіны да вайны ва Украіне, якую развязала краіна-агрэсар Расея. Жанчына таксама выказала пратэст удзелу Беларусі ў братазабойчай вайне. Па словах Людмілы Рамановіч, ніхто у народа не спытаў, ці хочуць яны бачыць на сваёй тэрыторыі войскі агрэсіўнай суседкі. Яна папракнула Лукашэнку, што ён распарадзіўся краінай як сваёй дачай. Але краіна належыць усяму народу. І запрашаць сюды расейскае войска нават на вучэнні ў такой колькасці ён не меў права без згоды на гэта людзей. Вельмі сорамна перад украінцамі за тое, што Лукашэнка падтрымаў агрэсію Расеі ў адносінах да мірнай суседкі нашай краіны Украіны. Хаця, здаецца, ён завяраў, што Украіне не чужы. І завярэнні Лукашэнкі, што з тэрыторыі Беларусі не будзе зроблена ніводнага выстрала ў бок Украіны і расейска-беларускія вучэнні з вывадам расейскіх войскаў аказаліся суцэльным абманам. Беларусь не можа так далей існаваць, калі тыя, хто лічаць сябе ўладай, пабудавалі ўсё на жорсткасці і хлусні. Таму жанчына патрабуе прыбраць з нашай зямлі чужыя войскі!

Людміла Рамановіч просіць беларусаў не маўчаць і падтрымаць яе патрабаванне. Менавіта зараз нам трэба бараніць свой гонар, годнасць і сваю свабоду. У пісьме яна выказала сваю грамадзянскую пазіцыю.

Я, грамадзянка Рэспублікі Беларусь- палешучка.
Нарадзілася у 5 км ад украінскай мяжы, жыву у 15 км ад украінскай мяжы. Усё жыццё гавару на дыялекце украінскай мовы. З задавальненнем карыстаюся беларускай. Я бачу тую нябяспеку, у якую нас утравіў Пуцін са сваімі войскамі. Мы не можам прымаць у гэтым удзел. Краіна -Беларусь- то не чый там дачны участак, каго хачу, таго і запрашаю на шашлыкі. Я патрабую прыбраць чужую армію з Беларусі! Украінцы нам не чужыя. А такім як я і спадар Лукашенка варта падумаць колькі у нас украінскай крыві. Мне сорамна за тое што з нашай зямлі ляцяць ракеты у бок мірных людзей ва Украіне. Мне страшна, што беларускія сыны могуць быць пасланы у мясарубку. Палешук не павінен забіваць палешука з другога боку мяжы. Палешукі з украінскага боку не павінны лічыць беларускіх палешукоў забойцамі. Нам няма чаго дзяліць з украінцамі. У нас у кожнага ёсць свой кавалак зямлі. Мы ганарыліся добрасуседскімі адносінамі. Спадар Лукашенка пра тое не стамляўся гаварыць. Хачу каб спадар Лукашенка успомніў як ён абяцаў украінцам- што ніколі з боку Беларусі да іх ніхто не прыйдзе са зброяй. Мы не бандыты. Нашы дзеці не акупанты. Я хачу каб маё патрабаванне і погляды былі пачуты і у адміністрацыі прэзідэнта і у Беларусі і Украіне---- Я супраць любой вайны наогул.. А вайна з Украінай проста не дапушчальная. Я з імі адной крыві. Адной культуры і адной мовы.


Report Page