Першы беларускі нацыянальны паэт

Першы беларускі нацыянальны паэт


Вядома, што нацыі ствараюцца нацыянальнай культурай, якая вырастае на глебе гістарычнага досведу вялікіх мас людзей, якія стала пражываюць на адной тэрыторыі. Асаблівае значэнне нацыянальная культура мае для бездзяржаўных народаў і народаў, што страцілі дзяржаўнасць. У такіх выпадках для таго, каб дзяржаўнасць з'явілася, сярод шырокіх мас мусяць добра папрацаваць нацыянальныя агітатары, першае месца сярод якіх займаюць нацыянальныя паэты.

З савецкіх часоў сярод беларусаў цвёрда замацавалася трыяда нашых нацыянальных паэтаў - Купала, Колас, Багдановіч. Яны пісалі па-беларуску і ў сваёй творчасці звярталіся да беларускага народа. Аднак усе трое належаць да ХХ стагоддзя, у той час як нараджэнне ўсіх нацыянальных рухаў у Еўропе завяршаецца ў ХІХ стагоддзі. Ці можна адшукаць беларускіх нацыянальных паэтаў у больш раннія часы?

Звернемся да спісу кніг, якія выйшлі з выдавецтва «Загляне сонца і ў наша ваконца», дзе друкаваліся першыя зборнікі Янкі Купалы. У самым пачатку гэтага спісу мы пабачым творы двух беларускіх аўтараў ХІХ стагоддзя - Дуніна-Марцінкевіча і Францішка Багушэвіча. Што тычыцца другога, то яшчэ ў 1920 годзе Максім Гарэцкі назваў яго "першым беларускім нацыянальным паэтам". Хаця ў вершах Багушэвіча адсутнічаюць беларускія нацыянальныя катэгорыі, ён увёў прыкметнік "беларускі" у назву абодвух сваіх зборнікаў, а прадмова да першага з іх стала сапраўдным нацыянальным маніфестам і дала штуршок усяму беларускаму руху пачатку ХХ стагоддзя (да якога сам Багушэвіч ужо не дажыў). Цяпер ягоным імем названая сталічная плошча, пад якой змяшчаецца аднайменная станцыя метро, аздобленая цытатамі з той самай прадмовы 1891 года.

А вось творчасць Дуніна-Марцінкевіча стаіць асабняком і не ўпісваецца ні ў якія рамкі. На першы погляд, ён напісаў па-беларуску больш за ўсіх іншых аўтараў за ўсё ХІХ стагоддзе. Але, прыгледзеўшыся да зместу твораў Дуніна-Марцінкевіча, беларускія літаратурныя крытыкі пачатку ХХ стагоддзя абвінавацілі яго ў сентыменталізме, прымітывізме і ідэалізацыі стасункаў паноў і сялян. Дасталося яму і за «няшчырасць» - маўляў, сам вырас у польскамоўным асяродку, такім жа чынам гадаваў дзяцей у сваёй школцы, а ў асабістых лістах прызнаваўся, што хоча прыцягнуць беларускіх сялян да "польскай айчыннай літаратуры". У вачах жа сучаснага чытача Дунін-Марцінкевіч увогуле мае імідж тагачаснага фрыка, бо найбольш вядомыя ягоныя творы носяць лёгкі ці камедыйны характар.

Для таго, каб працягнуць гутарку, варта крыху спыніцца на тэрмінах і вызначыцца, якім крытэрам павінна адпавядаць асоба, каб заслужыць гордае званне "нацыянальнага дзеяча". Па-першае, трэба адкінуць усякія спекуляцыі наконт асабістай матывацыі чалавека, бо залезці ў чужую галаву немагчыма, а прыпісаць меркантыльныя інтарэсы можна каму заўгодна. Па-другое, абавязковым атрыбутам нацыі з'яўляецца гістарычная памяць, якая грунтуецца на фактах з далёкага мінулага, якія даказваюць спрадвечнае існаванне нацыянальнай супольнасці. Па-трэцяе, нацыя - гэта аб'яднанне вышэйшых і ніжэйшых саслоўяў, яна можа складацца з адных сялянаў толькі ў адным выпадку - калі гэтая нацыя стагоддзямі жыла пад замежнай акупацыяй (як латышы ці эстонцы). Вядома, бываюць выпадкі, калі вышэйшыя саслоўі асіміляваліся і без акупацыі, аднак і ў такім выпадку нацыянальны рух мусіць апеляваць да іх, спасылаючыся на "залаты век", які папярэднічаў асіміляцыі.

