Пешыя паходы па Гомельшчыне ва ўмовах пандэміі і закрытых межаў

Пешыя паходы па Гомельшчыне ва ўмовах пандэміі і закрытых межаў

Штодзень


Пра сябе герой матэрыяла, жартуючы, гаворыць так: “Столькі не жывуць, колькі я займаюся турызмам”. Турыст з 40-гадовым стажам, арганізатар сплаваў і паходаў усіх катэгорый і цяжкасцей Ігар Галушка распавядае, як атрымліваць задавальненне ад пешых вандровак па гомельскіх ваколіцах.  



Ігар Галушка (на пярэднім плане) вядзе групу па ваколіцах Гомеля



Як нарадзілася ідэя арганізоўваць пешыя маршруты ў ваколіцах Гомеля?

Гэта ідэя зусім не новая. Я ладзіў такія вандроўкі і 15, і 20 гадоў таму. Цяпер так атрымалася, што з шэрагу прычын за мяжу выехаць цяжка, таму падобны фармат -- гэта лепшае, што можа быць.

 

Ёсць такі стэрэатып, што Гомельшчына бедная ў плане помнікаў архітэктуры і прыродных аб’ектаў. Гэта так?

 

І так, і не так. Насамрэч Гомельшчына ў параўнанні, напрыклад, з заходнімі абласцямі Беларусі (Гродзенскай ці Брэсцкай) бяднейшая на славутасці і цікавосткі, асабліва на архітэктурныя і гістарычныя. Гэта тлумачыцца тым, што мы знаходзімся на парубежжы, што, вядома, наклала адбітак. Калі туды-сюды гуляюць войскі чужыя, непазбежна мала што застаецца пасля такіх прагулак. Але, тым не менш, паглядзець сёе-тое можна.



Адзін з маршрутаў па водна-зялёным дыяметры Гомеля



Сітуацыя ў краіне не самая аптымістычная. Я маю на ўвазе найперш эканамічную частку. У людзей грошай стала менш. Акрамя недахопу грошай, магчымасцей для падарожжаў стала таксама меней. Закрытыя межы, пандэмія -- усе гэтыя падзеі істотна зменшылі мабільнасць людзей. А выходзіць з дому ўсё адно хочацца, таму што чалавек -- такая істота, якой трэба рухацца, нешта глядзець, штосьці рабіць. Таму я вырашыў узгадаць прагулкі, якія я рабіў 15-20-25 гадоў таму. Гэта самы просты і самы танны спосаб выйсці з дому і атрымаць пэўную фізічную нагрузку. Тым больш, сёння ў сувязі з каронавірусам пешыя прагулкі вельмі рэкамендуюцца. Гэта і работа для лёгкіх, і нагрузка для сэрца... Паколькі мы ходзім па прыродзе па свежым паветры, то вірусная нагрузка ў нас мінімальная, мы не сядзім у замкнёных памяшканнях. І яшчэ гэта самы танны спосаб, таму што я стараюся гэтыя шпацыры прывязваць да прыпынкаў грамадскага транспарту.

 


Маляўнічы краявід пад Гомелем

 


Што можна паглядзець у ваколіцах Гомеля? Ці можаце распавесці пра некаторыя свае маршруты?

 

У бліжэйшых ваколіцах Гомеля можна глядзець, калі шчыра, толькі некаторыя прыродныя аб’екты. Напрыклад, першы маршрут, калі мы выйшлі з прыпынку “Вуліца Міжнародная” і пайшлі ў бок Бярозак, а потым пайшлі ў напрамку “Крышталя”, то мы прайшлі міма помніка лётчыку-герою Віктару Оськіну. Тыя, хто даўно жывуць у Гомелі, памятаюць, што ён адвёў свой самалёт ад жылых раёнаў і сваёй гібеллю выратаваў вельмі вялікую колькасць людзей. Вуліцу Оськіна ведаюць многія, а тое, як ён загінуў і дзе, ведаюць мала.



Помнік на месцы гібелі лётчыка Віктара Оськіна


 

Яшчэ магу прыгадаць прагулкі па гомельскім лесе. Паміж Лісічкамі і Навабеліцай размяшчаецца біялагічны заказнік “Мнемазіна”. Мнемазіна -- гэта маці ўсіх муз з грэчаскай міфалогіі. Яшчэ гэта рэдкі матылёк, яго другая назва -- чорны апалон. Заказнік невялікі сам па сабе, але вельмі цікавы. І з яго выходзіш на Навабеліцкія пруды, дзе можна паглядзець на розных вадаплаўных птушак.



Той самы матылёк чорны апалон, занесены, дарэчы, у Чырвоную кнігу Беларусі. Фота: сайт Каранёўскага лясніцтва



Аднойчы мы таксама знайшлі ля Беліцы, паблізу вайсковай часткі, дзіўны надмагільны камень, які быў пастаўлены, відаць, бежанцамі з Польшчы, з Ломжы, падчас І Сусветнай вайны. Там пахаваныя брат і сястра, 7 і 4 гады. Таямніца ў тым, як гэты надмагільны камень апынуўся ў лесе пад Гомелем удалечыні ад могілак. Самыя розныя здагадкі выказваліся адносна таго, што, маўляў, паблізу павінен быў быць дом, але мы нічога не знайшлі -- такі сабе асобна ўзяты камень...


Таямнічае надмагілле маленькіх польскіх бежанцаў часоў І Сусветнай вайны


 

Для аматараў фота ва ўсіх гэтых лясах трапляюцца выкручаныя карані дрэваў, рэльеф цікавы.





Я заўжды планую, каб шпацыры былі працягласцю не больш за 20 км з умеранай нагрузкай. Ідэальная працяглая прагулка, каб яна не выклікала цяжкасцей, -- гэта каля 15 км. Паколькі мы ідзем не спяшаючыся, з перакусамі і адпачынкамі, то на адзін маршрут ідзе ад 4 да 6 гадзін, таму што сярэдняя хуткасць руху па лесе -- гэта 3-4 км.

  

Што трэба, каб далучыцца да вашых прагулак: фізічная падрыхтоўка, грошы?

 

Перадусім патрэбнае жаданне. Што да фізпадрыхтоўкі, то 20 км па перасечанай мясцовасці для кагосьці могуць быць трошкі цяжкаватымі. Але калі прагулка ля 15 км, то яна пад сілу любому чалавеку, у якога няма сур’ёзных хранічных захворванняў ці няма захворвання ў стадыі абвастрэння. Калі няма праблем з суставамі і сэрцам, то шпацыр пад сілу любому чалавеку без асаблівай падрыхтоўкі. Галоўнае -- апранацца і ўзувацца згодна надвор’ю.

 

 

Штодзень

Фота: з асабістай старонкі Ігара Галушкі ў "Фэйсбук"

 






Report Page