Персанаж атрымлівае ліст з пагрозамі
čaborka— Ужо дзевяць гадзін, чаму вы не ў ложках?
Андрэй ускінуў галаву, быццам бы жонка звярталася да яго. Яна заўважыла гэта і пасміхнулася, а потым ізноў павярнулася да сыноў, якія, у адрозненне ад мужчыны, або сапраўды нічога не пачулі, або зрабілі выгляд. Даніла, зрэшты, міжволі хіхікнуў, выдаючы сябе і брата. Нічога дзіўнага — акрамя таго, што ён быў малодшым, дык яшчэ і характар меў такі ж прастадушны, як і яго маці. Старэйшы ж, Пятрусь, хутчэй пайшоў у яго самога — вядомая справа, што цяжка ацаніць, ці дацягвае дзевяцігадовы хлопчык сваёй хітрасцю да бацькі-бізнэсмэна, але Андрэй быў упэўнены, што аднойчы яго справа пяройдзе менавіта яму.
— Вы глухія, ці што? Пятрусь, Даніла, ану пайшлі ў ложкі!
— Ну ма-ам.
— Не мамкаць мне тут! Тое, што ў вас канікулы, не значыць, што можна не спаць цэлую ноч!
— Агата,— Андрэй таксама пасміхнуўся і кінуў хуткі позірк на дзяцей. Смешныя яны былі — хоць і адразу зразумелі, што бацька на іх баку, але ж усё адно ўтаропіліся ў яго перапоўненымі надзеяй вачыма.
— Я ведаю, што ты хочаш сказаць,— жонка склала рукі на грудзях, абапіраючыся плячом аб вушняк.— Але мой адказ: «не». Нам заўтра збірацца ў вёску, я не хачу, каб яны капрызілі ўсю дарогу...
— Мы не будзем!— у адзін голас выгукнулі сыны, але тут жа прыціхлі пад строгімі позіркамі абаіх бацькоў.
— Да таго ж, сам ведаеш, што ў такі час па тэлевізары ідзе. Зараз наглядзяцца сваіх перадач пра злачынствы ды забойствы, а потым ноччу не заснуць.
— Тады ты позна спахапілася,— Андрэй узяў у рукі непрачытаныя яшчэ лісты, намякаючы жонцы, што ён занадта заняты для доўгай спрэчкі,— яны ўсе гэтыя крывавыя перадачы ўжо па трэцім коле глядзяць. Дый у вёсцы тэлевізар якраз зламаўся, дай дзецям тут наглядзецца, пакуль не паехалі.
— Як зламаўся?— Пятрусь ізноў павярнуўся да яго, гэтым разам выглядаючы перапалоханым.
— Кінэскоп паляцеў,— мужчына паціснуў плячыма, а потым працягнуў.— У вас дваццаць хвілін, бахуры.
— Ура!
— Дзякуй!
Агата толькі смяшліва закаціла вочы і выйшла ў калідор, каб з гарадскога патэлефанаваць нейкай сваёй знаёмай, якую хацела папрасіць прыгледзець за кватэрай, пакуль іх не будзе.
Андрэй заўсёды здзіўляўся, навошта жонка на кожны іхні ад'езд просіць кагосьці правяраць кватэру. Так, грошай у іх, у адрозненне ад большасці іх суседзяў, было нямала, але хто рызыкне сунуцца ў кватэру мясцовага афіцыйна бізнэсмэна і неафіцыйна «бандыта», як пра яго ўсе шапталіся? У рэшце рэшт, быць рызыкоўным – гэта яго прэрагатыва.
Мужчына задаволена хмыкнуў, смеючыся з уласнага жарту, і пачаў адкрываць канверт з лістом ад яго напарніка. Той пісаў навіны па кантрабандных пастаўках цыгарэт у Летуву, дый усё здзіўляўся, як добрая яны ідуць і як шмат грошай прыносаць. Калі б Сярога толькі ведаў, колькі насамрэч Андрэй зарабляў на гэтых цыгарэтах! Столькі, што дзяліцца ні з ім, ні з Мішам, ні з Кірылам жадання не было. Дый навошта гэта было рабіць? Паўгады таму Андрэй упершыню паспрабаваў прыхаваць ад партнёраў па бізнэсе частку прыбытку, а тыя нічога так і не заўважылі. А пакуль скаргаў няма, значыць, няма і праблем.
Андрэй ляніва перабіраў далейшыя лісты, частка з якіх належала Агаце. Унутры напэўна захоўваліся паштоўкі з віншаваннямі з нядаўнім юбілеем. Мужчына міжволі зірнуў на дзверы залі, міма якіх якраз праходзіла жонка — у дамашнім халаце і тапках, але ў дарагіх завушніцах, якія ён ёй падарыў.
Даніла таксама заўважыў маці і падбег да яе, каб абняць. Пятрусь адразу ж пачаў кпіць з малога, маўляў, спужаўся, баязлівец. Андрэй толькі пакачаў галавой і краем вуха пачуў з тэлевізара нешта пра чарговую ахвяру чарговага забойцы.