Цяпер параўнаем паводле гэтых крытэраў нашых трох прэтэндэнтаў на званне нацыянальнага паэта - Купалы, Багушэвіча і Дуніна-Марцінкевіча. Усе трое выйшлі з польска-каталіцкага асяроддзя. Янка Купала пачынаў сваю творчасць з польскіх вершаў, але гэта не перашкодзіла яму стаць галоўным рэдактарам першай беларускай газеты, падтрымаць стварэнне БНР і рызыкуючы жыццём утрымліваць прастору беларушчыны ў неспрыяльныя савецкія часы. Францішак Багушэвіч фінансаваў польскія школы і выхаваў сваіх дзяцей польскімі патрыётамі, але гэта ніколькі не прымяншае ягоных аб'ектыўных заслуг у абуджэнні беларускага народа. Для таго каб праўдзіва адбіць сялянскую філасофію ў серыі вершаў, а пасля дадаць да іх палкую прамову ў абарону беларускай мовы і выдаткаваць уласныя сродкі на вялікі нават па сённяшніх мерках нелегальны наклад у некалькі тысяч асобнікаў - трэба было мець у сэрцы вялікую любоў да беларускага народу. Тое самае мы можам сказаць і пра Дуніна-Марцінкевіча - каб пранікнуцца іншай культурай і мовай, стварыць цэлую серыю беларускіх паэм з вясковага жыцця, вывесці беларускіх сялян на тэатральную сцэну, укласціся ў кнігадрук, а рукапісную творчасць працягваць нават пасля задушэння паўстання 1863-1864 і да канца жыцця чакаць магчымасці публікацыі - для гэтага трэба мець асаблівыя душэўныя памкненні.

Што да сацыяльный бесканфліктнасці твораў Дуніна-Марцінкевіча, то абвінаваціць яго ў "рэакцыянерстве" і "класавай згодзе" можна хіба што з пункту гледжання левых рэвалюцыянераў пачатку ХХ стагоддзя. Толькі вострае адчуванне сацыяльнай несправядлівасці магло штурхнуць Дуніна-Марцінкевіча ўжо ў 1846 годзе на прапаганду спагадлівага стаўлення да сялян у сваіх паэмах. Збліжаючы на адной тэатральнай сцэне польскамоўных прыгоннікаў і беларускамоўных прыгонных, Дунін-Марцінкевіч не падкрэсліваў антаганізм паміж імі, а наадварот - імкнуўся згладзіць. Пэўнай ідэалізацыяй стасункаў паноў і іх падданых Дунін-Марцінкевіч імкнуўся не падмануць сялян (якія і чытаць у асноўнай масе не ўмелі), а даць прыклады добрых паводзін уласна панам. У беларускамоўным вершы "Віншаванне войта Навума", якое адрасавалася толькі "панне В.С." і не выходзіла ў друку, Дунін-Марцінкевіч раіць: "Пацехай будзь у старасці бацькам, // А маткай роднай сваім мужычкам".

Зрэшты, у вялікім беларускамоўным "Вершы Навума Прыгаворкі" (прысвечаны прыезду ў Мінск папулярнага польска-беларускага паэта Уладзіслава Сыракомлі і слыннага мінскага кампазітара Станіслава Манюшкі), а таксама у вершы "Заўтра Спаса, кажуць людзі" (прысвечаны Яну Луцкевічу) увогуле няма ніякіх сялянскіх матываў, што сведчыць пра тое, што Дунін-Марцінкевіч успрымаў беларускую мову як натуральны элемент нацыянальнага каларыту нашай зямлі.

