Павел Савіцкі вяртаецца ў “Нёман”: чакаць любві ад фанатаў не прыходзіцца

Павел Савіцкі вяртаецца ў “Нёман”: чакаць любві ад фанатаў не прыходзіцца

Руслан Кулевіч, MOST
Павел Савіцкі ў форме "Дынама" каля фанацкага сектара "Нёмана" Фота: Руслан Кулевіч

12 студзеня прэс-служба гарадзенскага “Нёмана” аб’явіла аб вяртанні ў каманду 27-гадовага беларускага нападніка Паўла Савіцкага. Футбаліст са скандалам у 2017 годзе перайшоў у клуб галоўнага ворага “Нёмана” – Дынама-Брэст”. Гарадзенскія фанаты тады не ацанілі ўчынак Савіцкага, сказаўшы, што дзеля грошай ён здрадзіў роднай камандзе. Таму сёння вяртанне былога лідэра ў Гродна не ва ўсіх выклікае станоўчыя эмоцыі.

Савіцкі з 2018 года абараняў колеры брэсцкага “Дынама”, пасля чаго перайшоў у “Рух”. У складзе “Руху” Савіцкі правёў 28 афіцыйных паядынкаў, у якіх забіў 4 мячы і аддаў 5 дзейсных перадач. Кантракт з "Нёманам" у Савіцкага разлічаны на год.

Фанаты не прымуць

Адзін з лідэраў фанацкага руху GrodnoUltras Віталь Будзько кажа, што Савіцкі не вельмі прыгожа пакінуў родны клуб у 2018 годзе, калі перайшоў у склад “Дынама”. Таму падтрымліваць яго актыўны сектар “Нёмана” не плануе.

У фанатаў будзе не самая аб’ектыўная на ягоны конт думка. Магчыма, на дадзены момант “Нёман” для сённяшняга ўзроўня Савіцкага гэта мяжа, і тут сама камфортна зарабляць грошы моцна не напружваючыся”, – сказаў Віталь Будзько.

Другі сезон запар фанаты “Нёмана” байкатуюць матчы каманды. Спачатку гэта было звязана с каронавірусам, а пасля пратэст быў звязаны с палітычнай сітуацыяй у краіне. Напэўна, ў 2022 годзе актыўны сектар “Нёмана” працягне байкот матчаў каманды з-за палітычнай сітуацыі ў краіне.

Павел Савіцкі і Валеры Жукоўскі падчас гульні на гарадзенскім стадыёне ў 2018 годзе. Фота: Руслан Кулевіч

Бытавы пераход

Спартовы аглядальнік з Гродна Яўген Лебедзь таксама лічыць, што мясцовыя фанаты не прымуць Савіцкага, а яго вяртанне ў “Нёман” – чыста бытавы пераход.

Любы чалавек рана ці позна хоча вярнуцца ў родны горад, дзе жывуць твае блізкія, дзе табе пасля тулянняў па іншых гарадах спакойна і камфортна. Такі ж шлях, напрыклад, да Савіцкага прарабіў Аляксей Лягчылін. Узмоцніць “Нёман”, ці не, сказаць цяжка. Мы не ведаем, якім будзе склад каманды ў сакавіку-красавіку, мы не ведаем, у якой форме знаходзіцца гулец. Ці прымуць яго фанаты? Не. Яны не прынялі яго, калі ён падышоў да трыбуны пасля першага матча ў Гродне ў складзе “Дынама”. Думаю, што і зараз нічога не памяняецца. Памятаеце вяртанне Дзенісевіча з “Шахцёра”? Яго таксама не прынялі. Гарадзенскія фанаты адрозніваюцца прынцыповасцю ў гэтых пытаннях. Хаця, мне здаецца, Савіцкаму будзе ўсё роўна, ён паспрабуе надаць увагу гульні, наколькі гэта магчыма. Асабіста мне ўсё роўна, што вярнуўся Савіцкі. Калі б з Брэста ён з’ехаў гуляць у Маскву, я б таксама не здзівіўся і ніяк не адрэагаваў”, – сказаў Лебедзь.

Павел Савіцкі і старшыня праўлення ФК "Нёман" Мечыслаў Гой пасля падпісання новага кантракта. Фота: прэс-служба "Нёмана"

У мінулым сезоне “Нёман” спыніўся на 11-м радку ў турнірнай табліцы. Галоўны трэнер каманды Ігар Кавалевіч падчас чэмпіянату збіраўся пакінуць сваю пасаду, але ў новым годзе падпісаў новы кантракт з гарадзенскай камандай.








Report Page