Сённяшні вечар ішоў асабліва прыемна, менавіта такім і павінен быць час з сям'ёй пасля працы — спакойны і мірны. Мужчына расслаблена адкінуўся на спінку фатэля, збіраючыся ўжо глядзець тэлевізар разам з сынамі, як бакавым зрокам заўважыў на стале яшчэ адзін канверт. Акрамя таго, што Андрэй не разумеў, хто і па якой справе яму мог зараз пісаць, бо звычайна колькасць сваёй карэспандэнцыі ён ведаў напэўна, дык і загадкавае пасланне не дало адказу — адсутнічаў не толькі адрас адпраўніка, але нават і адрас атрымальніка.
Унутры не было нічога, акрамя запіскі на дробным кавалачку паперы. Почырк быў незнаёмы, ніякага подпісу не было ўвогуле. Толькі адзначыўшы гэта, Андрэй звярнуў увагу на тэкст ліста.
«Ты думаеш, мы тупыя?! Ты думаеш, мы не ведаем, адкуль у цябе столькі бабла ўзялося?! Вярні грошы, паскуда! Калі праз тыдзень бабак не будзе — здохнеш разам са сваёй сям'ёй!!!»
Магчыма, хто-небудзь іншы адразу б спужаўся. Мужчына толькі скептычна перачытаў тэкст яшчэ два разы і так і не зразумеў нічога. Калі гэта былі яго партнёры па бізнэсе — то навошта ім пісаць яму ліст з пагрозамі? Асабліва з улікам на тое, што на апошняй сустрэчы яны не выказвалі ані ценю варожасці. Няўжо і праўда даведаліся? Але чаму не патэлефанавалі ці асабіста не прыйшлі? Яшчэ і гэты незнаёмы почырк. І інфармацыя такая агульная, быццам хтосьці наўмысна намагаўся змімікраваць пад аднаго з яго напарнікаў, але міжволі не выдаць сябе няведаннем дэталяў.
Андрэй раздражнённа цыкнуў языком, чым прыцягнуў увагу старэйшага сына. Пятрусь нічога не спытаў, але цікаўны позірк выдаваў яго з галавой. Мужчына вырашыў таксама маўчаць і кіўнуў хлопчыку на тэлевізар, а сам ізноў утаропіўся позіркам у запіску.
Мабыць, гэта ўсё было дурным жартам. Можа суседскія хлапчукі, якія, як Андрэй ведаў, недалюблівалі і дражнілі яго дзяцей, асабліва поўненькага Пятруся, вырашылі ў чарговы раз пакпіць з іх. Ці можа гэта і праўда ягоныя напарнікі, але доказаў у іх няма, а ёсць толькі падазрэнні — вось яны і спрабуюць такім чынам вывесці яго на чыстую ваду?
Імаверна, нешта з гэтага. Андрэй кіўнуў сам сабе: найлепшым рашэннем было б трымаць рот на замку і назіраць за абстаноўкай.
Мужчына ўзяў у рукі канверт і яшчэ раз уважліва агледзеў. Нічога. Андрэй спадзяваўся знайсці дату, каб зразумець, адкуль пачынаецца дадзены на вяртанне грошай тыдзень, але так і не знайшоў. Стала нават крыху трывожна — якраз дзесьці тыдзень яго і не было, а пошту ў гэты час ніхто не забіраў. Ці мог ужо гэты тэрмін закончыцца?
З тэлевізара пачуўся гук страляніны і ад нечаканасці абодва сыны падскачылі на месцы і ўскрыкнулі. Агата, быццам толькі гэтага і чакала, зайшла ў пакой і пагнала хлопчыкаў спаць, абураючыся, што цяпер яны напэўна не заснуць.
— Дабранач!— сказалі абодва бацьку і выйшлі з пакою з маці, пакідаючы Андрэя ў самоце.
Справы дрэнь. Упэўненасць мужчыны знікла быццам бы адначасова з тым, як сямейнікі выйшлі з залі. Колькі часу цяпер ёсць на назіранні і прыняцце рашэнняў ён не ведаў.
Андрэй устаў з фатэля, каб завесіць шторы. Хвалявацца, мабыць, і не варта было — заўтра раніцай яны адзін чорт з'язджаюць да бацькоў Агаты тыдні на два. Пра гэта ён нікому не сказаў, таму, нават калі таемнае пасланне і было праўдай — яны будуць у бяспецы.
Мужчына ізноў кіўнуў сабе, пагаджаюся з уласнымі думкамі. Ужо адыходзячы ад вакна, ён краем вока быццам бы вычапіў машыну Кірыла, але калі тая і сапраўды праязджала міма, то калі Андрэй вярнуўся назад, яна ўжо з'ехала.
Нічога, хутка яны і з'едуць. Трэба было толькі пачакаць да раніцы.