Перамога зборнай БССР у камандным юнацкім першынстве Савецкага Саюза 1956 года

Перамога зборнай БССР у камандным юнацкім першынстве Савецкага Саюза 1956 года

Віталь Аніська

Самым значным сваім трэнерскім дасягненнем Ізраіль Самойлавіч Бельскі лічыў перамогу зборнай БССР у камандным юнацкім першынстве Савецкага Саюза 1956 года. Успомнім, як гэта было.

Спаборніцтвы праходзілі ў жніўні ў Растове-на-Доне, кожная каманда складалася з пяці чалавек 1938 г.н. і маладзей.

Адборачным да іх было заяўлена першынство Беларусі, якое прайшло ў Мінску з 25 чэрвеня па 7 ліпеня. Першым стаў Марк Гелер, другім – Леанід Сямёнаў. 3-6 месцы падзялілі Уладзімір Дашкевіч, Сямён Клейнберг (абодва – Мінск), Віктар Рыбакоў (Віцебск) і самы юны ўдзельнік турніру Аляксандр Каганер 1942 г.н. (Магілёў).

Перад выездам быў праведзены 14-дзённы вучэбна-трэніровачны збор, трэнерам на які запрасілі майстра спорту Макса Шавеля. Акрамя першай шасцёркі рэспубліканскага першынства (за выключэннем Клейнберга) у склад удзельнікаў збору ўключылі ўвайшоўшых у дзясятку Аркадзя Плакхіна (Полацк), Арнольда Футарнага (Магілёў), мінчан Віктара Прыяткіна, Леаніда Шапіру і Уладзіміра Граковіча, які па нейкай прычыне ў першынстве не гуляў.

Пасля збору была сфарміравана каманда БССР і ў яе трапілі не ўсе ігракі, добра згуляўшыя ў першынстве рэспублікі. Вядома, што Клейнберг паступаў у інстытут, у Аркадзя Плакхіна ўзніклі праблемы з атэстатам. Магчыма, нешта перашкодзіла і астатнім.

У выніку, пасля шматлікіх замен у каманду ўвайшлі Марк Гелер, Леанід Сямёнаў, Уладзімір Дашкевіч, Віктар Прыяткін і Уладзімір Граковіч. Усе яны былі выхаванцамі кіраўніка шашачнага гуртка Мінскага Палаца піянераў Ізраіля Бельскага, які таксама паехаў на спаборніцтвы трэнерам-прадстаўніком.

Цікава, што ў загадзе аб камандзіраванні, які захоўваецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, ёсць прозвішчы шасці спартсменаў. Верагодна, планавалі ехаць з запасным іграком. Але Аляксандра Каганера выкраслілі ручкай з ужо надрукаванага загаду. Наўрад ці мы ўжо калі-небудзь даведаемся па якой прычыне. 

У Растоў-на-Доне прыехалі 12 каманд саюзных рэспублік, Масквы і Ленінграда. Па выніках паўфінальнай стадыі, дзе іх падзялілі на дзве групы, былі сфарміраваны фіналы за 1-4, 5-8 і 9-12 месцы. У галоўны фінал выйшлі зборныя Масквы, Ленінграда, РСФСР і БССР.

У стартавым туры фіналу РСФСР была мацней за Ленінград 3-2, а наша каманда з такім жа лікам перамагла Маскву. На першай дошцы Гелер чорнымі выйграў у моцнага кандыдата ў майстры Чэчыкава.

1. cd4 fg5 2. bc3 gh4 3. gf4 gf6 4. fg5 hf4 5. eg5 hg7 6. gh6 dc5 7. de3 cd6 8. cb4 ba5 9. db6 ac7 10. ed4 dc5 11. bd6 cc3 12. cb2 cd2 13. ec3 fe5 14. cd4 ec3 15. bd4 ab6 16. ab4 ba5 17. bc5 gf6 18. ab2 dc7 19. cb6 ab4! 20. bd8 ed6 21. dg5 hf6 – пры дапамозе ахвяры шашкі чорныя атрымалі перавагу.

22. fe3 de5 23. dc5 bd6 24. bc3 bc7 25. cb4 cb6 26. ba5 bc5 27. hg3 ed4 28. gf4 df2 29. ge3 fg5 30. ed4 ge3 31. df2 de5 32. fe3 ed4 33. ef4 dc3 і пасля белыя здаліся.

На другой дошцы Сямёнаў белымі перамог Абацыева.

1. ba3 dc7 2. cd2 cb6 3. de3 bc7 4. ed2 ba5 5. dc3 cb6 6. ab4 ef6 7. fg3 fe5 8. df6 bc5 9. gf4 ca3 10. ed4 ab4 11. ca5 de5 12. fd6 ab2 13. fg7 hf8 14. de7 fd6 15. dc5x

У другім туры зборная Беларусі згуляла ўнічыю з Ленінградам, а каманда РСФСР перамагла Маскву з лікам 3-2. Перад апошнім турам становішча было такім: 1. РСФСР – 6 ачкоў 2. БССР – 5,5 3. Ленінград – 4,5 4. Масква – 4 ачкі. Такім чынам, каб стаць першай нашай камандзе трэба было перамагаць лідара. І яна зрабіла гэта! Вырашальнае ачко прынёс Граковіч, які чорнымі выйграў у П’янкова.

1. ed4 dc5 2. fe3 cd6 3. cb4 fg5 4. bc3 ba5 5. db6 ac5 6. gh4 gf4 7. eg5 hf4 8. gf2 ef6 9. fg3 dc7 10. ge5 fb2 11. ac3 gf6 12. de3 hg7 13. cd2 fe5 14. ef4 eg3

15. hf2? (прайграе, трэба было біць наперад) gh6 16. fe3 hg5 17. hg3 gh4 18. gf4 fg7 19. ef2 gh6х

Масква перамагла Ленінград 3-2 і заняла трэцяе месца.

Беларускай камандзе ўручылі пераходны кубак, дыпломы і каштоўныя прызы. Гелер і Сямёнаў сталі лепшымі на 1-й і 2-й дошках, Граковіч і Прыяткін – другімі на 3-й і 4-й адпаведна.

Лідары каманды Марк Гелер і Леанід Сямёнаў

Сімвалічна, што гэтую перамогу выхаванцы Ізраіля Бельскага атрымалі ў горадзе, у якім пачатак Вялікай Айчыннай вайны застаў на апошнім у яго жыцці турніры Іллю Гардона. Менавіта ў Іллі Сямёнавіча, 10-разовага чэмпіёна Беларусі, пачынаў займацца шашкамі ў Мінскім Палацы піянераў Ізраіль Бельскі ў 1936 годзе.

Крыніцы: НАРБ (фонды 934 і 1163), кнігі "Шашки в БССР", "Шашечные партии белорусских мастеров", газеты "Чырвоная змена", "Знамя юности", часопіс "Шахматы в СССР", успаміны Аркадзя Плакхіна, Вячаслава Палянскага і Барыса Плоткіна.

Report Page