Павяртаюцца буслы (пераклад з вугорскае)

Павяртаюцца буслы (пераклад з вугорскае)

Тот Крысціна

Рыэлтар акуратна глянуў на жанчыну. Так, каб не ўбачыла. Тая падалася яму вельмі бледнай, быццам бы ачуньваючы ад доўгай хваробы. Ён ужо некалькі тыдняў пісаў ёй і прапаноўваў розныя кватэры, але яна адказвала толькі тое, што ёй не падабаецца. Падчас пошукаў выявілася, што яна жыве ў першым раёне. Пакуль яшчэ не было ясна, навошта цалкам выключаць раён, у якім яна дагэтуль жыла, да таго ж, нават усё наваколле.

Рыэлтар зрабіў для сябе выснову, што жанчына разводзіцца з мужам. Калі ў людзей разрываецца шлюб, яны хочуць працягнуць жыццё ў новым месцы, як мага далей ад былога дома. Многія пераязджаюць у вёскі, альбо з сямейнага дому ў новую кватэру і з роспачам намагаюцца сцерці нарысы мінулага жыцця. Вось пра што думаў мужчына, пакуль яго думкі не перарваў тэлефон жанчыны. Яны толькі-толькі мінулі шыльду “Будапешт”, і жанчына сказала па тэлефоне, што яны ад'язджаюць ад горада. Яна паабяцала мужчынскаму голасу, што патэлефануе, як толькі скончыць справы. Яна гаварыла пяшчотна і кахаючы, і некалькі разоў паўтарыла, што дакладна вернецца да чацвёртай гадзіны.

“То быў мой муж”, – патлумачыла яна, скончыўшы выклік.

З гэтай кароткай размовы рыэлтар зразумеў, што жанчына не разводзіцца. Калі б збіралася, яна б не гутарыла так з мужам. Ён зноў зірнуў на жанчыну з нагодай разглядзець пад яе вясеннім паліто, ці не цяжарная яна? Калі яна ўпершыню да яго звярнулася, ён спытаў, ці хоча яна, каб дом быў з садам, альбо каб побач быў дзіцячы садок, то бок, пытанні, якія ён задае ўсім звычайным сем’ям, але жанчына на ўсё казала, што гэта не мае значэння. З гэтага адказу мужчына зрабіў выснову, што жанчына яшчэ не мае дзіця, і цяпер ён позіркам намагаўся разглядзець, ці быў яе жывот выпуклы.

Не быў. Маладая паненка была настолькі худой, быццам бы можна было глядзець скрозь яе. Калі ж яна і чакала дзіця, яна мусіла быць на раннім этапе цяжарнасці, бо па ёй нічога не было бачна. Яны прыбылі на зялёную вуліцу. Рыэлтар прыпаркаваўся. Ён паклікаў домаўладальніка, які ўжо ішоў да іх з боку саду. Два дружалюбныя сабакі беглі каля яго.

Яны бегалі вакол новапрыбылых, але жанчына не глядзела на сабак. Яны ўвайшлі і домаўладальнік правёў іх па лесвічным пралёце і спыніўся перад парадным уваходам. Пройдучы наперад, жанчына нахілілася зняць боты. Домаўладальнік хітнуў жестам, што можна і не здымаць, а рыелтар дастаў тымчасам з торбы маленькі мяшочак. Ён выняў адтуль некалькі поліэтыленавых пакецікаў, падобных на тыя, што ў гатэлях даюць жанчынам, каб надзявалі на валасы перад душам.

“То бахілы. Не здымайце боты, проста надзеньце іх”.

Раптам жанчына зрабілася мяртвенна бледнай і апусцілася на фатэль. Яна сядзела ў ім з млявым тварам і не рухалася.

“Ці кепска вам?” – спалохана спытаў домаўладальнік прыкладна яе ўзросту.

“Толькі не крыўдзіцеся, але я не надзену іх. Я хачу дадому”.

Мужчыны паглядзелі адзін на аднаго з непаразуеннем. Першым загаварыў рыэлтар. “Паколькі ж мы так далёка заехалі, прынамсі акіньце дом вокам, – сказаў ён жанчыне, – Ён вельмі прыгожы”. У гэты час домаўладальнік прынёс кубачак вады і запэўніў жанчыну, што яна спакойна можа праходзіць у сваіх ботах. Маладая паненка ўсё яшчэ трымала бахілы ў руках. Яна завагалася, кінула позірк на домаўладальніка і паўтарыла, амаль плачучы:

“Я не буду іх надзяваць”.

Рыелтару падумалася, што гэтая далікатная жанчына можа быць звар’яцелай, а ён дагэтуль і не бачыў. Домаўладальніку падалося, што ён нешта зразумеў. Ён асцярожна забраў бахілы з рук жанчыны і акуратна ўзняў яе, бы кагосьці цяжка хворага і правёў у пакой. Прасторная гасцёўня купалася ў святле, а вялізарныя хатнія расліны стваралі атмасферу трапічнай пальмавай хаты.

Жанчына зірнула на домаўладальніка, і гледзячы ў яго спачувальны, прыязны твар, працягнула, на чым спынілася:

“Я больш такога не надзену. Яна ўвесь час была там, у стэрыльным пакоі. Мы заўсёды цалкам пераапраналіся, надзявалі бахілы. Нават яе цацкі мусілі быць дэзынфектаванымі. Мы былі вельмі акуратнымі, ўсё чысцілі. Нам абяцалі, што яе вылякуюць. Чаму яе не вылекавалі?” – яна глядзела на мужчын з пытаннем у вачах, чакаючы ад іх адказу.

“Я не ведаю, – домаўладальнік схіліў галаву. – Часам і яны не ведаюць. Але яны напэўна зрабілі ўсё магчымае”.

Яна кіўнула, а затым павольна і задуменна ўзглянула ўгору. Жанчына азіралася, быццам бы пакрысе прачынаючыся ад сну.

“Як далёка мы ад Будапешта?”

“Не вельмі далёка”, – сказаў домаўладальнік.

“Але мы выехалі за горад”, – дадаў рыэлтар.

“Добра, – адказала яна абодвум. – Які цяпер месяц?”

“Красавік”.

“Красавік. Значыць, ужо павяртаюцца буслы”, – сказала яна і ўрэшце ўстала.

Report Page