Цяпер разгледзім другі крытэр - абуджэнне гістарычнай памяці. Яго часта прымяняюць, каб адмесці з беларускага нацыянальнага будаўніцтва добрую купу дзеячоў ХІХ стагоддзя, якія ўжывалі слова "Беларусь" у польскамоўных тэкстах ці нават пісалі па-беларуску (як у выпадку з Дуніным-Марцінкевічам, які называў сябе "беларускім дударом", а паэму "Гапон" назваў "беларускай аповесцю, напісанай на мове беларускага люду"). Маўляў, гэтага яшчэ недастаткова, каб лічыцца нацыянальным дзеячом, бо аўтар нічога не сказаў пра веліч беларускай мовы і слаўную гісторыю беларускага народа. Прызнаем, заўвага слушная. Да Багушэвіча тут пытанняў няма - у сваёй славутай прадмове да "Дудкі беларускай" ён паказаў, што 200-300 гадоў таму вялікія паны пісалі паперы па-беларуску, а сама Беларусь - не нейкая правінцыя Польшчы ці Расеі, а ядро магутнага Літоўскага каралеўства "ад мора да мора"...

Пра веліч беларускай мовы Дунін-Марцінкевіч сапраўды нічога падобнага не казаў - магчыма, не хацеў выклікаць падазрэнні цэнзараў. За яго гэта зрабіў ягоны сябра Уладзіслаў Сыракомля, які выступіў у абарону ягонай беларускамоўнай творчасці з артыкулам, у якім нагадваў польскім шавіністам пра шырокую распаўсюджанасць "крывіцкага дыялекту" сярод эліт ВКЛ у XVI-XVII стагоддзях.

Але калі прыглядзецца да зместу беларускамоўных твораў Дуніна-Марцінкевіча, мы там можам знайсці нешта куды цікавейшае, а менавіта... сцвярджэнне існавання беларускай дзяржаўнасці ў далёкім мінулым! Так, у сваёй "вечарніцы" "Стаўроўскія Дзяды" (1855 год) ён апрацоўвае народную легенду пра Паненскую гару, з якой нейкі князь калісьці скінуў жанчыну, што адмовіла яму ў шлюбе:

Вот у Лагойску, над Гайнай-ракой,

Быў вельмі крэпкі замак Крывічан;

Там малады княжыў Грамабой;

Добры, адважны, шчэры быў то пан.

...

Віт, Князь Літоўскі, раз к яму прыслаў

Сваіх паслоў, штоб, баш, помач даў

Проціў паганскай сілы ваяваць;

Князь Грамабой пайшоў памагаць...

Хай сабе імя князя паэт і выдумаў, але ў гэтых радках ён паказвае, што ў беларусаў-крывічан у сярэднявеччы былі свае князі, да якіх звяртаўся за дапамогай сам Вітаўт Вялікі.

Падобны сюжэт ёсць у іншай паэме Дуніна-Марцінкевіча - "Травіца брат-сястрыца". Напісаная яна была ў 1857 годзе, але пры жыцці паэта так і не пабачыла свет і заставалася ў рукапісе ажно да 1945 года. У ёй аўтар змяшчае трох рэальных гістарычных персанажаў: літоўскага князя Альгерда, полацкага князя Барыса і вялікага князя Кіеўскага Мсціслава Уладзіміравіча. У сапраўднасці гэтыя князі не перасякаліся ў адной часавай прасторы, але гэта не перашкодзіла аўтару з іх дапамогай прадэманстраваць свае палітычныя погляды на ВКЛ як добраахвотны, роўнапраўны і ўзаемавыгадны саюз Літвы і Беларусі, якому пагражаюць "збіральнікі зямель рускіх". Цытата настолькі яскравая, што нельга не прывесці яе цалкам:

У хораме белым жыў-быў добры пан,

Вялікага роду з князей крывічан;

Барысам ён зваўся, у рыцарстве слыў,

З літоўскім мацарам, вось родны брат, жыў.

