Першая тройка крочыць наперад, другая тройка буксуе

Першая тройка крочыць наперад, другая тройка буксуе

Гандбол са сваёй званіцы


Тур пачаўся з разборак на самым нізе. "Міндэн" меў добры шанец наблізіцца да "Вецлара". "Хам-Вэстфалену" ж патрэбна была перамога, каб хоць у тэорыі захоўваць надзеі, што яны змогуць пазбегнуць вылету. Матывацыі больш знайшлося ў апошніх. Упэўненая перамога з розніцай у шэсць мячоў.

Каманды з сярэдзіны табліцы ў той жа дзень згулялі вельмі па-рознаму. "Лейпцыг" — у чарговы раз быў біты, будучы фаварытам. Перамога дазволіла "Штутгарту" абысці "Гёпінген". Той атрымаў паразу ў матчы з "Гамбургам". Прычым паўночнікі цалкам заставілі за сабою апошнія 15 хвілін сустрэчы.

"Мельзунген" каменя на камяні не пакінуў ад "Эрлангена". У другой палове баварцы адзначыліся толькі сем разоў. Лепшым жа стаў Ціма "Wie heißt du?” Кастэнінг з шасцю галамі.

"Лемга" пакрыху набліжаецца да групы сераднякоў. На гэты раз яны разграмілі "Бергіш". Неблагі сігнал пасля двух параз у кубкавым фінале чатырох.

"Міндэн" і "Эрланген" маглі выправіцца перад заўзятарамі за чацвярговыя рэзультаты. Аўтсайдар чапляўся за магчымасць здабыць пункты да фінальнай сірэны, але ўсё ж мінімальна саступіў.

Адзінае, што можа супакоіць каманду Франка Карстэнса — яшчэ больш адчувальная параза "Вецлара". "Гумерсбах" быў настолькі лепей, што падавалася, што гуляюць каманды з розных ліг.

Кульмінацыяй тура павінна была стаць нядзеля, калі прадстаўнікі топ-6 гулялі адзін з адным. Чаканні аказаліся завышанымі. Толькі ў адным з трох матчах захоўвалася хаця б ілюзія барацьбы.

"Фленсбург" на роўных супраціўляўся "зебрам" хвілін 20. А потым замест 7-7 мы ўбачылі 13-8 пры зыходзе на перапынак і 16-8 адразу ж пасля яго. Каманда Майка Махулы апынулася ў псіхалагічнай і фізічнай яме і за тыдзень прайграла кубак, вылецела з эўракубкаў і амаль згубіла шансы на чэмпіёнства. І гэта пасля некалькіх ідэальных месяцаў.

"Лісы" расправіліся са "львамі" яшчэ прасцей. Прычым здзекавацца з саперніка ім не замінала нават адсутнасць Дэяна Міласлаўлева. Ужо да перапынку ў варотах гасцей мяч апынуўся 20 разоў. Астатняе — справа тэхнікі.

"Гановер" пратрымаўся нашмат даўжэй. Усяго "мінус адзін" у першай палове — выдатны вынік. Але потым клас пачаў браць свае. Пасля перапынку быў правал, але выкараскацца ўдалося. За пяць хвілін да сірэны адставанне было мінімальным. Але некалькі памылак зрабілі нават нічыю немагчымай.

У выніку "Магдэбург" дагнаў "зебраў" і "лісаў". Тры клубы дзеляць першае месца. Але "Магдэбург" згуляў на адзін матч болей.


Report Page