Бывала, князь Вольгерд вайну загадае,

Паляванне зладзіць,— вось Барыс стралой

К сваяку пусціўся, — яму памагае;

Літоўскаму князю быў правай рукой!

Вось Мсціслаў, сын Манамаха,

Як на Русі правіць стаў,

Крывічанам дзеле страха,

На Барыса ён напаў.

«Чаму проціў маёй волі

Збратаўся ты з літвіном?

Не рад хлебу, не рад солі,

Мінаеш мой князеў дом?

Не хочаш са мной злучыцца,

Заўсёды у дружбе жыць,

Пара ж табе навучыцца,

Як свайму пану служыць!

Бо твой пан,- то я! — князь можны;

Твае землі — то мой клад;

Досыць жа табе, бязбожны,

З літвінамі вясці лад.

Князь літоўскі, жалься Божа!

Невяліку помач дасць,

Дый твой Мінск тут не паможа,

Ліхам пойдзе твая ўласць!»

Такую грамату вялікі Мсціслаў

Чэраз свайго служку да Барыса слаў;

Барыс іспугаўся, крый Бог! — пабляднеў,

Ледзь князёву карту прачытаць успеў,

К літоўску мацару пасольства вядзе:

«Ратуй, мой лябедзька, у страшнай бядзе!

Я ж табе ў дзеле правай рукой быў,

Вось, як родны братка, дружбаю служыў.

Мае крывічане дый твае літвіны

Памяшалісь, маўляў адных бацькоў сыны.

Прышлі ж ты мне помач у такім няшчасці,

Збаў жа прыяцеля ад ліхой напасці!»

Нават дзіўна пасля такіх радкоў абвінавачваць аўтара ў намеры зрабіць з Беларусі польскую правінцыю.

А вось у Купалы твораў пра слаўную гісторыю беларусаў проста... няма. Вядома, у ягоных публіцыстычных артыкулах ёсць згадкі і пра дзяржаўны статус беларускай мовы ў мінулым, і пра Літоўска-Беларускае княства - але гэта было яшчэ ў прадмове Багушэвіча. Ні пра Скарыну, ні пра Каліноўскага, ні пра Пагоню Купала не напісаў ніводнага вершаванага радка. Так, Купала зрабіў пераклад балады Адама Міцкевіча "Тры Будрысы" і ўступу да паэмы "Конрад Валенрод" - але яны больш стасуюцца ўласна Літвы, чым Беларусі. Вядома, можна адшукаць колькі радкоў пра Усяслава Чарадзея ці няскончаную паэму "Гарыслава" - але нават Максім Багдановіч пісаў, што ў той час быт Беларусі мала адрозніваўся ад іншай Русі. Нарэшце, у 1913 годзе Янка Купала на старонках "Нашай Нівы" выразна даў зразумець, што лічыць ВКЛ не беларускай, а панскай дзяржавай: "Мінуўшчыну ўспамінаць - гэта ўспамінаць паншчыну, бо нашае свабоднае жыццё, калі гудзелі вечавыя званы, прыдавіла чуць не паўтузіна сталеццяў".

Апошні крытэр - класавы. Калі гаворка ідзе пра аднаўленне страчанай дзяржаўнасці, абавязак сапраўднага нацыянальнага дзеяча - будзіць гістарычную памяць пра яе не толькі сярод сялян, але і сярод пануючага саслоўя, заклікаць яго вяртацца да сваіх каранёў. Аднак уся творчасць беларускіх класікаў пачатку ХХ стагоддзя супрацьпастаўляе "мужыка-беларуса" "польскаму пану" - і гэта пры тым, што паводле перапісу 1897 году 40% мясцовай шляхты карысталіся ў побыце беларускай гутаркай. Выключна сялянскі быт апісаны і ў беларускіх творах Францішка Багушэвіча.

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, наадварот, звяртаўся ў сваіх творах у тым ліку да шляхты. Так, у 1861 годзе з друку выйшла ягоная рамантычная паэма пра шляхецкія норавы XVIII стагоддзя "Люцынка альбо Шведы на Літве", якая сваёй назвай і кампазіцыяй капіюе ў аблегчанай форме славуты шляхецкі эпас Адама Міцкевіча "Пан Тадэвуш". Праўда, напісаў яе Дунін-Марцінкевіч на польскай мове - мове, якой тады гаварылі заможныя землеўласнікі. А вось для беднай, "ваколічнай" ці "засцянковай" шляхты, Дунін-Марцінкевіч... пераклаў "Пана Тадэвуша" на беларускую мову! Гэтая паэма Міцкевіча пра надзеі літвінаў на адраджэнне сваёй дзяржавы ў сувязі з прыходам Напалеона была забароненая у Расійскай Імперыі з 1834 (год напісання) да 1855 года, бо будзіла сярод нашай шляхты патрыятычныя пачуцці. У сваёй прадмове да перакладу Дунін-Марцінкевіч скардзіцца, што прапанаваў прафінансаваць справу "заможным колам нашага грамадства", але натыкнуўся на непаразуменне з іх боку.

Да паэмы паэт дадаў свае каментары, у якіх распавядаў чытачам, што ВКЛ утварылася праз добраахвотнае злучэнне з Літвой "чорнай, белай і малой Русі", а Рэч Паспалітую назваў аб'яднаннем "Польшчы, Літвы і Русі", у якім улада належала вольнаму народу і закону, супраць якога нават кароль нічога не мог зрабіць. Канстытуцыю 3 мая 1791 году Дунін-Марцінкевіч называе вельмі мудрым законам, а Тадэвуша Касцюшку - "анаралам Польськім, каторы за дзядоў нашых ваяваў с Маскоўськаю і Мямецкай сілай за вольнасьць Польшы, Літвы і Русі".

У некаторых момантах самой паэмы Дунін-Марцінкевіч дадаў беларускага каларыту, якога не было ў арыгінале Міцкевіча:

Помню, яшчэ дзіцяцяй бадзяўся па свеце,

Калі да бацькі ў Ашмянскім павеце

Прыехаў пан падчашыц у вазку пранцузску,

Ён першы зашваргатаў не па-беларуску.

Цікава, што пераклад быў адрасаваны не толькі панам, але і "сялянам з-над Дняпра, Дзвіны, Беразіны, Свіслачы, Віліі і Нёмана". Аўтар дакладна пазначыў арэал распаўсюду беларускай мовы і імкнуўся сваім перакладам прышчапіць памяць пра страчаную дзяржаву як дробнай шляхце, так і сялянам з усёй этнічнай тэрыторыі Беларусі.

Праўда, у пералік беларускіх рэк не трапіла Прыпяць. Палессе гістарычна было спрэчным рэгіёнам з пераходнымі гаворкамі, а некаторыя этнографы пачатку ХХ стагоддзя наўпрост залічвалі тэрыторыю ад Пінска да Берасця да Украіны. Усё, што трымала гэтую тэрыторыю за Беларуссю - палітычнае адзінства ў складзе ВКЛ і наяўнасць там шляхты. Свой уклад у тэрытарыяльную цэласнасць будучай Рэспублікі Беларусь унёс і Дунін-Марцінкевіч. Ён шмат падарожнічае па беларускім Палессі, вывучае пінскую гаворку і ў 1866 годзе, ужо пасля паразы паўстання 1863-1864 гадоў, стварае на ім п'есу "Пінская шляхта", якая хоць і высмейвае галоўных персанажаў, але таксама ўмацоўвае памяць пра ВКЛ праз згадкі Літоўскага Статута і перамогу Яна Караля Хадкевіча над шведамі пад Кірхгольмам.

Застаецца, праўда, адзін істотны недахоп творчасці Дуніна-Марцінкевіча - гэта, уласна, рэальны ўплыў на далейшае развіццё беларускай культуры. Вядома, ён не пісаў нацыянальных маніфестаў, таму не стаў постаццю ўзроўню Францішка Багушэвіча. Але сам Багушэвіч у прадмове да свайго другога зборніка - "Смык беларускі" - згадвае "друкаваныя ксёнжачкі якогась пана Марцінкевіча". Праўда, са знакам "мінус": "ўсе як бы смеючыся з нашага брата пісаны". Але гэта сведчыць не столькі пра адмаўленне досведу свайго папярэдніка, колькі пра творчую канкурэнцыю. Паводле Максіма Гарэцкага, паэт Алесь Гарун захапіўся беларускім пісьменствам, выпадкова знайшоўшы старую, падрапаную кніжку "Гапон". Янка Купала, хоць і крытыкаваў творчасць Дуніна-Марцінкевіча, прысвяціў яму свае шчымлівыя радкі:

Нябошчык Вінцук Марцінкевіч

Ня сцерпіў такой нашай мукі, —

Паслухаўшы сэрца, бярэ ён

Дуду беларускую ў рукі

І песьню за песьняй парадкам

Пусьціў, як жывую крыніцу;

Пасыпалісь, проста як з неба,

«Дажынкі», «Гапон», «Вечарніцы» [...]

Чверць веку, як бае ўжо недзе

Сьвятым беларускіе песьні,

А бытцам ён з намі талкуе

Аб нашай зіме і прадвесьні.

Жыве паміж намі дудар наш…

Жыць кожны так будзе, мой братку,

Хто родну старонку палюбіць,

Маўляў, добры сын сваю матку.

Але галоўнае - у той час, калі творы Адама Міцкевіча ўжо актыўна перакладаліся на літоўскую мову, Дунін-Марцінкевіч сваёй прадмовай да перакладу "Пана Тадэвуша" даў матывацыю наступным пакаленням беларусаў перакладаць на беларускую польскамоўныя творы шляхецкіх пісьменнікаў ХІХ стагоддзя, дзякуючы чаму цяпер мы маем доступ да той самай "польскай айчыннай літаратуры" - творчасці Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Уладзіслава Сыракомлі, а таксама і да польскамоўных паэм самога Дуніна-Марцінкевіча. Тым самым Дунін-Марцінкевіч паўплываў не толькі на беларускую літаратуру, але і ўвогуле на беларускую палітычную думку, бо цяпер мы можам упэўнена пачуваць сябе нашчадкамі шматвекавой літоўска-беларускай дзяржаўнасці, намёк на якую з'явіўся ў прэамбуле нашай Канстытуцыі 15 сакавіка 1994 года.

Такім чынам, першым сапраўдным беларускім нацыянальным паэтам варта лічыць менавіта Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, які пісаў і пра сялянскі побыт, і пра слаўную шляхецкую гісторыю, будзіў гістарычную свядомасць крывічан-беларусаў, ахапіў сваёй творчасцю ўсе этнакультурныя рэгіёны сучаснай Беларусі, спачуваў паўстанцам 1863-1864 гадоў, але не падтрымліваў радыкальныя сродкі ў палітычнай дзейнасці, аддаючы перавагу творчасці. Насуперак іміджу "камедыянта" і "блазна", ён адседзеў 10 месяцаў у турме па падазрэнні ў напісанні паўстанцкіх вершаваных "гутарак" і да канца жыцця знаходзіўся пад наглядам паліцыі. Можна толькі з пашанай схіліць галаву перад нашым паэтам, які не губляў жыццёвага аптымізму ні перад насмешкамі сучаснікаў, ні ад уціску царскай цэнзуры, ні нават пасля рэпрэсій сваіх знаёмых і родзічаў.

А вось Купала і Колас на яго фоне выглядаюць ужо не нацыянальнымі, а сацыялістычнымі сялянскімі паэтамі.


Report Page